wd wp Пошук:

Гервазы Людвік Аскерка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Аскерка.

Гервазы Людвік Аскерка (17001771) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія

Займаў пасады мазырскага гродскага старосты1724), вялікага чашніка (1748—1764), і рэферэндара літоўскага1764). Быў пасол на соймы 1724, 1726, 1733 (надзвычайны), 1733 (канвакацыйны), 1740, 1744, 1746, 1748, 1750, 1752, 1760, 1764, 1766.

У 1733 абраны палкоўнікам Мазырскага павета і падпісаў выбар каралём Станіслава Ляшчынскага. Прымаў актыўны ўдзел у барацьбе пасэсараў «нойбургскіх уладанняў» супраць Радзівілаў. У 1737 абраны дэпутатам і быў кандыдатам на пасаду маршалка Трыбунала ВКЛ, але стаў маршалкам Скарбовага трыбунала.

З пачатку 1740-х гадоў супрацоўнічаў з Сапегамі і Чартарыйскімі. Разам з ковенскім гродскім старостам Шыманам Сіруцем дапамог Сапегам атрымаць большасць на рускай кадэнцыі Трыбунала ВКЛ 1742. Перад Трыбуналам ВКЛ 1743 Гервазы Людвік Аскерка лічыўся супольным кандыдатам Чартарыйскіх і Сапегаў на пасаду трыбунальскага маршалка. Дапамог лоўчаму ВКЛ Міхалу Антонію Сапегу быць абраным дэпутатам у Мазыры і стаць трыбунальскім маршалкам.

У канцы жніўня 1743 Чартарыйскія перад спробай стварэння антыкаралеўскага рокаша ў ВКЛ сабралі на нараду ў Воўчыне сваіх прыхільнікаў, сярод якіх быў і Гервазы Людвік Аскерка. У 1747 разглядаўся як магчымы кандыдат на пасаду маршалка Трыбунала ВКЛ 1748. Карыстаўся нават падтрымкай непрыхільных яму Радзівілаў, але адмовіўся дамагацца пасады.

Падтрымліваў праграму Чартарыйскіх па рэформе дзяржаўнага ладу. Сярод іх прыхільнікаў знаходзіўся і пасля разрыву Чартарыйскіх з каралеўскім дваром. У маі 1764 быў паслом Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у Пецярбург для забеспячэння расійскай падтрымкі Чартарыйскім і іх кандыдату на трон Станіславу Аўгусту Панятоўскаму.

У 1768 выступаў супраць запрашэння расійскіх войскаў супраць Барскай канфедэрацыі.

Сям’я

Сын новагародскага кашталяна Антонія Аскеркі і Соф’і з Календаў. Меў братоў Рафала Алойзыя, Міхала Стэфана, Казіміра Мацея, Марціна Тэадора і Багуслава Леапольда.

Ажаніўся з Тэрэзай Тызенгаўз, дачкой вялікага літоўскага пісара Міхала Бенядзікта Тызенгаўза.

Пакінуў сыноў Людвіка, Ігнацыя і Караля Гервазыя, дачок Канстанцыю Марыю (жонка канюшага ВКЛ Дамініка Александровіча), Караліну Элеанору (жонка жамойцкага старосты Антонія Ануфрыя Гелгуда), Анелю Ганну (жонка Яна Зялінскага).

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Аскеркі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1700 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Рэферэндары вялікія літоўскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Чашнікі вялікія літоўскія
Катэгорыя·Старосты мазырскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1771 годзе