wd wp Пошук:

Ян Радван

Ян Радван (?, Вільня — пасля 1591) — паэт-лацініст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ.

Біяграфічныя звесткі

Пра асабістае і грамадскае жыццё Я. Радвана захавалася мала звестак. Нарадзіўся ён у Вільні, па веравызнанні быў кальвініст, паходзіў, хутчэй за ўсё, з мяшчанскай сям’і. Дакладныя даты нараджэння і смерці яго невядомы. У маладосці быў звязаны з дваром Хадкевічаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я. Абрамовіча.

Творчасць

Пісаў на лацінскай мове, паслядоўнік Вергілія. Першым вядомым яго творам з’яўляецца чатырохрадковая эпіграма ў выданні «Дзесяцігадовай аповесці…» А. Рымшы (Вільня, 1585). У 1590 Ян Карцан выдаў у Вільні вершаваны твор Я. Радвана «Эпіталама на вяселле Крыштофа Монвіда Дарагастайскага», дзе не толькі апяваўся шлюб К. Дарагастайскага з Соф’яй Хадкевіч, але і давалася разгорнутае апісанне Вялікага Княства Літоўскага ў стылі «Песні пра зубра» М. Гусоўскага. Некалькі вершаў паэта, прысвечаных Мікалаю і Крыштофу Дарагастайскім, Гжэгажу з Жарнаўца, змешчана ў «Абароне пасцілы евангельскай» (Вільня, 1591) Гжэгажа з Жарнаўца.

Найбольш значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilus, sive de vita…», больш вядомая як «Радзівіліяда…» (3470 радкоў дактылічнага гекзаметра) у панегірычным зборніку, выдадзеным у 1592 у Вільні у гонар памерлага ў 1584 ваяводы віленскага, гетмана вялікага літоўскага, князя Мікалая Радзівіла. У выданні Яна Карцана акрамя паэмы Я. Радвана змешчаны празаічныя прысвячэнні Яна Абрамовіча, Андрэя Волана, Яна Руцкага, вершы Яна Радвана, Пятра Раізія, Яна Казаковіча.

Творы

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Jonas Radvanas // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Памерлі ў 1592 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Паэты Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1591 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Падуанскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Лацінамоўныя паэты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XVI стагоддзі