wd wp Пошук:

Хаім Саламонавіч Суцін

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Суцін.

Хаім Суцін[10] (фр.: Chaïm Soutine; 13 студзеня 1893, Смілавічы — 9 жніўня 1943) — французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Біяграфія

Нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям’і, дзесятым з адзінаццаці дзяцей. Бацька будучага мастака, Залман (Саламон) Суцін, быў краўцом, і жаданне сына стаць мастаком не падтрымліваў. З кнігі ўспамінаў Марэўны:

Суцін мелам і вуглём, а пазней каляровымі алоўкамі маляваў партрэты і фігуры знаёмых людзей. Гэта прыводзіла ў лютасць яго бацьку, не толькі з-за традыцыйнай забароны на выявы людзей, але і таму што з Хаіма хацелі зрабіць краўца. Хлопчыка, які імкнуўся выявіць свой светагляд, называлі слюнцяем і паразітам і вымушалі займацца шыццём[11].

У 1907 годзе Суцін пераехаў у Мінск; паступіў у вучні да фатографа, працаваў рэтушэрам. Паралельна наведваў заняткі ў Мастацкай школе Якава (Янкеля) Кругера, вядомага менскага жывапісца, майстра партрэтнай і жанравага жывапісу. У школе Кругера адбылося знаёмства Хаіма Суціна з Міхаілам Кікоіным, якое перарасло ў шматгадовае сяброўства.

У 1909 для працягу навучання Суцін (разам з Кікоіным) пераехаў у Вільню і паступіў у Віленскую малявальную школу Івана Трутнева, якая існавала да 1915 і з’яўлялася вядучай мастацкай навучальнай установай на беларуска-літоўскіх землях. У Вільні Суцін і Кікоін зблізіўся і пасябраваў з Пінхусам Крэменем. Пазней Кікоін успамінаў: «Мы … з запалам спрачаліся аб мастацтве, аб жыцці і, асабліва, аб нашай будучыні… Палкае ўяўленне Суціна заносіла яго далей за іншых, і хутка Парыж стаў займаць усе яго думкі».

У 1913 Суцін пераехаў у Францыю, у Парыж, дзе ўжо знаходзіліся Кікоін і Крэмень. Пасяліўся ў “Вуллі” (“La Ruche”), знакамітым доме-камуне, створаным у 1902 для пачаткоўцаў-мастакоў мецэнатам і скульптарам-аматарам Альфрэдам Бушэ. Яго суседзеямі былі Марк Шагал, які недалюбліваў свайго земляка, а таксама Хана Арлова і Жак Ліпшыц, якія яго падтрымлівалі. Атрымлівае сціплыя грашовыя пераводы з Вільні ад доктара Рафлекеса, які першым паверыў у мастака.

На працягу некалькіх месяцаў Хаім Суцін наведваў Парыжскую нацыянальную вышэйшую школу прыгожых мастацтваў, займаецца ў майстэрні Фернана Кармона, вядомага мастака-акадэміста, майстры гістарычнага і партрэтнага жанраў. У вольны час наведвае канцэрта Баха і барочнай музыкі. Але, хутка расчараваўшыся ў акадэмічнай сістэме выкладання, стаў працаваць самастойна, аддаючы перавагу жанрам нацюрморта і партрэта. Вывучаў творы класічнага мастацтва ў парыжскіх музеях; знаёміўся з найноўшымі дасягненнямі еўрапейскага мастацтва, зблізіўся з яго прадстаўнікамі і прапагандыстамі. У 1914 уваходзіць у супольнасць мастакоў Парыжскай школы. Найбольш цесныя зносіны Суцін меў з мастакамі-выхадцамі з Расійскай Імперыі: акрамя Кікоіна, Крэменя і Ліпшыца, з Восіпам Цадкіным, Оскарам Мяшчанінавым, Львом Індэнбаумам і іншымі. Ранніх работ Суціна практычна не захавалася - мастак знішчыў іх сам, лічачы непрафесійнымі.

Не маючы магчымасці зарабляць сваім мастацтвам, працаваў грузчыкам, рознарабочым, чарцёжнікам, натуршчыкам, дэкаратарам.

Адразу пасля пачатку Першай сусветнай вайны Суцін прыводзіць у парадак свае дакументы, атрымлівае від на жыхарства. Разам з Кікоіным бярэ ўдзел у тылавых працах, капае траншэі. З-за слабага здароўя не быў мабілізаваны. Перабіраецца ў іншую калектыўную майстэрню, але тым не менш, не развітваецца з “Вуллем”, кожны дзень наведвае сяброў[12].

У 1915 годзе Хаім Суцін пазнаёміўся і пасябраваў з Амедэа Мадыльяні, як згадваў Жак Ліпшыц:

Падчас Першай сусветнай вайны я прадставіў Суціна Мадыльяні, які адразу ж разгледзеў у Суціне вялікага мастака. Калі Мадыльяні паміраў, ён сказаў свайму маршану Збароўскаму, што ён у некаторай ступені спрычыніўся да поспеха Суціна[12].

Амедэа Мадзільяні. Партрэт Хаіма Суціна. 1917.
Мадыльяні адыграў вялікую ролю ў фарміраванні індывідуальнай маляўнічай манеры маладога мастака, стылістычна і канцэптуальна блізкай экспрэсіянізму. З 1916 года па яго парадзе карціны Суціна пачаў купляць парыжскі арт-дылер [Леапольд Збароўскі](/Леапольд_Збароўскі "Леапольд Збароўскі"). Мадыльяні напісаў шэсць партрэтаў Суціна, у тым ліку адзін на дзвярах кватэры Збароўскага. Паводле ўспамінаў сяброў, Мадыльяні прывучыў Суціна да выпіўкі.

У 1918 разам з Мадыльяні здзейсніў паездку на паўднёвы ўсход Францыі, у Ванс і Кань-сюр-Мер. “Збароўскі адправіў яго на Міжземнае мора, каб яго жывапіс набыў яркія фарбы Лазурнага берага і больш паспяхова прадаваўся”, - узгадвае Марэўна[11].

У 1919 Збароўскі падпісвае з Суціным дамову, згодна якой абавязваецца рэгулярна выплачваць мастаку акрэсленую суму, наўзамен атрымлівае ўсе створаныя ім працы.

У 1919-1922 гадах пры матэрыяльнай падтрымцы Збароўскага Хаім Суцін жыў у мястэчку Серэ на поўдні Францыі (Дэпартамент Усходнія Пірэнэі), дзе стварыў каля 200 жывапісных твораў, пераважна пейзажаў і партрэтаў жыхароў вёскі. Пасля гэтага зноў перабіраецца ў Кань-сюр-Мер.

У пачатку 1920-х гадоў некалькі карцін Суціна былі паказаны на групавых выставах у Парыжы: “47 мастакоў” у кавярні " Le Parnasse “(1921, з адным пейзажам), выставе рускіх мастакоў у галерэі “La Licorne” (1923).

1920-1930-я гады былі самым плённым перыядам у творчасці мастака, часам, калі да яго прыйшлі вядомасць і фінансавы дабрабыт. У 1923 годзе галерыст і калекцыянер Поль Гіём паказвае амерыканскаму калекцыянеру Альберту Кумсу Барнсу творы Суціна, пад уражаннем ад “Партрэта кандытара” той усклікае: “Гэтага мастака я шукаў усё сваё жыццё!”. Барнс набыў у Збароўскага 52 карціны Суціна для сваёй калекцыі; з’явіліся іншыя знатакі і пакупнікі твораў мастака.

Суцін дазваляе сабе выглядаць як дэндзі, дорага апранаецца, пераязжае ў прасторнае атэлье і асобна здымае камфортную кватэру.

У 1925 здзяйсняе першае падарожжа ў Амстэрдам, наведвае Рэйксмузеум, дзе адчыняе для сябе “Яўрэйскую нявесту” Рэмбранта.

У 1927 годзе ў парыжскай галерэі “Bing” адбылася першая персанальная выстава Хаіма Суціна, за якой рушылі ўслед: у Чыкага (“Art Club”, 1935), Нью-Ёрку (“Valentine”, 1936 і 1938; “Carstairs” 1940), Лондане (“Leicester”, 1937), Вашынгтоне (“Philips”, 1943).

Хаім Суцін «Ева». Палатно, алей. 65x54 см. 1928. З карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка

У 1930-я гг. замест Збароўскага, які разарыўся з пачаткам сусветнай эканамічнай дэпрэсіі, новымі маршанамі становяцца Марселен і Мадлен Кастэн. З 1930 па 1935 летні час праводзіць у маёнтку Кастэнаў Леў. Мадлен Кастэн узгадвала:

Часам мы суправаджалі яго ў Луўр. Ён па гадзіне спыняўся перад кожнай карцінай. Ён аналізаваў кожную дэталь “Бычынай тушы” ці “Версавіі” Рэмбранта. Разважаў пра магічную духоўнасць гульні святла і ценю, быў у захапленні ад палітры. Галандзец быў яго богам.

Мастак таксама прымаў удзел у многіх групавых выставах, якія праходзілі ў парыжскіх галерэях “La Licorne” (1924), “L’époque” (1931), “D’alignan” (1931), “La Renaissance” (1932), “de Paris” (1935), “Zak” (1936) і іншых. У 1930 экспанаваў творы на “Вялікай выставе рускага мастацтва” ў Бялградзе, а ў 1937 - на выставе “Майстры незалежнага мастацтва 1895-1937” у Пці-Пале (Petit Palais) у Парыжы (12 прац).

У 1937 пасяляецца ў новай майстэрні ў квартале мастакоў Віла Сера і знаёміцца з Гердай Грот, маладой нямецкай яўрэйкай, якая эмігравала ў Парыж.

У пачатку Другой сусветнай вайны Суцін спрабаваў запісацца ў войска добраахвотнікам, але яму было адмоўлена па стане здароўя. Атрымаў запрашэнне эміграваць у ЗША, але не змог ім скарыстацца. У першыя месяцы нацысцкай акупацыі заставаўся заставаўся пад Парыжам, у 1940 Герду Грот арыштавалі і адправілі ў лагер Гюрс. З 1941 года хаваючыся ад нацыстаў, жыў у ваколіцах Шынона (Дэпартамент Эндру і Луара), яго ратавалі Мадлен Кастэн, яго галерыстка, і Мары-Берта Оранш, новая палюбоўніца. Востры прыступ язвы страўніка вымусіў мастака тэрмінова вярнуцца ў Парыж, дзе ён памёр 9 жніўня 1943 года.

Пахаваны мастак на Манпарнаскіх могілках Парыжа.

Пасмяротныя выставы Хаіма Суціна прайшлі ў рамках Восеньскага салона 1944 года і ў галерэі “de France” (1945). Вялікія мемарыяльныя выставы мастака адбыліся ў Нью-Ёрку (1950/1951, 1976) і Парыжы (1956, Дом французскай думкі).

Творы Хаіма Суціна прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны мастака-партрэт " Ева " (1928) і пейзаж «Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука» (каля 1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк». Абедзве працы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Творчасць

Яго творам, напісаным пераважна паміж 19201929 гадамі, уласцівыя глыбока індывідуальныя бачанне свету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэнні, ахвяраванне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталей дзеля раскрыцця ўнутранай сутнасці прадметаў і з’яў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў — бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі («Кандытар», 1922); нацюрморты (большая частка створаная ў 19241927), як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння — «Курыца і таматы» (1924), «Гавяжая туша» (1925); трывожныя пейзажы з бягучымі аблокамі і нахіленымі дрэвамі («Злавесная вуліца», каля 1921). Часта перарабляў ці знішчаў свае раннія працы і амаль нічога не маляваў пасля 1930.

Ушанаванне памяці

У Смілавічах у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна», якая дзейнічае ў будынку мясцовага дому дзіцячай творчасці.

Крыніцы

Catalogues Raisonnés

Зноскі

  1. Chaim Soutine // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Chaim Soutine // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  4. 1 2 Encyclopædia Britannica
  5. The Fine Art Archive
  6. RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  7. Chaim Soutine // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  8. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118615785 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  9. Museum of Modern Art online collection Праверана 4 снежня 2019.
  10. Сутин Хаим // Арт-Беларусь.
  11. 1 2 Хаим Сутин. Ретроспектива. Каталог выставки. - Москва: ГМИИ, 2017.
  12. 1 2 Кребс Софи. Сутин // Хаим Сутин. Ретроспектива. Каталог выставки. - Москва: ГМИИ, 2017. - С. 13-23.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1893 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Манпарнас
Катэгорыя·Памерлі ў 1943 годзе
Катэгорыя·Мастакі-экспрэсіяністы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Смілавічах
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 9 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мастакі Францыі
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Імігравалі ў Францыю з Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Парыжская школа
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы