wd wp Пошук:

Рабінавая ноч

Рабінавая (вераб’іная) ноч ― ва ўсходніх славян назва ночы з моцнай навальніцай або бліскавіцамі. Лічылася часам разгулу нячыстай сілы[1].

Паходжанне назвы

Начная навальніца

Выраз вядомы ў беларускай, рускай і ўкраінскай літаратурных мовах і дыялектах: бел.: рабінавая ноч, руск.: воробьиная ночь, укр.: гороби́на ніч. Усе тры назвы, верагодна, узыходзяць праз серыю фанетычных трансфармацый і народна-этымалагічнага збліжэння да адзінай праформы рабіная ноч, зафіксаванай у старажытнарускай мове пачынаючы з XV стагоддзя [2].

Першапачатковая форма спалучэння ― «рабіная ноч», гэта значыць «рабая, пярэстая ноч», ― ноч з маланкамі, з ветрам і навальніцай. Рабая, падобная вераб’ю, ноч, калі цемра перамяжоўваецца маланіцамі і бліскавіцамі. У гэтыя ночы вераб’і вылятаюць з гнёздаў, трывожна цвыркаюць, неспакойна збіраюцца ў зграйкі і г. д. На аснове выразу «рабіная ноч» пазней, у выніку этымалагічнага перараджэння, атрымаўся размоўны абарот «рабінавая ноч», а затым і «вераб’іная ноч». Ва ўкраінскай мове, напрыклад, выраз «горобина нiч» азначае не толькі «вераб’іны», але і «рабінавы»[3][4].

Упершыню паняцце «рабіна ноч» сустракаецца ў летапісе пры апісанні бітвы паміж дружынамі Яраслава Мудрага і яго брата Мсціслава (1024): «И бывши нощи рябинной, бысть тма и гром бываше и молния и дождь… И бысть сеча зла и страшна, яко посветяаше моления, тако блещашеся оружие их, и еликоже молния осветяше, толико мечи ведяху, и тако друг друга секаше, и бе гроза велика и сеча силна»[5].

Здагадку аб дадзеным выразе выказаў член-карэспандэнт РАН Ф. П. Філін: яно, якое існуе і цяпер у смаленскіх і беларускіх гаворках, трапіла ў кіеўскае кайнэ з крывіцкіх зямель[6].

А. М. Фінкель звязаў яго з са словам рабы (руск.: пёстрый)[7].

Ва ўкраінскай мове выраз «горобина нiч» звязваецца з паводзінамі вераб’ёў падчас навальніцы: «На працягу лета бывае некалькі бурных начэй, з градам, ліўнямі і навальніцамі, і гэтыя ночы называюцца вераб’інымі. Лівень бывае моцным да такой ступені, што выганяе вераб’ёў з іх сховішчаў, і небаракі лётаюць цэлую ноч, жаласліва чылікаюць» («Словарь малорусского наречия, составленный А. Афанасьевым-Чужбинским», СПб., 1855). Канстанцін Паустоўскі у аповесці «Гераічны паўднёвы ўсход» піша: ― Ведаеце, як называюцца такія ночы з бесперапыннай маланкай? ― Не, ― адказала Клава. ― Вераб’іная. Таму што ад яркіх выбліскаў вераб’і прачынаюцца, пачынаюць кідацца ў паветры, а потым, калі маланкі згасаюць, разбіваюцца ў цемры аб дрэвы і сцены.

Беларуска-польскі этнограф Часлаў Пяткевіч піша ў нарысе аб беларускім Палессі: «Рабок (верабей) ёсць героем ўсім вядомай рабінавай ночы, падчас якой бура рассейвае вераб’ёў. Рабінавая ноч бывае між пречитыми (другая палова жніўня―першы тыдзень верасня). Грымоты б’юць адзін за адным, страшэнны лівень лье … а маланка блись ды блись, здаецца, што ўвесь свет гарыць. У гэтую ночы вераб’і так паразлятаюцца…, што ўжо так і жывуць па адным. Таму ноч завецца рабінавай»[8].

Не выключана, што выраз Рабінавая ноч таксама можа быць звязана з вобразам рабіны. Сапраўды, такія ночы бываюць у пару цвіцення рабіны і паспявання яе ягад.

Час Рабінавай ночы

У розных месцах час «Рабінавай ночы» вызначаецца па рознаму. У Цэнтральнай Расіі гэты час, калі цвіце рабіна або перыяд з 19-га па 22-га чэрвеня, калі надыходзіць самая вялікая працягласць дня ― 17 гадзін 37 хвілін, а ноч доўжыцца 6 гадзін 23 хвіліны. Старыя смаленскія і беларускія павер’і кажуць, што Рабінавая ноч надыходзіць каля Успення (15 жніўня па старым стылі) або паміж Ільіным днём і Калядамі Багародзіцы (8 верасня па старым стылі). Строга вызначанага часу такіх начэй няма: у адных месцах іх 1-3 у годзе, у іншых 5-7 (гэта залежыць ад мясцовасці і асаблівасцяў прыроды). На Кіеўшчыне і Жытоміршчыне, напрыклад, гэта была ноч напярэдадні Івана Купалы або Пятрова дня, у некаторых месцах сяляне лічылі, што гэты час, калі заквітнее папараць. Таксама Рабінавай ноччу часцяком называюць звычайную ноч з моцнымі навальніцамі, бліскавіцамі[9].

Рабінавая ноч як містычная з’ява

На паўднёвай Украіне асэнсаванне «Рабінавай ночы» адбывалася на аснове народнай этымалогіі мовы: там такой (Вараб’інай) ноччу называлі ноч на 1 верасня (дзень Сімяона Столпніка), калі «чорт мерае вераб’ёў». Яны збіваюцца ў вялікія зграі ў адно месца, і там чэрці адмераюць іх чацьверыкамі, падграбаюць да сябе і высыпаюць ў пекла. Хто не ўвайшоў у меру ― тых адпускае. Пакаранне такое вераб’ям за тое, што яны падносілі цвікі, калі распіналі Спасіцеля. За тое ж у іх і лапкі «звязаныя вяровачкай» ― вераб’і не ходзяць, а падскокваюць. У Беларусі «Рабінавая ноч» лічылася адначасова і часам разгулу ўсялякай нечысці, і як час, калі гром і маланка забіваюць нядобрых «чаровников» і нячыстую сілу[10]. На працягу ўсёй гэтай ночы скалынае гром, граюць маланкі, лье доўгі дождж, дзьме моцны вецер. Вераб’і пачынаюць спалоханна ўзлятаць, б’юцца аб дрэвы і падаюць на зямлю. Паводле вясковых павер’яў, у гэтую ноч з пекла выходзяць і ўсе нячысцікі, якія нібыта спраўляюць сваё галоўнае свята ў годзе. Па адным з меркаванняў, у Рабінавую ноч нечысць палохала людзей, па іншых усе сілы прыроды ядналіся знішчыць нячыстую сілу, якая распладзілася за лета пасля Купалля. Кожны пакачеланы ці забіты маланкай ў Рабінаваю ноч лічыўся калдуном. Каб маланка не спаліла хату або гаспадарчыя пабудовы, перад ноччу вешалі абярэг ― які-небудзь брудны абрус, у іншых мясцінах да даху прывязвалі чырвоныя ніткі. На Палессе думалі, што ад моцнага ветра ў гэтую ноч рабчыкі разлятаюцца па лесе і да самага такавання жывуць паасобку. Таксама меркавалася, што навальніца ў Рабінаваю ноч спасобнічае дзеля даспявання рабінавых ягад; калі ж ягада не паспела ― чакалі дажджлівага канца лета і ў будучыні халоднай восені[11].

Рабінавая ноч у літаратуры і мастацтве

Вобраз Рабінавай (Вераб’інай) ночы адлюстраваны ў аповесцях Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», І. С. Тургенева «Першая любоў», А. М. Рэмізава «Вераб’іная ноч», А. С. Серафімовіча «Вераб’іная ноч», К. Паўстоўскага «Гераічны паўднёвы ўсход», В. Каверына «Вераб’іная ноч», В. Д. Маракова «Рабінавая ноч» і іншых. Рабінавая (Вераб’іная) ноч прысутнічае ў п’есах Т. Міціньскага «Рабінавая ноч»[12],Т. Габэ «Аўдоцця Рязаночка», А. Дударава «Вераб’іная ноч», І. Ілюхова «Вераб’іная ноч», у апавяданні Ул. Караткевіча «Паром на бурнай раце».

Мастацкі фільм «Рабінавыя ночы» (1984), Свярдлоўская кінастудыя. Шматлікія вершы і песні з назвамі «Рабінавая ноч» (Вераб’іная ноч) ― на рускай, украінскай і беларускай мовах. Надзвычай папулярна ва Украіне песня «Горобина ніч» на вершы Ліліі Залатаношы, выкананая Аксанай Білазір: «Не в тому річ, не в тому річ, що горобина плаче ніч…» (Не ў тым рэч, не ў тым рэч, што рабінавая плача ноч…). Сяргеем Курохіным у 1993 годзе напісана «Вераб’іная араторыя». На тэму «Рабінавай ночы» напісаны карціны мастакоў Н. Ермакова, Г. Вашчанкі, А. Гурэнкова.

Зноскі

  1. Топорков, 1995, с. 433
  2. Топорков , 1995, с. 433
  3. Коваль У. Г. Да паходжання фразеалагізма рабінавая (вераб’іная) ноч (бел.)  // Беларуская лінгвістыка : зборнік. — 1994. — В. 43. — С. 38-40.
  4. Бирих А. К., Мокиенко В. М., Степанова Л. И. Воробьиная ночь // Русская фразеология. Историко-этимологический словарь. — М.: 2005.
  5. Новгородская Четвертая летопись (нявызн.). ПСРЛ, т.4. Праверана 1848.
  6. Філін Ф. П. Лексіка беларускай літаратурнай мовы старажытнарускай эпохі // Учёные Записки педагогического института им. А. И. Герцена. — Л.: 1949. — Т. 80. — С. 258-259.
  7. Фінкель А. М. Вераб’іная ноч // Вопросы языкознания. — М.: 1956. — № 4. — С. 92-95.
  8. Ф. Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, их значэнне, ужіванне. Слоўнік. — Мн., 1968. — 451 с.
  9. Агапкина Т. А., Топорков А. Л. Воробьиная (рябиновая) ночь в языке и поверьях восточных славян // Славянский и балканский фольклор. — М.: 1989. — С. 230-253.
  10. У. Васілевіч. Рабінавая ноч // Этнаграфія Беларусі. — Мн.: 1989. — С. 419.
  11. Азимов Э. Г. Полесские поверья о вихре // Полесье и этногенез славян. — М.: 1983.
  12. Е. П. Нелепко. Мотивы белорусского фольклора в драме Тадеуша Мициньского «Рябиновая ночь» // Рэспубліканскія купалаўскія чытанні. Мн.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Беларускі фальклор
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Беларуская міфалогія
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Атмасферныя электрычныя з’явы
Беларуская народная дэманалогія
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Славянская міфалогія
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Метэаралогія