wd wp Пошук:

Чарняхоўская культура

Чарняхоўская культура — раннесярэдневяковая археалагічная культура, якая існавала на тэрыторыях Украіны (уключаючы Крым[1]), Малдовы і Румыніі ў II-IV стагоддзях. Змяняе зарубінецкую культуру.

Чарняхоўская культура прасочваецца там, дзе старажытныя аўтары размяшчаюць готаў, прычым згасае як раз у той час, калі готы мігрыруюць з Прычарнамор’я на захад Еўропы.[2] На гэтай падставе большасць гісторыкаў (П. Райнеке) злучаюць гэту культуру з дзяржавай готаў.

Больш ранні этап развіцця этнаса ўяўляе вельбарская культура. Апроч асноўнага (гоцкага), прызнаецца наяўнасць сярод чарняхоўцаў і іншых этнічных элементаў (сарматы, гепіды, дакі, фракійцы, геты, славяне-анты).

Этымалогія

Названа па магільніку ў сяла Чарняхоў Кагарлыцкага раёна Кіеўскай вобласці, даследаванаму В. В. Хвойкам ў 1900—1901 гадах. На тэрыторыі Румыніі чарняхоўская культура называецца Сынтана-дэ-Мурэш—Чарняхоў па назве паселішча ў трансільванскім жудзецы Мурэш. Даследаваны рэшткі паселішчаў і грунтавыя магільнікі.

Культура

Жылья

Чарняхоўцы жылі ў вялікіх неўмацаваных паселішчах. Наземныя жытлы і зямлянкі размяшчаліся радамі. Плошча некаторых наземных хат, якія належалі, верагодна, вялікім патрыярхальным сем’ям, перавышала 100 м². У наземных пабудоў сцяны ўзводзіліся з жэрдак, абмазаных глінай. Падлогі ўяўлялі або ўтрамбаваную зямлю, або пакрываліся глінай. Жытлы ацяпляліся каменнымі або глінянымі ачагамі. Каля хат знойдзены гаспадарчыя пабудовы і ямы-сховішчы, часам глыбінёй да 3 метраў.

Па мяжы распаўсюджвання Чарняхоўскай культуры да нашага часу захаваліся так званыя Зміевы і Траянавы валы.

Металургія

Былі развіты жалезаапрацоўчае, кавальскае, бронзаліцейнае, каменясечнае, кастарэзнае рамёствы, прычым майстры працавалі пераважна па замовам і толькі часткова на рынак. Аналіз тэхналогіі выяўляе адносна высокі ўзровень жалезаапрацоўчага рамяства. Жалезаапрацоўчыя гораны адкрыты на паселішчах у невялікай колькасці. Асобнае скопішча такіх горанаў выяўлена пад Уманню.

У Ільінецкім раёне Вінніцкай вобласці выяўлены Ільінецкі кар’ер — старажытны кар’ер па здабычы вулканічнага туфу для вырабу жоранаў да млыноў. Археолаг П. І. Хаўлюк, які выявіў кар’ер, датуе яго стварэнне III ст. н.э. і прыпісвае яго да Чарняхоўскай культуры.[3]

Чарняхоўскія ювеліры выраблялі розныя ўпрыгажэнні з бронзы, серабра, золата. Былі распаўсюджаны ўпрыгажэнні з напаўкаштоўных камянёў, бурштыну і шкла. У вырабе ювелірных вырабаў выкарыстоўвалася зернь і скань. Адзенне зашпільвялася на плячы мастацка аформленымі металічнымі фібуламі. Іншымі відамі ўпрыгажэнняў былі скроневыя кольцы, бранзалеты, грыўні, раменныя бляхі.

Кераміка

Кераміка выраблялася галоўным чынам на ганчарным крузе і адрознівалася разнастайнасцю формаў. Знойдзены чыгуны, міскі, чары, гарлачы, кубкі, чаркі, вазы з трыма ручкамі. У побыце карысталіся таксама шклянымі кубкамі, касцянымі грабянямі, бронзавымі фібуламі. Ганчарныя гораны выяўлены больш чым на 20 паселішчах. У горане з Будэштаў (на тэрыторыі Малдовы) абпальваліся 150 пасудзін адначасова. Ганчарная кераміка пераважала над ляпной у большасці паселішчаў.

Прадметы з Будэшцкага некропаля Крыўлянскага раёна Малдовы, Чарняхоўская культура, III—IV стст. н.э.

Пахавальны абрад

У пахавальным абрадзе спалучаліся трупаспаленні (палі пахавальных урнаў) і трупапакладанні (апошнія пераважалі). У інвентары пахаванняў — кераміка, шкляныя кубкі, фібулы і касцяныя грабяні.

Гаспадарка

Жывёлагадоўля, земляробства, рамяство, паляванне, рыбалоўства. Уздым земляробства ў эпоху чарняхоўскай культуры адзначаны ўдасканаленнем плуга і рала з жалезнымі наканечнікамі; вол і конь выкарыстоўваліся, верагодна, як цяглавая сіла; пашырыўся склад культурнай травы; пад раллю асвоены значныя плошчы. Земляробства было падсечным і аблогавым. Прадукцыю сельскай гаспадаркі чарняхоўцы захоўвалі ў ямах-сховішчах або ў вялікіх гліняных пасудзінах — «зерневіках». Збожжа малолі жоранамі. З хатніх жывёл разводзілі буйную і дробную рагатую скаціну, свіней, коней, свойскую птушку.

Квітнеў гандаль з найбліжэйшымі антычнымі цэнтрамі. Пра гэта сведчаць імпартныя прадметы (амфары, у якіх прывозілі віно і аліўкавы алей, шкляныя кубкі, радзей — чырвоналакавыя пасудзіны) — цэлыя і ў абломках, выяўленыя на ўсіх помніках чарняхоўскай культуры. У знешнім і нутраным гандлі выкарыстоўвалася рымская манета. На тэрыторыі чарняхоўскай культуры выяўлена больш за тысячу манетных скарбаў. Некаторыя рысы чарняхоўскай культуры склаліся пад уплывам познеантычнай цывілізацыі.

Этнічны склад

Чарняхоўская культура

Чарняхоўская культура па часе і геаграфіі супадае з дзяржавай Оюм, заснаванай готамі напачатку III ст. н.э. і знішчанай гунамі ў канцы IV стагоддзя. Аднак большасць даследчыкаў лічыць, што чарняхоўская культура была поліэтнічнай. Апроч германцаў, тут жылі фракійцы-дакі, іранамоўныя сарматы, анты. Меркаванне пра такую поліэтнічнасць чарняхоўскай культуры грунтуецца, галоўным чынам, на наяўнасці лакальных асаблівасцей у хатабудаванні, кераміцы і пахавальным абрадзе яе носьбітаў.

Акадэмік Сядоў В. В. адзначае, што асноўным насельніцтвам чарняхоўскай культуры былі славяне-анты (пераважна з поўначы гэтай культуры), скіфа-сарматы (на поўдні), фракійцы і балты. Германскі (вельбарскі) элемент сканцэнтраваны ў Пруцка-Днястроўскай вобласці, што пацвярджаюць гістарычныя крыніцы, і невялікая колькасць іх таксама адзначаецца ў Ніжнім Падняпроўі[4]. На падставе археалагічных крыніц Сядоў выводзіць, што Оюм («водная краіна») знаходзіўся ў раёне Палесся, абмяжоўваючыся Пінскімі балотамі.

Асабняком стаіць меркаванне Б. А. Рыбакова, які лічыў, што чарняхоўскую культуру трэба было б хутчэй адносіць да ранняй старажытнаславянскай, і дасканалы аналіз, праведзены археолагам, хутчэй сведчыць не пра зараджэнне чарняхоўскай культуры за кошт готаў, якія затрымаліся там, але хутчэй пра прыкметны яе заняпад у той перыяд. Існуе гіпотэза пра перарастанне яе ў пражскую культуру[5], аднак кераміка гэтых культур значна адрозніваецца.

Лічыцца, што менавіта ў часы існавання чарняхоўскай культуры праславянская мова запазычыла шмат слоў германскага паходжання, напрыклад, хлеў, кацёл, шлем, труба, царква[6].

Антрапалагічнае аблічча

Чарняхоўскае насельніцтва выяўляе блізкасць да вельбарскай культуры і характарызуецца кельцкім і балцкім тыпам. Насельніцтва, блізкае да пшэварскай культуры і зарубінецкай культуры, не пакінула антрапалагічных помнікаў, паколькі хавала памерлых па абрадзе крэмацыі. Фіксуюцца значныя міграцыйныя патокі з раёнаў Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы[7].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Пянькоўская (анцкая) культура Архівавана 2 кастрычніка 2008.
  2. З манаграфіі Б. А. Рыбакова — Язычніцтва Старажытнай Русі Архівавана 24 снежня 2007.
  3. Пра сыравіну і маштабы вытворчасці старажытнарускіх жоранаў з Ільінецкага радовішча
  4. Седов В. В. СЛАВЯНЕ Историко-археологическое исследование Архівавана 6 кастрычніка 2014.
  5. Паходжанне славян
  6. Зміевы Валы — табу ў гісторыі
  7. Рудич Т. О. Населення черняхівської культури за матеріалами антропології.-Дисертація на здобуття наукового ступеня кандидата історичних наук за спеціальністю 07.00.09 — Антропологія.-Інститут археології НАН України, Київ, 2005. Архівавана 31 студзеня 2009.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Румыніі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Археалогія ў Малдове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле