Абезгалоўліванне (ад слова галава) — фізічнае аддзяленне галавы жывой істоты ад цела. Абезгалоўліванне можа быць наўмысным, гэта — забой сельскагаспадарчай птушкі,[1] дэкапітацыя эксперыментальных жывёл,[2] забойства, ці выкананне смяротнага пакарання; ажыццяўляецца пры дапамозе адмысловай прылады — гільяціны ці сякуча-рэжучых прылад — сякеры, мяча, нажа. Ненаўмыснае абезгалоўліванне можа адбыцца ў выніку выбуху, аўтамабільнай аварыі і іншых няшчасных здарэнняў. Самагубства праз абезгалоўліванне хоць і рэдка, але сустракаецца: у 2003 годзе брытанец пазбавіў сябе галавы пры дапамозе ўласнаручна пабудаванай гільяціны з электрычным запускам[3].
Абезгалоўліванне безумоўна прыводзіць да смерці мозгу ў выніку рэзка прагрэсуючай ішаміі, акрамя выпадкаў, калі адсечаная галава неадкладна прышываецца да свайго ці чужога цела са сшываннем крывяносных судзін і аднаўленнем кровазвароту, як гэта паказана ў працах У. П. Дземіхава.[4] Смерць мозгу надыходзіць на працягу некалькіх хвілін пасля аддзялення галавы ад цела. Гісторыі пра тое, што галава глядзела на ката, пазнавала сваё імя і нават спрабавала казаць, з’яўляюцца, з пункту гледжання нейрафізіялогіі, моцна перабольшанымі. Галава траціць прытомнасць праз 300 мілісекунд пасля адсячэння і незваротна спыняецца амаль уся вышэйшая нервовая дзейнасць, у тым ліку здольнасць адчуваць боль. Некаторыя рэфлексы і сутаргі цягліц твару могуць працягвацца яшчэ некалькі хвілін.
Абезгалоўліванне служыла відам смяротнага пакарання на працягу тысячагоддзяў. У сярэднявечнай Еўропе дзяржаўным і крымінальным злачынцам адсякалі галовы і выстаўлялі іх на агляд натоўпу. Пакаранне смерцю праз абезгалоўліванне мячом (ці сякерай, любой баявой зброяй) лічылася «высакароднай» і ўжывалася галоўным чынам да арыстакратаў, якія, быўшы ваярамі, лічыліся падрыхтаванымі да смерці ад мяча. «Невысакароднымі» відамі пакарання смерцю былі павешанне і спаленне.
Калі меч ці сякера была вострым, а кат умелым, вынікам пакарання смерцю была хуткая і адносна бязбольная смерць. Калі ж зброя была дрэнна завостраная ці кат няспрытны, для адсячэння галавы магло спатрэбіцца некалькі ўдараў. Па гэтай жа прычыне прысуджанаму завязвалі вочы: каб у вырашальны момант ён не тузануўся. Таксама прысуджаным раілі заплаціць кату, каб той сумленна выканаў сваю працу.
Апошняе пакаранне смерцю ў Заходняй Германіі адбылося 12 мая ў 1949 годзе. Быў пакараны Бертольд Вехмейер (ням.: Berthold Wehmeyer) у турме Моабіт у Заходнім Берліне. Да 1966 года абезгалоўліванне ўжывалася ў ГДР, потым яго замянілі растрэлам, паколькі адзіная гільяціна паламалася.
Абезгалоўліванні мячом у нашы дні здзяйсняліся ў юрысдыкцыях, падпарадкаваных ісламскаму шарыяту, а таксама ваяўнічымі ісламістамі ў гарачых кропках. Па стане на 2005 год, Саудаўская Аравія, Кувейт, Судан, Аман, Бахрэйн, Іарданія, Ірак, Афганістан, Емен і Катар мелі законы, якія дазваляюць абезгалоўліванне, аднак пэўныя звесткі пра іх ужыванне існуюць толькі ў стаўленні да Саудаўскай Аравіі. Ваяўнічыя ісламісты ў апошнія гады сталі ажыццяўляць абезгалоўліванні пры дапамозе невялікіх нажоў, па памеры падобных з кішэннымі. Таксама абезгалоўліванне захавалася як «спадчына» ў некаторых былых асадах Францыі — Алжыры, Гвінеі, Марока.
Не зусім традыцыйныя выпадкі абезгалоўлівання сустракаліся ў апошні час у некаторых абласцях Калумбіі. Такія ваенізаваныя правыя арганізацыі, як AUC, карыстаюцца гэтым для запалохвання мясцовых жыхароў; іх левыя супернікі з FARC, а таксама крымінальныя банды наркабаронаў таксама час ад часу здзяйсняюць абезгалоўліванні. Часцей за ўсё ў гэтых выпадках выкарыстоўваюцца мачэтэ і бензапілы.
Па некаторых дадзеных, тэрарыстычная арганізацыя Абу Саяф здзяйсняе абезгалоўліванні ў Філіпінах.