wd wp Пошук:

Пояс Вітаўта

Пояс Вітаўта — умоўная назва ўнікальнага паяснога гарнітура (у вялікай тарэўтычнай гістарыяграфіі і зборах буйнейшых музеяў свету аналагі невядомы).

Гісторыя

«Пояс Вітаўта» датуецца XIV ці пачаткам XV ст.[1]. Быў выяўлены на пачатку 1990-х гадоў пры раскопках паблізу вёскі Літва Маладзечанскага раёна.

На думку В. Рабцэвіча, пісьмовыя крыніцы, у прыватнасці паведамленні Генэ, блазна вял.кн Вітаўта, і хана Менглы-Гірэя, дазваляюць выказаць гіпотэзу, што пояс мог быць падораны Вітаўту Хаджы-Гірэям падчас сустрэчы у Мінску ў жніўні 1428 года[2]. Найбольш верагоднай датыроўкай утойвання скарбу В. Рабцэвічу ўяўляўся «смутны час» (1430—1432) у Вялікім княстве Літоўскім[2].

Нягледзячы што пояс быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей вышэйшай катэгорыі, каля 11 гадоў ён знаходзіўся ў прыватных руках. У канцы 2006 года рашэннем Вярхоўнага Суда рарытэт быў звернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы і станам на 2016 год знаходзіцца на захоўванні ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Апісанне

Унікальны пояс складаецца з некалькіх полых сярэбраных пласцін (гравіроўка, чэрнь, залачэнне) — 2 зорчатыя (16 «промняў»), дэкарыраваныя раслінным арнаментам, выявы птушак і «васіліскаў», 11 круглых з раслінным арнаментам; спражка з наканечнікам, арнаментаваная раслінным арнаментам; 5 злучальных прамавугольных планак. Агульная вага паяснога гарнітура — 805,40 грам, проба серабра — 960°.[2]

Пласціны пояса меркавана выраблены ў сталіцы Крымскага ханства Кафе (цяпер — Феадосія), спражка з наканечнікам — напэўна, у Італіі (мабыць у Генуі)[2].

Зноскі

  1. Пояс князя Витовта
  2. 1 2 3 4 Рябцевич В. Клад из деревни… С. 44.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·З’явіліся ў XIV стагоддзі
Катэгорыя·Паясы
Катэгорыя·Літва (Маладзечанскі раён)
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Экспанаты Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь