Андрэй Аляксандравіч Уцюрын (руск.: Андрей Александрович Втюрин; 28 ліпеня 1971, Пенза, Пензенская вобласць, РСФСР, СССР) — ваенны дзеяч Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся 28 ліпеня 1971 года ў Пензе. Бацька — ваенны, у савецкі час быў камандзірам вайсковай часці 3214 у Мінску[1].
У 1992 годзе скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча(укр.) бел. МУС Расіі, у 2002 годзе — Акадэмію МУС Беларусі.
З 1995 года працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько ўспамінаў, што ў сакавіку 2006 года, калі яго арыштавалі пасля прэзідэнцкіх выбараў, у камеру да арыштантаў заходзіў Уцюрын:
Уцюрын, не зняўшы норкавай шапкі, пытаўся нас, хто мы, а мы, васьмёра нас было ў камеры, стаялі перад імі і адказвалі. І, калі хто адказваў яму па-беларуску, нянавісць закіпала ў ім і аж вусны яму крывіла…[2] |
Кіраўнік Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з 17 ліпеня 2007 года[1] па 11 верасня 2014 года[3]. 11 верасня 2014 года прызначаны намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі[3][4].
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, 2 лютага 2011 года быў унесены ў Чорны спіс Еўрасаюза[5]. Згодна з рашэннем Савета Еўрапейскага саюза ад 15 кастрычніка 2012 года Уцюрын як начальнік атрада бяспекі прэзідэнта быў прызнаны адказным за камандаванне супрацоўнікамі яго службы, якія ўдзельнічалі ў допытах палітычных актывістаў пасля Плошчы 2010[6].
Пад канец красавіка 2019 года з’явілася інфармацыя, што КДБ Беларусі затрымаў Уцюрына[7], а яго катэдж у Драздах-2 апячатаны[8]. 30 красавіка стала вядома, што ўказам ад 24 красавіка Лукашэнка звольніў Уцюрына з пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі «за ўчыненне праступкаў, якія дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага»[9][10]. 4 мая следчае ўпраўленне КДБ паведаміла, што Уцюрын быў затрыманы разам з доказамі злачынства пры атрыманні 148600 долараў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Беларусі[11][12].
11 мая 2019 года Лукашэнка паведаміў, што Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бяспекі і ўжо на працягу амаль двух гадоў знаходзіўся пад кантролем спецслужбаў, у якіх было шмат фактаў аб яго проціпраўнай дзейнасці. Паводле Лукашэнкі, Уцюрына затрымалі з доказамі злачынства, калі «150 тысяч долараў яму чарговы раз прывезлі расіяне»[10].
Справу Уцюрына Вярхоўны суд Беларусі пачаў разглядаць 10 сакавіка 2020 года; у працэсе некалькі разоў абвяшчаліся працяглыя перапынкі. Агулам на лаве падсудных апынулася 16 чалавек.
27 ліпеня 2020 года Вярхоўны суд прызнаў Уцюрына вінаватым у атрыманні і падбухторванні да дачы хабару і па сукупнасці злачынстваў прызначыў 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, прысудам суда Уцюрын быў пазбаўлены звання палкоўніка і яму было забаронена на працягу пяці гадоў займаць пэўныя пасады[13].