wd wp Пошук:

Абезгалоўліванне

Юдзіф і Алаферн (Караваджа, 1598—1599 гады)

Абезгалоўліванне (ад слова галава) — фізічнае аддзяленне галавы жывой істоты ад цела. Абезгалоўліванне можа быць наўмысным, гэта — забой сельскагаспадарчай птушкі,[1] дэкапітацыя эксперыментальных жывёл,[2] забойства, ці выкананне смяротнага пакарання; ажыццяўляецца пры дапамозе адмысловай прылады — гільяціны ці сякуча-рэжучых прылад — сякеры, мяча, нажа. Ненаўмыснае абезгалоўліванне можа адбыцца ў выніку выбуху, аўтамабільнай аварыі і іншых няшчасных здарэнняў. Самагубства праз абезгалоўліванне хоць і рэдка, але сустракаецца: у 2003 годзе брытанец пазбавіў сябе галавы пры дапамозе ўласнаручна пабудаванай гільяціны з электрычным запускам[3].

Абезгалоўліванне безумоўна прыводзіць да смерці мозгу ў выніку рэзка прагрэсуючай ішаміі, акрамя выпадкаў, калі адсечаная галава неадкладна прышываецца да свайго ці чужога цела са сшываннем крывяносных судзін і аднаўленнем кровазвароту, як гэта паказана ў працах У. П. Дземіхава.[4] Смерць мозгу надыходзіць на працягу некалькіх хвілін пасля аддзялення галавы ад цела. Гісторыі пра тое, што галава глядзела на ката, пазнавала сваё імя і нават спрабавала казаць, з’яўляюцца, з пункту гледжання нейрафізіялогіі, моцна перабольшанымі. Галава траціць прытомнасць праз 300 мілісекунд пасля адсячэння і незваротна спыняецца амаль уся вышэйшая нервовая дзейнасць, у тым ліку здольнасць адчуваць боль. Некаторыя рэфлексы і сутаргі цягліц твару могуць працягвацца яшчэ некалькі хвілін.

Абезгалоўліванне ў гісторыі

Абезгалоўліванне служыла відам смяротнага пакарання на працягу тысячагоддзяў. У сярэднявечнай Еўропе дзяржаўным і крымінальным злачынцам адсякалі галовы і выстаўлялі іх на агляд натоўпу. Пакаранне смерцю праз абезгалоўліванне мячом (ці сякерай, любой баявой зброяй) лічылася «высакароднай» і ўжывалася галоўным чынам да арыстакратаў, якія, быўшы ваярамі, лічыліся падрыхтаванымі да смерці ад мяча. «Невысакароднымі» відамі пакарання смерцю былі павешанне і спаленне.

Абезгалоўліванне мячом (1556 год)

Калі меч ці сякера была вострым, а кат умелым, вынікам пакарання смерцю была хуткая і адносна бязбольная смерць. Калі ж зброя была дрэнна завостраная ці кат няспрытны, для адсячэння галавы магло спатрэбіцца некалькі ўдараў. Па гэтай жа прычыне прысуджанаму завязвалі вочы: каб у вырашальны момант ён не тузануўся. Таксама прысуджаным раілі заплаціць кату, каб той сумленна выканаў сваю працу.

Абезгалоўліванне кітайцаў (1901 год)
Пакаранне смерцю праз абезгалоўліванне. На фотаздымку добра відаць бруі крыві, якія б’юць з сонных артэрый

Апошняе пакаранне смерцю ў Заходняй Германіі адбылося 12 мая ў 1949 годзе. Быў пакараны Бертольд Вехмейер (ням.: Berthold Wehmeyer) у турме Моабіт у Заходнім Берліне. Да 1966 года абезгалоўліванне ўжывалася ў ГДР, потым яго замянілі растрэлам, паколькі адзіная гільяціна паламалася.

Абезгалоўліванне ў сучасным свеце

Абезгалоўліванні мячом у нашы дні здзяйсняліся ў юрысдыкцыях, падпарадкаваных ісламскаму шарыяту, а таксама ваяўнічымі ісламістамі ў гарачых кропках. Па стане на 2005 год, Саудаўская Аравія, Кувейт, Судан, Аман, Бахрэйн, Іарданія, Ірак, Афганістан, Емен і Катар мелі законы, якія дазваляюць абезгалоўліванне, аднак пэўныя звесткі пра іх ужыванне існуюць толькі ў стаўленні да Саудаўскай Аравіі. Ваяўнічыя ісламісты ў апошнія гады сталі ажыццяўляць абезгалоўліванні пры дапамозе невялікіх нажоў, па памеры падобных з кішэннымі. Таксама абезгалоўліванне захавалася як «спадчына» ў некаторых былых асадах Францыі — Алжыры, Гвінеі, Марока.

Не зусім традыцыйныя выпадкі абезгалоўлівання сустракаліся ў апошні час у некаторых абласцях Калумбіі. Такія ваенізаваныя правыя арганізацыі, як AUC, карыстаюцца гэтым для запалохвання мясцовых жыхароў; іх левыя супернікі з FARC, а таксама крымінальныя банды наркабаронаў таксама час ад часу здзяйсняюць абезгалоўліванні. Часцей за ўсё ў гэтых выпадках выкарыстоўваюцца мачэтэ і бензапілы.

Па некаторых дадзеных, тэрарыстычная арганізацыя Абу Саяф здзяйсняе абезгалоўліванні ў Філіпінах.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Забой птушкі
  2. Загад Міністэрства Аховы Здароўя СССР АД 12.08.1977 N 755 Пра меры па далейшым удасканаленні арганізацыйных формаў працы з выкарыстаннем эксперыментальных жывёл
  3. BBC NEWS | UK | England | Tyne/Wear | Guillotine death was suicide
  4. At the Cutting Edge of the Impossible
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Абезгалоўленыя
Катэгорыя·Спосабы і прылады смяротнага пакарання