wd wp Пошук:

Памылковыя сябры перакладчыка

Фальшывыя сябры перакладчыка — словы, якія вымаўленнем ці напісаннем падобныя да інтэрнацыяналізмаў (такія як «інфармацыя», «эканоміка»), але або цалкам адрозніваюцца значэннем, або толькі часткова супадаюць у сваіх значэннях са словамі дзвюх моў: мовы, з якой перакладаюць, і мовы, на якую перакладаюць. Могуць быць прычынай як грубых сэнсавых, так і нязначных стылістычных памылак у перакладзе. Фальшывыя сябры перакладчыка могуць існаваць і ў розных дыялектах адной мовы. Так у палескай гаворцы герояў «Палескай хронікі» Івана Мележа Хадоські і Яўхіма слова «грубая» (з націскам на другі склад) выкарыстовалася ў сэнсе «цяжарная»[1]. У амерыканскім дыялекце англійскай мовы фраза «vest and pants» можа значыць «дзелавы касцюм», а ў брытанскім варыянце яна выкарыстоўваецца ў значэнні «майка і шорты».

Прыклады з рускай мовы

Паколькі руская і беларуская мовы належаць да адной групы ўсходняславянскіх моў, яны вельмі падобныя. Таму пры перакладзе з рускай трэба звяртаць асаблівую ўвагу на «фальшывых сяброў».

РускаяБеларуская
БлагойДобры, а не благі
ВекТолькі ў сэнсе «эпоха», а «100 гадоў» — стагоддзе
ДиванКанапа, а не дыван
ЖурналТолькі ў сэнсе «рэгістрацыйны», а «перыядычнае выданне» — часопіс
КорыстныйКарыслівы, а не карысны
ЛаятьБрахаць, а не лаяць
МирТолькі ў сэнсе «адсутнасць вайны», а «чалавецтва» — свет
ЧасТолькі ў сэнсе «пара», а «60 хвілін» — гадзіна

Яшчэ больш увагі патрабуе пераклад на сучасную беларускую мову таго, што напісана на рускай мове ХІХ — пачатку ХХ стст. Вось некалькі прыкладаў, якія можна сустрэць у класічнай літаратуры і Сінадальным перакладзе Бібліі.

РускаяБеларуская
ГробСклеп, а не толькі труна
КрепостнойПрыгонны, аб сялянах ці праве
ЛюбовникЗакаханы (станоўчы вобраз), а не толькі каханак (негатыўны вобраз)
ОкопАгароджа, якую будуюць каб штурмаваць крапасныя муры, а не толькі акоп
ПрисутствиеАддзяленне, дэпартамент а не толькі прысутнасць альбо наяўнасць
ТоварищПамочнік (напрыклад, пракурора), а не толькі таварыш

Прыклады з англійскай мовы

Існуе шэраг англійскіх слоў, якія падобны на беларускія, але прынцыпова адрозніваюцца ад іх сэнсам.

Пералік слоў з поўным нясупадзеннем значэння[2]

АнглійскаяБеларуская
accurateдакладны, а не акуратны
actualфактычны, а не актуальны
advocateабаронца, але не адвакат
anginaстэнакардыя, а не ангіна
aspirantпрэтэндэнт, а не аспірант
bullionзлітак (золата), а не булён
compositorнаборшчык, а не кампазітар
dataзвесткі, даныя, а не дата
decadeдзясяцігоддзе, а не дэкада
Dutchгаландскі, а не дацкі
fabricтканіна, а не фабрыка
listспіс, а не ліст
lyricsсловы песні, а не лірыка
magazineчасопіс, а не магазін
mayorмэр, а не маёр
notebookзапісная кніжка, канспект, сшытак, а не ноўтбук[3]
preservativeкансервант, а не прэзерватыў
physicianтэрапеўт, а не фізік
plotзмова, сюжэт, а не плот
prospectперспектыва, а не праспект
rapportхарошыя адносіны, а не рапарт
replicaдакладная копія, а не рэпліка
resinсмала, а не рызіна
sodiumнатрый, а не сода
Yikes!ой!, а не яйкі

Таксама існуюць словы, значэнні якіх толькі часткова супадаюць з беларускімі. Так бывае звычайна калі яны пераходзілі ў беларускую як запазычаныя словы — толькі ў адным значэнні.

Пералік слоў з няпоўным супадзеннем значэння[4]

АнглійскаяБеларуская
activityдзейнасць, а не толькі актыўнасць
aggressiveэнергічны, настойлівы, а не толькі агрэсіўны
articleартыкль, а не толькі артыкул
authorityулада, а не толькі аўтарытэт
bandатрад, стужка, а не толькі банда
cameraфотаапарат, а не толькі камера
characterперсанаж, а не толькі характар
championзмагар, а не толькі чэмпіён
concreteбетон, а не толькі канкрэтны
conductorправаднік, дырыжор, а не толькі кандуктар
controlкіраваць, а не толькі кантраляваць
conventionз'езд, а не толькі канвенцыя
copyэкзэмпляр, а не толькі копія
correspondenceадпаведнасць, а не толькі карэспандэнцыя
creditзаслуга, а не толькі крэдыт
criticalважны, а не толькі крытычны
dramaticрашаючы, а не толькі драматычны
elementстыхія, а не толькі элемент
episodeсерыя (фільму, камп'ютарнай гульні), а не толькі эпізод
executionсмяротнае пакаранне, выкананне, а не толькі экзекуцыя
figureмалюнак, лічба, а не толькі фігура
gasможа быць скарачэннем ад gasoline (бензін), а не толькі словам «газ»
interestпрацэнт (банкаўскі), а не толькі інтарэс
legalправавы, юрыдычны, а не толькі легальны
liberalгуманітарны (аб адукацыі), а не толькі ліберальны
markметка, пляма, марка (не паштовая)
meditationроздум, а не толькі медытацыя
ministerсвятар, служыцель Бога, слуга, а не толькі міністр
momentumінерцыя, момант (толькі памятны, важны)
nationчасцей за ўсе — краіна, радзей — нацыя
nationalityграмадзянства, а не толькі нацыянальнасць
numberколькасць, а не толькі нумар
objectмэта, а не толькі аб'ект
officerслужбовая асоба, а не толькі афіцэр
originalпершапачатковы, а не толькі арыгінальны
panelсекцыя (на навуковай канферэнцыі), а не толькі панэль
partisanпрыхільнік, а не толькі партызан
positionпасада, а не толькі пазіцыя
pretendпрытварацца, а не толькі прэтэндаваць
publicдзяржаўны, а не толькі публічны
publishабвяшчаць, а не толькі выдаваць у друкарні
raceнацыянальнасць, а не толькі раса
rallyмітынг, а не толькі аўтаралі
realizeразумець, уяўляць сабе, а не толькі рэалізоўваць
recordзапіс, а не толькі рэкорд
regularзвычайны, а не толькі рэгулярны
routineраспарадак, а не толькі руціна
separateасобны, а не толькі сепаратны
solidцвёрды, а не толькі салідны
speculationмеркаванне, а не толькі спекуляцыя
studentвучань школы, навучэнец каледжа, даследчык, а не толькі студэнт
substanceрэчыва, сутнасць, а не толькі субстанцыя

Прыклады з французскай мовы

ФранцузскаяБеларуская
bâtonпалка, а не батон
chiffreлічба, а не толькі шыфр
champignonгрыб увогуле, (шампіньён па французску psalliote)
crèmeвяршкі, смятана, а не толькі крэм
étudeвывучэнне, а не толькі эцюд
pigeonголуб, а не толькі піжон
plotкантакт, заціскачка і г.д., а не плот
sujetасоба, суб'ект і г.д., а не толькі сюжэт
toxicomaneі таксікаман, і наркаман[5]

Прыклады з нямецкай мовы

НямецкаяБеларуская
Ballмяч, а не бал
Besuchenнаведваць, а не бязвухі
Elfадзінаццаць, футбольная каманда, а не толькі эльф
Fantсмаркач, малакасос, а не фант
Herzсэрца, а не герц (фіз. адзінка)
Ponyгрыўка, а не толькі поні
Stukaне штука, а прэфікс «авія-»
Zentner50 кг, а не цэнтнер[6]

Прыклады з іншых моў

Некаторыя словы польскай мовы таксама могуць уяўляць цяжкасць для беларусаў. Напрыклад, слова «ssać» азначае «сасаць», а «prosty» — гэта «прамы», а не «просты». Цюркскія словы «базар» і «чобан» маюць больш шырокі сэнс акрамя значэнняў «рынак» і «пастух». Так «базар» (bazar) у азербайджанскай мове можа таксама азначаць «нядзеля», а «чобан» (çoban) можа мець і пераносны сэнс: «духоўны пастыр»[7].

Слова «шахід» звычайна ўжываецца ў сучаснай беларускай мове ў сэнсе «ісламскі тэрарыст», але ў мовах араба-ісламскага свету яно азначае «пакутнік, той, хто гіне ў вайне з ворагамі Ісламу» і не можа адносіцца да тэрарыстаў .

Зноскі

  1. Іван Мележ Людзі на балоце Архівавана 19 кастрычніка 2011.
  2. На падставе: Слепович В. С. Курс перевода (английский-русский). Мн.: «ТетраСистемс»,2001, с.15-16
  3. Англіскім эквівалентам гэтага тэрміна з’яўляецца слова laptop. Сярод праграмістаў распаўсюджаны таксама тэрмін notebook computer. Гл.: Миньяр-Белоручева А. П., Миньяр-Белоручев К. В. Английский язык. Учебник устного перевода: Учебник для вузов / А. П. Миньяр-Белоручева, К. В. Миньяр-Белоручев. — М.: Изда­тельство «Экзамен», 2003, с 22
  4. На падставе: Слепович В. С. Курс перевода (английский-русский). Мн.: «ТетраСистемс»,2001, с.16-17
  5. Многоязыковой словарь Мультитран
  6. Форум Ростова-на-Дону
  7. У гэтым сэнсе азербайджанскія хрысціяне выкарыстоўваюць гэта слова ў якасці тытула Ісуса Хрыста (ISA MƏSIH ÇOBAN)
Тэмы гэтай старонкі (1):
Пераклад