wd wp Пошук:

Адоніс вясновы

Адо́ніс вясновы[4], Гарыцвет, Жаўтацвет вясенні[5], Чараквет[6] (Adonis vernalis) — від кветкавых раслін з роду Адоніс (Adonis) сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae).

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя Якаба Штурма з кнігі «Deutschlands Flora in Abbildungen», 1796

Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 15—30 см з кароткім, тоўстымі каранямі буравата-чорнага колеру[4]. Сцёблы нешматлікія, галінастыя ад сярэдзіны, прамастойныя. Лісце чаргаванае па даўжыні сцябла, складанае, рассечанае на лінейныя ніткападобныя долі. Кветкі бледна-жоўтага колеру, буйныя (да 5 см і больш у дыяметры[7]). Плод — шматарэшак. Арэшкі валасістыя, з падобным на кручок носікам[4].

Распаўсюджанне і экалогія

Еўраазіяцкі від раслін, пераважна распаўсюджаны ў стэпавай і лесастэпавай зонах. Святлолюбівая расліна, ксерафіт і мезафіт, мезатроф і эўтроф[7]. Цвіце ў красавікумаі, плады паспяваюць у чэрвені[4].

Фармакалагічныя ўласцівасці і выкарыстанне

Лекавая, дэкаратыўная і фарбавальная расліна. Расліна ядавітая[7].

Па характары ўздзеяння прэпараты адоніса вясновага належаць да групы сардэчных гліказідаў і займаюць прамежкавае месца паміж страфанцінам і наперстаўкай. Адоніс вясновы мае кардыятанічнае дзеянне[8], запавольвае рытм сэрца, падаўжае дыясталу, ўзмацняе сісталу, павялічвае ўдарны аб’ём крыві, умерана тармозіць ўнутранасардэчную праводнасць. Дзеянне адоніса вясновага адбываецца хутчэй, але яно карацей і слабей дзеяння дыгіталіса. Прэпараты адоніса вясновага паказаны пры сардэчнай недастатковасці, якая суправаджаецца парушэннем праводнасці, таму што дыгіталіс у такіх выпадках можа выклікаць з’явы сардэчнага блоку. Прэпараты адоніса вясновага, у параўнанні з іншымі гліказідамі, маюць больш выяўленае седатыўнае і дыўрэтычнае дзеянне. Апошняе звязана з утрыманнем у расліне цымарыну, які мае высокую біялагічную актыўнасць. Характар дзеяння цымарыну блізкі да страфанціну, але ён мае болей выяўленыя кумулятыўныя ўласцівасці. У параўнанні з наперстаўкай кумулятыўныя ўласцівасці гліказідаў адоніса вясновага значна меншыя. Адоніс вясновы выкарыстоўваецца пры функцыянальных неўрозах сэрца, вегета-сасудзістай дыстаніі, інфекцыйных захворваннях, што праходзяць з паслабленнем сардэчнай дзейнасці пры нервова-псіхічных хваробах, нырачных захворваннях са з’явамі недастатковасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і пры вострых прыступах глаўкомы. Гарыцвет вясновы — старажытны народны сродак лячэння сардэчных і нырачных захворванняў. Яго выкарыстоўвалі пры ацёках сардэчнага паходжання, як заспакаяльны сродак пры сутаргах, кашлі, асабліва пры коклюшы, як болесуцішальны сродак — пры рэўматычных болях у суставах і мышцах. Гарыцвет вясновы ўжывалі і пры эмфізэме, запаленні і сухотах лёгкіх, пры ліхаманцы, вадзянцы, жаўтусе, тыфе, грыпе і шкарлятыне, а ў выглядзе прысыпак — пры раненнях.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Linnaeus C. Species Plantarum: Exhibentes plantas rite cognitas ad genera relatas — 1753. — Т. 1. — С. 547.
  4. 1 2 3 4 Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  5. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 9. — 160 с. — 2 350 экз.
  6. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  7. 1 2 3 Адонис весенний: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)
  8. кардыятанічныя прэпараты

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Артыкулы пра расліны без GRIN
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Фарбавальныя расліны
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1753 годзе
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Казяльцовыя (падсямейства)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Ядавітыя расліны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Лекавыя расліны
Катэгорыя·Дэкаратыўныя садовыя расліны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак