Хвоснік, Баляскі, Хваснік[3], Пярыльцы[3] (Hippuris) — род кветкавых раслін сямейства Трыпутнікавыя (Plantaginaceae).
Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамастойныя, членістыя, пустыя. Лісце суцэльнае, лінейнае, без прылісткаў, у кальчаках. Кветкі адзінкавыя, у пазухах лісця, дробныя, беспялёсткавыя, зеленаватыя. Плод — касцянка.
Выдзяляюцца 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы і Аўстраліі. На тэрыторыі Беларусі хвоснік звычайны, або вадзяная сасонка (Hippuris vulgaris) трапляецца на багністых берагах рэк і азёр, вільготных лугах, нізінных балотах.