wd wp Пошук:

Спаса-Праабражэнская царква з Барані

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Спаса-Праабражэнская царква. Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у г. Барань (Аршанскі раён). Унікальны помнік драўлянага культавага дойлідства, вылучаецца сваімі незвычайнымі архітэктурнымі формамі. Аналагаў гэтай царквы не сустракаецца на тэрыторыі Беларусі. Толькі Спаса-Праабражэнская царква ў в. Смаляны (таксама Аршанскі раён) сваёй архітэктурай падобная да Баранскай царквы.

Гісторыя

Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана ў 1704 годзе. Гэта дата заснавання царквы ёсць у дакументах па страхаванні забудовы за 1910—1913 гг. Перабудавана ў другой палове XIX ст.

Царква дзейнічала да 1930 г., затым была закрыта, і ў яе памяшканні зроблены клуб. Пры гэтым, натуральна, змянілася ўнутранае ўпрыгажэнне царквы, быў разабраны іканастас. У 1961 г. у будынку былой царквы размясцілі фуражны склад калгаса «Авангард». У 1989 г. царква была выратавана — яе перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

Архітэктура

У помніку адлюстраваліся кампазіцыйныя прыёмы, характэрныя для ярусных драўляных культавых пабудоў Беларусі. Аснову архітэктурнай кампазіцыі царквы складае цэнтральны квадратны ў плане высокі зруб з чатырохсхільным дахам, на якім стаіць высокі і вузкі барабан з невялікім купалам. Даўжыня сцяны цэнтральнага зруба 9 м. Ніжэйшая пяцігранная апсіда накрыта шматсхільным дахам. У мэтах павелічэння плошчы з трох бакоў вакол цэнтральнага зруба ўзведзены невысокі зруб. Так атрымалася галерэя, якая стварае ніжні ярус будынка. Галоўны ўваход вылучаны ганкам у выглядзе чатырохкалоннага порціка. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя, на бакавых фасадах асноўнага аб’ёму патройныя, арачныя.

Унебаўшэсце, 1808, НММ РБ

Унутры царквы, у ніжняй частцы цэнтральнага зруба, зроблены вялікія праёмы. Так будаўнікі царквы вырашалі праблему арганічнай цэласнасці ўнутранай прасторы будынка. Закрытая галерэя, якая з трох бакоў ахоплівае храм, была шырока распаўсюджана ў старажытнарускай мураванай архітэктуры[1]. Асноўны аб’ём перакрыты самкнутым скляпеннем, астатнія памяшканні маюць плоскія столі.

Канструкцыя такіх зрубаў, высокіх і квадратных у плане, узнікла ў старажытныя часы. Храм быў галоўным будынкам сельскага наваколля, таму прымітыўная форма яго не магла задаволіць сучаснікаў. Па сутнасці, канструкцыя цэнтральнага зруба царквы з’яўляецца канструкцыяй гарадской абарончай вежы. У драўляным дойлідстве ні ў межах Беларусі, ні ў суседніх краінах не захавалася помніка архітэктуры, дзе так арганічна спалучаліся б прыёмы і метады абарончага і культавага дойлідства.

Але такая канструкцыйная схема царквы аказалася неперспектыўнай. Атрымалася гэта па эстэтычных і ідэалагічных прычынах. Крыху простыя, вуглаватыя формы гэтых цэркваў не маглі вытрымаць канкурэнцыю з узнёслымі формамі храмаў новага тыпу. З сярэдзіны XVII ст. у праваслаўі намячаецца тэндэнцыя вяртання да візантыйскіх канонаў, і новыя цэрквы сталі ўзводзіць пяцікупальнымі. На Беларусі гэтыя тэндэнцыі ў XVIII ст. яшчэ не сталі вядучымі, беларускія архітэктары традыцыйна ўзводзілі храмы былой канструкцыі, пра што і сведчыць Баранская Спаса-Праабражэнская царква[1].

Зноскі

  1. 1 2 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·1704 год у Беларусі
Катэгорыя·Помнікі беларускага народнага дойлідства
Катэгорыя·Храмы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·З’явіліся ў 1704 годзе
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Праваслаўныя храмы Мінскага раёна
Катэгорыя·Колішнія ўніяцкія храмы Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Барань
Катэгорыя·Праваслаўныя храмы Аршанскага раёна
Катэгорыя·Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Катэгорыя·Драўляныя цэрквы Беларусі