wd wp Пошук:

Ян Абрамовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абрамовіч.

Ян Абрамовіч (? — 19 красавіка 1602) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода менскі (1593—1596), ваявода смаленскі (з 1596).

Біяграфія

З роду Абрамовічаў герба «Ястрабец». Выхоўваўся пры двары князя Мікалая Радзівіла Рудога і ўсё жыццё быў звязаны з біржанскай галіной роду Радзівілаў. Побач з Радзівіламі быў адным з лідараў кальвінізму ў Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню згадваецца ў 1587 як староста лідскі, войскі і намеснік віленскі, атрымаўшы гэтыя пасады з радзівілаўскай пратэкцыі, дзякуючы ёй прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы, атрымаў прэзідэнцтва дорпацкае (1591—1598, склаў паўнамоцтвы з утварэннем Дорпацкага ваяводства); у 1593 прызначаны ваяводам менскім, у 1596 — ваяводам смаленскім.

Захоўваў адданасць Радзівілам і, як сведчаць лісты, займаўся іх прыватнымі справамі. Браў актыўны ўдзел у палітычным і царкоўным жыцці ВКЛ, будучы разам з біржанскімі Радзівіламі ў антыпольскім крыле. Гэта выразна выявілася пры абароне правоў ВКЛ, калі ішла справа аб наданні віленскай кафедры Мацяёўскаму (ад 1595 і пазней), а таксама калі Я. Абрамовіч на соймах выступаў за перадачу Інфлянтаў ВКЛ (1585). Удзельнічаў у торуньскім сіноду калівіністаў (1595), у перамовах з тымі, хто не прыняў Берасцейскую унію ў Вільні (1599), у дыспуце кальвіністаў з езуітамі (1599). Трымаў сувязь з К. І. Астрожскім, бо праз жонку Ганну Дароту з Валовічаў, быў цесна звязаны з праваслаўнымі коламі ў ВКЛ. Ганна Дарота была апякункай Віленскага брацтва, і сам Абрамовіч неаднаразова выступаў у абарону праваслаўных мяшчан, напр. у спрэчцы пра пабудову брацкай царквы, якая была забароненая віленскім магістратам у 1596, з-за чаго меў канфлікт з канцлерам Л. І. Сапегам, які падтрымліваў уніяцкага мітрапаліта. Таксама Ян Абрамовіч быў апекуном кальвінскага палеміста Андрэя Волана. У сваім маёнтку ў Варнянах заклаў збор, шпіталь, школу, якія праіснавалі да сяр. 17 ст. На смерць Я. Абрамовіча кальвіністы адазваліся друкаванай «Прамовай на жалобную смерць і пахаванне вялікага патрона Божага Збору і мудрага Сенатара».

Напісаў «Думкі літвіна, пра танную куплю і дарагі продаж збожжа» (1595), на яго заказ Ян Радван напісаў паэму «Радзівіліяда» (1592). Сваім коштам выдаў шэраг кніг, м.інш. «Катэхізіс» Станіслава Судроўскага, віленскага міністра, з 300 рэлігійнымі песнямі (1598).

Меў сына Мікалая, генерала артылерыі і ваяводу троцкага.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Ваяводы менскія
Катэгорыя·Постаці Варнянаў
Катэгорыя·Памерлі 19 красавіка
Катэгорыя·Падваяводы віленскія
Катэгорыя·Ваяводы смаленскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1602 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1540 годзе
Катэгорыя·Старосты лідскія
Катэгорыя·Старосты вендэнскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Войскія віленскія
Катэгорыя·Прэзідэнты дорпацкія
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Абрамовічы герба «Ястрабец»