У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Валынец. Валынец Таццяна Мікалаеўна (руск.: Волынец Татьяна Николаевна, нар. 1 мая 1955 г., Сямёнаў, Горкаўская вобласць, Расія) — мовазнавец, доктар філалагічных навук (1999), прафесар (2008), аўтар шматлікіх навуковых прац па функцыянальнай граматыцы і лінгвістыцы тэксту, школьных і універсітэцкіх падручнікаў па рускай і беларускай мовах.
Таццяна Мікалаеўна Валынец нарадзілася 1 мая 1955 года ў горадзе Сямёнаве Горкаўскай вобласці (Расія). У 1971 годзе скончыла сярэднюю школу № 3 г. Ліды Гродзенскай вобласці.
З 1971 па 1975 г. вучылася на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы.
У 1978 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Структура русской глагольной парадигмы» (навуковы кіраўнік — прафесар П. П. Шуба).
На працягу двух гадоў (1988—1990) працавала за мяжой, выкладала рускую мову ў Інстытуце работнікаў транспарту г. Дрэздэна (Германія).
Пасля заканчэння дактарантуры пры Белдзяруніверсітэце ў 1998 г. абараніла доктарскую дысертацыю «Семантика и грамматика русского причастия в языковой системе».
Даследуе пытанні марфалогіі, словаўтварэння, функцыянальная граматыкі. Таццяна Мікалаеўна — удзельнік шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый па праблемах мовазнаўства. Яе працы вядомыя лінгвістам Германіі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Фінляндыі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы.
3 1996 г. з’яўляецца галоўным рэдактарам Рэспубліканскага часопіса «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад і школа»
З 2004 г. супрацоўнічае з Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў (РІКВ) спачатку ў якасці аўтара тэставых матэрыялаў, а з 2006 г. — у якасці запрошанага эксперта, за што неаднаразова атрымлівала падзякі ад кіраўніцтва РІКВ. Асаблівае месца ў навукова-метадычнай рабоце Т. Н. Валынец займаюць пытанні моўнай адукацыі ў пачатковай і сярэдняй школе. Пры яе ўдзеле напісаны навучальныя праграмы і школьныя падручнікі па рускай і беларускай мовах.
На філалагічным факультэце БДУ Таццяна Мікалаеўна чытае лекцыйны курс і вядзе практычныя заняткі па сучаснай рускай мове, аўтарскі курс па спецыялізацыі «Лінгвастылістычны аналіз тэксту», кіруе спецсемінарам «Граматычная стылістыка тэксту». Навуковыя працы, выкананыя студэнтамі пад яе кіраўніцтвам, неаднаразова атрымлівалі дыпломы і станавіліся прызёрамі Рэспубліканскага конкурсу навуковых студэнцкіх работ. [1]
Сваёй навуковай і педагагічнай дзейнасцю прафесар Т. Н. Волынец унесла і ўносіць вялікі ўклад у лінгвістычную навуку і спрыяе павышэнню міжнароднага аўтарытэту філалагічнага факультэта БДУ і беларускага мовазнаўства ў цэлым.