wd wp Пошук:

Абрам Пятровіч Ганібал

Абрам Пятровіч Ганібал (1696, Абісінія1781, Суйда, Расійская імперыя) — расійскі ваенны інжынер, генерал-аншэф, прадзед А. С. Пушкіна. Ібрагім быў сынам чарнаскурага афрыканскага князя — васала турэцкага султана. У 1703 годзе яго захапілі ў палон і адправілі ў султанскі палац у Стамбуле. У 1704 годзе рускі пасол Сава Рагузінскі прывёз яго ў Маскву, дзе праз год той быў ахрышчаны. Хросным бацькам быў Пётр I, таму ў праваслаўі Ібрагім атрымаў імя па бацьку Пятровіч. З 1756 года — галоўны ваенны інжынер рускай арміі, у 1759 годзе атрымаў званне генерал-аншефа. У 1762 годзе выйшаў у адстаўку. У другім шлюбе ў Ганібала нарадзіўся Восіп Абрамавіч Ганібал — дзед А. С. Пушкіна па кудзелі. Свайму прадзеду А. С. Пушкін прысвяціў няскончаны раман «Арап Пятра Вялікага».

Паходжанне

У біяграфіі Ганібала да цяперашняга часу яшчэ шмат нявысветленага. Сын заможнага князя («негера» высакароднага паходжання, па запісках яго малодшага сына Пятра) Ібрагім (Абрам), нарадзіўся, напэўна, у 1688 (або 1696) годзе ў Афрыцы. Традыцыйная версія, якая ідзе ад знаёмай Пушкіну нямецкай біяграфіі Ганібала, складзенай яго зяцем Роткірхам, звязвала радзіму пятроўскага арапа з поўначчу Эфіопіі (Абісініяй).

Нядаўнія даследаванні выпускніка Сарбоны бенінскага славіста Дзьяданэ Гнаманку, аўтара кнігі «Абрам Ганібал» з серыі ЖЗЛ, які развіў думку Набокава, ідэнтыфікуюць яго радзіму як горад Логан-Бірні на мяжы сучасных Камеруна і Чада, дзе знаходзіўся султанат Логан народа катока, нашчадка цывілізацыі Саа.

Біяграфія

Ібрагім, якому было 7 гадоў, і яго брат былі выкрадзены і прывезены ў Стамбул, адкуль у 1705 годзе Сава Рагузінскі прывёз братоў у падарунак Пятру I, які любіў рэдкасці і кур’ёзы і меў ужо «арапаў». Паводле альтэрнатыўнай версіі (Благі, Туміянц і інш.), Абрам Пятровіч быў куплены Пятром I прыкладна ў 1698 годзе ў Еўропе і дастаўлены ў Расію.

У віленскай царкве Параскевы Пятніцы хлопчыкі прынялі праваслаўе (напэўна, у другой палове ліпеня 1705 года); хроснымі былі цар Пётр (які даў ім і імя па бацьку, і прозвішча «Пятроў») і каралева польская Крысціяна Эбергардзіна, жонка караля Аўгуста II. Ібрагім атрымаў русіфікаванае імя Абрам, яго брат — імя Аляксей. Пра гэта нагадвае адна з мемарыяльных дошак на цяперашнім будынку царквы. Тым часам не ўсе даследчыкі падзяляюць афіцыйную версію хрышчэння Ганібала, думаючы, што хлопчык быў ахрышчаны Пятром прыкладна ў 1698 годзе.

Абрам Пятровіч неадлучна знаходзіўся каля цара, спаў у яго пакоі, суправаджаў ва ўсіх паходах. У дакументах ён тройчы згадваецца нароўні з блазнам Лакостам, але з 1714 года Пётр I давярае яму розныя даручэнні, у тым ліку сакрэтныя, ён робіцца ардынарцам і сакратаром цара. У 1716 годзе паехаў з царом за мяжу. У гэты час Абрам атрымліваў жалаванне 100 рублёў штогод. У Францыі Абрам Пятровіч застаўся вучыцца; прабыўшы 1,5 гады ў інжынернай школе, паступіў у французскае войска, удзельнічаў у Вайне чацвёртага альянсу, быў паранены ў галаву і даслужыўся да чыну капітана. Вярнуўшыся ў Расію ў 1723 годзе, накіраваны ў Праабражэнскі полк інжынер-паручнікам бамбарзірскай роты, капітанам якой быў сам цар.

Пасля смерці Пятра Ганібал (такому прозвішчу ён аддаваў перавагу з канца 1720-х гадоў, у гонар карфагенскага палкаводца Ганібала) прыстаў да партыі незадаволеных узвышэннем Аляксандра Меншыкава, за што быў адпраўлены ў Сібір (1727). Па дарозе ў ссылку, у Казані, ён напісаў прашэнне ўсемагутнаму дачасніку:

Не погуби меня до конца… и кого давить такому превысокому лицу — такого гада и самую последнюю креатуру на земли, которого червя и трава может сего света лишить: нищ, сир, беззаступен, иностранец, наг, бос, алчен, жажден; помилуй, заступник и отец и защититель сиротам и вдовицам.

У 1729 годзе загадана было адабраць у Ганібала паперы і трымаць пад арыштам у Томску, выдаючы штомесяц 10 руб. У студзені 1730 года адбылося прызначэнне Ганібала маёрам у табольскі гарнізон, а ў верасні — перавод капітанам ў Інжынерны корпус, дзе Ганібал лічыўся да звальнення ў адстаўку ў 1733 годзе. У гэты час ён быў камандзіраваны ў Пярну вучыць кандуктараў матэматыцы і чарчэнню. У 1731-1733 гг. — камендант Пярнаўскага ўмацаванага раёна.

Паступіўшы ў 1740 годзе зноў на службу, Ганібал пайшоў у гару з узыходжаннем Лізаветы. У 1742 годзе ён быў прызначаны рэвельскім камендантам і ўзнагароджаны мызай Кар’якула і іншымі маёнткамі; лічыўся сапраўдным камергерам. У тым жа годзе Лізавета аддала ў жалаванне яму палацавыя землі ў Варанецкім павеце Пскоўскай правінцыі, дзе Ганібалам была заснавана сядзіба, пазней названая Пятроўскае.

У 1745 годзе Ганібал быў прызначаны загадваць справамі па размежаванні зямель са Швецыяй. Пераведзены ў 1752 годзе зноў у Інжынерны корпус, ён становіцца кіраўніком Інжынернай часткай ўсёй Расіі, кіруе ўзвядзеннем умацаванняў Табола-Ішымскай лініі, а таксама Кранштацкімі, Рыжскімі, у Пецярбургу і іншымі. У 1755 годзе кіруе будаўніцтвам і ўтрыманнем Кранштацкага канала, тады ж, заснаваўшы шпіталь для рабочых на канале, крыху пазней адкрывае ў Кранштаце школу для дзяцей рабочых і майстроў. Узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны (1748) і Св. Аляксандра Неўскага (30.08.1760). Даслужыўся да чыну генерал-аншэфа, Ганібал быў адпраўлены ў адстаўку (1762) і памёр у 1781 годзе. Быў пахаваны на Старых суйдзінскіх могілках; магіла страчана.

Ганібал вёў мемуары на французскай мове, але знішчыў іх. Яго стаўленне да прыгонных было незвычайным для таго часу. У 1743 годзе, здаючы частку вёскі Рагола ў арэнду Іахіму фон Цірэну, ён уключае ў дагавор пункты, якія забараняюць цялеснае пакаранне прыгонных і павелічэнне вызначаных норм паншчыны; калі фон Цірэн парушае гэтыя пункты, Ганібал скасоўвае дагавор праз суд.

Развядзенне бульбы

Вядомы ўклад Ганібала ў развіццё бульбаводства ў Расіі. Першая града бульбы з’явілася ў Расіі яшчэ пры Пятры I. Першы рускі імператар вырошчваў бульбу ў Стрэльні, спадзяючыся ўжываць як лекавую расліну. У 1760-х гадах Кацярына II вырашыла, што «земляны яблык» можна паспрабаваць выкарыстоўваць у галодныя гады, і даручыла Абраму Ганібалу, які быў знаёмы з гэтай культурай, заняцца ў сябе на сядзібе развядзеннем бульбы. Такім чынам, сядзіба Ганібалаў «Суйда» стала першым месцам у Расіі, дзе з’явіліся спачатку невялікія, а потым і шырокія бульбяныя палі, якія неўзабаве перамясціліся і на тэрыторыі суседніх маёнткаў. Сяляне спачатку вельмі насцярожана ставіліся да «землянога яблыка», але ў некаторыя гады бульба ратавала ад голаду, і недавер да яе паступова знік.

Сям’я

Родны брат Абрама Аляксей Пятровіч (названы так, відаць, у гонар царэвіча Аляксея) кар’еры не зрабіў, служыў габаістам у Праабражэнскім палку, быў жанаты на прыгоннай сасланых князёў Галіцыных і апошні раз згадваецца ў канцы 1710-х гадоў; у сям’і Ганібалаў памяць пра яго не захавалася, і пра яго стала вядома толькі ў XX ст. з архіваў пятроўскага часу.

У пачатку 1731 года Абрам Ганібал ажаніўся ў Пецярбургу з грачанкай Еўдакіяй Андрэеўнай Дзіёпер, дачкой афіцэра галернага флоту. Выйшаўшы замуж супраць волі, Еўдакія Андрэеўна, па адной версіі, здрадзіла мужу, што выклікала пераслед і катаванні з яго боку. Па іншай версіі, Ганібал, убачыўшы дзіця — светласкурую і бялявую дзяўчынку, абвінаваціў жонку ў здрадзе, пасля чаго яна паспрабавала атруціць яго з дапамогай кандуктара Шышкова. Справа дайшла да суда; Шышкова неўзабаве прызналі вінаватым, яе ж арыштавалі і трымалі ў зняволенні 11 гадоў у цяжкіх умовах. З матэрыялаў шлюбаразводнай справы вынікае, што Ганібал «біў няшчасную смяротнымі пабоямі незвычайна» і шмат гадоў трымаў яе «пад вартай» на мяжы смерці ад голаду.

Між тым Ганібал пазнаёміўся ў Пярнове з Хрысцінай-Рэгінай фон Шэберг (Christina Regina von Sjöberg), прыжыў з ёй дзяцей і ажаніўся з ёй у 1736 годзе пры жывой жонцы, прад’явіўшы як доказ разводу пастанову суда аб пакаранні за пралюбадзейства. У 1743 годзе Еўдакія, адпушчаная на парукі, зноў зацяжарыла, пасля чаго падала прашэнне ў кансісторыю, у якім прызнавала і мінулую здраду, і сама прасіла развесці яе з мужам. Аднак суд з Еўдакіяй скончыўся толькі ў 1753 годзе; шлюб быў скасаваны 9 верасня 1753 года, жонку ў 1754 годзе саслалі ў Стараладажскі манастыр, а на Ганібала наклалі епіцім’ю і грашовы штраф, прызнаўшы, аднак, другі шлюб законным і палічыўшы вінаватым ваенны суд, які вынес рашэнне па справе аб блудзе без разгляду яго Сінодам.

Дзяцей у Ганібала было адзінаццаць, але да сталых гадоў дажылі чатыры сыны (Іван, Пётр, Восіп, Ісак) і тры дачкі (Лізавета, Ганна, Соф’я); з іх Іван удзельнічаў у марской экспедыцыі, узяў Пілас, вызначыўся пад Часмой, па ўказе Кацярыны II праводзіў будаўніцтва горада Херсон (1779), памёр генерал-аншэфам ў 1801 годзе. Надзея, дачка другога сына Ганібала, Восіпа, была маці Аляксандра Пушкіна, які ўзгадвае пра сваё паходжанне ад Ганібала ў вершах: «На Юр’еву», «Да Языкову» і «Мой радавод».

У кіно і літаратуры

Пра жыццё Ганібала (з шэрагам літаратурных дапушчэнняў) распавядаецца ў няскончаным творы А. С. Пушкіна — «Арап Пятра Вялікага»

Па матывах гэтага твора зняты фільм — «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў», сюжэт якога мала датычыць гістарычнай рэчаіснасці. У ролі Ганібала — Уладзімір Высоцкі.

Давід Самойлаў напісаў паэму «Сон пра Ганібала», якая апавядае пра жыццё Ганібала ў Пярнове у 1730-х гадах.

Міхаіл Казоўскі «Спадчыннік Ламаносава», гістарычная аповесць, 2011.

Балада пра Берынга і яго сяброў — у ролі А. П. Ганібала выступае Эрменгельт Канавалаў.

Аповесць «Царскі курыёз» М. Я. Зуева-Ардынца.

Зноскі

  1. Pas L. v. Abraham Petrovich Hanibal // Genealogics — 2003. — ed. size: 683713 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Lundy D. R. Maj.-Gen. Abram Petrovich Hanibal // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Gnammankou D. Abraham Hanibal – l’aïeul noir de Pouchkine, Abraham Hannibal, Pushkin’s African Ancestor: l’aïeul noir de Pouchkine — Парыж: 1996. — С. 15–25.
  4. 1 2 3 4 Гнамманку, Дьёдонне Абрам Ганнибал: чёрный предок Пушкина — М.: Молодая гвардия, 1999. — ISBN 5-235-02335-8
  5. Under the Sky of My Africa: Alexander Pushkin and Blackness / пад рэд. C. NepomnyashchyNorthwestern University Press. — ISBN 978-0-8101-1971-0
  6. 1 2 Gnammankou D. Abraham Hanibal – l’aïeul noir de Pouchkine, Abraham Hannibal, Pushkin’s African Ancestor: l’aïeul noir de Pouchkine — Парыж: 1996.
  7. Gnammankou D. Abraham Hanibal – l’aïeul noir de Pouchkine, Abraham Hannibal, Pushkin’s African Ancestor: l’aïeul noir de Pouchkine — Парыж: 1996. — С. 183–184.
  8. Great Russian Encyclopedia — М.: Большая российская энциклопедия, 2004. — Т. 6. — С. 386–387.
  9. Ганнибал А. С. Ганнибалы: Новыя данныя для ихъ біографій. // Пушкин и его современники. Вып. 19/20.Комиссия для издания сочинений Пушкина при Отделении русского языка и словесности Императорской академии наук, 1914. — С. 270–309.
  10. 1 2 3 Ганнибал А. С. Ганнибалы: Новыя данныя для ихъ біографій // Пушкин и его современники. Вып. 17/18.Комиссия для издания сочинений Пушкина при Отделении русского языка и словесности Императорской академии наук, 1913. — С. 246.
  11. Ганнибал А. С. Ганнибалы: Новыя данныя для ихъ біографій // Пушкин и его современники. Вып. 17/18.Комиссия для издания сочинений Пушкина при Отделении русского языка и словесности Императорской академии наук, 1913. — С. 240.
  12. Ганнибал А. С. Ганнибалы: Новыя данныя для ихъ біографій // Пушкин и его современники. Вып. 17/18.Комиссия для издания сочинений Пушкина при Отделении русского языка и словесности Императорской академии наук, 1913. — С. 240, 245, 246.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Камеруне
Катэгорыя·Памерлі ў Санкт-Пецярбургскай губерні
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1696 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Эфіопскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Аляксандра Неўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Ваенныя Расіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1781 годзе
Катэгорыя·Памерлі 25 мая