wd wp Пошук:

Сяргей Аляксандравіч Малевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Малевіч. Сяргей Аляксандравіч Малевіч (2 жніўня 1878[2]Мінская губерня — пасля 29 снежня 1918; Крыптанімы: С. Малевіч) — беларускі фалькларыст і мовазнавец.

Біяграфія

З сям’і сельскага святара Аляксандра Афанасьевіча і Надзеі Антонаўны. Ахрышчаны ў Яўтушкавіцкай Раства-Багародзіцкай царкве Рэчыцкага павета. Вучыўся ў Мінскай (1888—1889) і Слуцкай (1890—1900) гімназіях. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1904), адразу паступіў у Археалагічны інстытут у Пецярбургу, які скончыў ў 1907 годзе. Спадзяванні заняцца навукай не спраўдзіліся, прапаноў працы ад універсітэтаў не было, таму Малевіч з’ехаў у Рэвель і да 1913 года выкладаў рускую мову ў Мікалаеўскай гімназіі. Потым вярнуўся ў Пецярбург, на месца інспектара гімназіі Імператара Пятра Вялікага. На пасадзе інспектара Малевіч быў да рэвалюцыі. З 24 красавіка да 29 снежня 1918 года знаходзіўся ў шпіталі Св. Панцеляймона праз псіхічны разлад. Далей пра яго лёс пакуль нічога не вядома.[2]

Дзейнасць

Аўтар падборкі матэрыялаў па беларускай мове і фальклоры «Белорусские народные песни», апублікаванай у зборніку Аддзялення рускай мовы і славеснасці ІАН (1907, Санкт-Пецярбург), якая змяшчае поўны цыкл народных песень і казку «Пан і мужык». Як навуковая праца публікацыя забяспечана фанетычным і марфалагічным нарысам мясцовага дыялекту «жывой беларускай гаворкі» і яе слоўнікам[2]. Выданне падпісана крыптанімам «С. Малевіч». Матэрыялы для працы збіраў некалькі гадоў у Ланьскай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні, у тым ліку сяле Малева за 10 км ад Нясвіжа і вёсках Альхоўка, Карцэвічы, Яськевічы і Гусакі, іх жыхароў называў «карэннымі аселымі беларусамі, якія даволі шчасліва захавалі да цяперашняга часу галоўнейшыя этнаграфічныя рысы»[2], а Малева «нашай старой беларускай вёскай». На думку Малевіча, кансерватыўны земляробчы лад жыцця краю адыграў немалую ролю «ў доўгачасовым захаванні беларускага этнічнага тыпу» і спрыяў таму, што «беларуская вёска захавала ў сваёй памяці нямала твораў народна-паэтычнага духу»[2]. За некалькі гадоў да Малевіча, іншую падборку песень, але з такой самай назвай і ў тым самым выданні апублікаваў Аляксандр Разенфельд[2].

Малевіч меў пэўныя спадзяванні наконт свайго навуковага дэбюту. Праца і праўда была заўважана, у прыватнасці матэрыяламі Малевіча карыстаўся Я. Карскі, у Львове аўтарытэтны этнограф У. Гнацюк апублікаваў добразычлівую рэцэнзію ў «Записках НТШ». У 1908 годзе Малевіч падаў сваю працу на конкурс у Рускае геаграфічнае таварыства, аднак вынікаў гэта не мела.

Сям’я

Дзед — Афанасій Малевіч, протадыякан кафедральнага Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. Бацька — Аляксандр (1848-пасля 1918), скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1871), з 1872 года настаўнік Чапліцкага народнага вучылішча Слуцкага павета, з 1877 года псаломшчык Чапліцкай Георгіеўскай царквы, з 1879 года служыў у Пярэжырскай Мікалаеўскай царкве Ігуменскага павета, з 1883 года служыў у іншай царкве. Маці — Надзея, памерла ва ўзросце 22 гадоў падчас родаў.[2]

У шлюбе з Ганнай Аляксандраўнай Духоўскай (ахрышчанай яўрэйкай Ханнай Ашэраўнай), меў дачку Антаніну (нар. 27.2.1906) і сына Дыядора (1.9.1910).[2]

Пэўны час беларускія літаратуразнаўцы, напрыклад Юрый Пацюпа, думалі, што пад крыптанімам «С. Малевіч» пісаў Севярын Малевіч — бацька мастака Казіміра Малевіча, аднак нядаўна Ігар Барынаў выявіў, што сапраўдны аўтар Сяргей Малевіч[2]. Таксама выказвалася думка, што і Севярын, і Сяргей Малевіч паходзяць з аднаго разгалінаванага роду, звязанага з сялом Малева, пэўных пацверджанняў гэтаму няма, але прынамсі мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі выказваў гіпотэзу пра ролю Малева ў творчасці Казіміра Малевіча. Калі б было так, магчыма, этнаграфічная праца Сяргея Малевіча сведчыла б пра глыбокаю сувязь гэтага роду з беларускай культурай.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 23 красавіка 2022.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Баринов, 2022

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі 29 снежня
Катэгорыя·Фалькларысты Беларусі
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 2 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскай губерні
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1878 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Слуцкай гімназіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1918 годзе