wd wp Пошук:

Паспяванне пладоў

Паспяванне пладоў — сукупнасць змен у пладах, у выніку якіх насенне ператвараецца ў парнавартасныя дыяспоры, а каляплоднік становіцца здольным выконваць функцыі па абароне і распаўсюджванню насення[1].

Ахоўныя ўласцівасці плоду

Пакуль насенне яшчэ не гатовае да распаўсюджвання, плод абараняе яго ад высыхання, механічных пашкоджанняў і іншых небяспек. Для тых раслін, насенне якіх распаўсюджваюцца, праходзячы праз страўнік жывел, характэрна ўтрыманне ў каляплодніку (перыкарпіі) недаспелых пладоў такіх рэчываў, якія з’яўляюцца для жывел нясмачнымі (напрыклад, з-за кіслага або звязальнага смаку), неядомымі ці нават атрутнымі. Пры паспяванні ж пладоў іх хімічны склад змяняецца і гэтыя ахоўныя ўласцівасці знікаюць[2].

Змены пладоў у працэсе паспявання

Пасля таго, як у расліны адбываецца апладненне (альбо пачынаецца працэс апаміксісу — развіцця зародка без апладнення), завязь пачынае інтэнсіўна расці, унутры яе фармуецца і спее насенне. У працэсе паспявання пладоў з ім адбываюцца розныя змены[1].

Вылучаюць два асноўных перыяды развіцця плоду: ад апладнення яйкаклеткі да паспявання насення і заканчэння росту каляплодніка — і, другі перыяд, да поўнага паспявання каляплодніка[1].

Па сваей працягласці перыяд паспявання пладоў можа быць кароткім (у большасці ягад) і доўгім (у цытрусавых, зімовых сартоў яблыкаў)[1]. У лімона, да прыкладу, звычайны тэрмін паспявання плоду — 9 месяцаў, пры гэтым плод можа знаходзіцца на дрэве да двух гадоў[3].

Марфалагічныя змены

Змены, якія адбываюцца ўнутры завязі, суправаджаюцца ростам і зменамі каляплодніка. Маецца два асноўных тыпы змены каляплодніка: працэс зменаў прыводзіць да абязводжвання тканак (плод з такім тыпам змены каляплодніка называецца сухім) — ці каляплоднік разрастаецца (звычайна за кошт тканін завязі або кветаложы), што звязана з павелічэннем колькасці клетак, іх памерам і ўтварэннем міжклеткавых прастор (у гэтым выпадку плод называецца сакавітым)[1].

Біяхімічныя змены

Для працэсу паспявання характэрна зніжэнне ў пладах утрымання крухмалу, арганічных кіслот і дубільных рэчываў — і, адначасова, павелічэнне ўтрымання азоцістых злучэнняў і растваральных цукроў[1].

Яшчэ адно змяненне, характэрнае для многіх спеючых пладоў, — іх размякчэнне. Яно звязана са зменай суадносін і стану поліцукрыдаў, асабліва пектінавых рэчываў, у сценках клетак[1].

Склад пігментаў, якія ўваходзяць у склад паверхневых тканак плоду, а таксама яго мякаці і клеткавага соку, пры паспяванні плоду таксама мяняецца. У многіх раслін хларафіл тканак руйнуецца, у той час як антацыяны, караціноіды і іншыя пігменты сінтэзуюцца, у сувязі з чым афарбоўка паверхні плоду нярэдка змяняецца з зяленай на жоўтую, аранжавую або чырвоную[1].

У працэсе паспявання плоду ў яго тканках адбываецца сінтэз спіртоў, альдэгідаў, складаных эфіраў, тэрпенаў і іншых лятучых рэчываў, у выніку ён набывае ўласцівы яму водар[1].

Функцыянальныя змены

У выніку паспявання пладоў каляплоднік звычайна прымае на сябе новыя функцыі — абароны пладоў, іх распаўсюджвання і інш[1]

Даспельванне

Асноўны артыкул: Даспельванне Працэс давядзення знятых недаспелы[ пладоў у сховішчах, складах або спецыяльна абсталяваных камерах да стану спажывецкай спеласці называецца даспельваннем.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Сапожникова, 1976
  2. Каден, 1975
  3. Петрова Т. В. Лимон: секреты успеха // Экзотический сад на балконе. Доступная роскошь. — М.: ЗАО Центрполиграф, 2008. — С. 111. — 191 с. — 6 000 экз. — ISBN 978-5-9524-3256-7.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Марфалогія раслін
Катэгорыя·Біялогія развіцця
Катэгорыя·Плод