wd wp Пошук:

Жывёлы

Жывёлы (Animalia або Metazoa) — традыцыйна (з часоў Арыстоцеля) вылучаная катэгорыя арганізмаў, у цяперашні час разглядаецца як біялагічнае царства. Жывёлы — асноўны аб’ект вывучэння заалогіі.

Асноўныя прыкметы

Нягледзячы на значную разнастайнасць жывёл, для іх характэрны некаторыя агульныя прыкметы.

Класічнымі прыкметамі жывёл лічацца гетэратрофнасць і здольнасць актыўна перасоўвацца. Хаця існуе нямала жывёл, якія вядуць нерухомы спосаб жыцця, а гетэратрофнасць уласцівая таксама грыбам і некаторым раслінам-паразітам.

Класіфікацыя

Да жывёл адносяцца разнастайныя арганізмы: млекакормячыя, паўзуны, земнаводныя, рыбы, птушкі, насякомыя, малюскі, марскія зоркі, чэрві і інш.

Навука пра класіфікацыю жывёл завецца сістэматыка ці таксанамія. Гэтая навука вызначае роднасныя сувязі паміж арганізмамі. Ступень сваяцтва далёка не заўсёды вызначаецца вонкавымі падабенствамі. Справа ў тым, што роднасныя сувязі ў жывёл вызначаюцца іх паходжаннем. Вывучаючы будову шкілета і зубную сістэму жывёл, вызначаюць блізкасць жывёл адна да адной, а палеанталагічныя знаходкі старажытных вымерлых відаў жывёл дапамагаюць усталяваць больш сапраўдныя роднасныя сувязі паміж іх нашчадкамі. Вялікую ролю ў сістэматыцы мае генетыка — навука пра законы спадчыннасці.

Будова і жыццядзейнасць жывёльнага арганізма

Цела жывёл складаецца з клетак. У мнагаклетачных жывёл вылучаюцца групы клетак, якія маюць аднолькавую будову і выконваюць адну і тую ж функцыю. Такія клеткі ўтвараюць тканкі. Існуюць чатыры асноўныя тыпы тканак: эпітэліяльная, мышачная, злучальная і нервовая. Розныя віды тканак уваходзяць у састаў больш складаных утварэнняў — органаў, а апошнія складаюць сістэмы органаў. Напрыклад, шкілет млекакормячых утвораны двума відамі злучальнай тканкі: касцявой і храстковай. Разам з мышачнай тканкай шкілет утварае апорна-рухальную сістэму, якая забяспечвае апору для ўнутраных органаў, выконвае рухальную і ахоўную функцыі.

Актыўную жыццядзейнасць жывёл забяспечвае комплекс сістэм органаў: стрававальнай, дыхальнай, выдзяляльнай і палавой. Перанос пажыўных рэчываў, прадуктаў абмену, газаў (кіслароду і вуглякіслага газу) у арганізме жывёл ажыццяўляе крывяносная сістэма. Нервовая сістэма рэгулюе працэсы жыццядзейнасці і паводзіны жывёл, аб’ядноўваючы работу ўсіх сістэм органаў як частак адзінага арганізма.

Мнагаклетачныя жывёлы, за рэдкім выключэннем, вылучаюцца сіметрычнай будовай. Адрозніваюць два асноўныя тыпы сіметрыі: прамянёвую (радыяльную) і двухбаковую (білатэральную).

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Жывёлы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Заалогія
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Жывёлы