wd wp Пошук:

Ніасцы

Ні́асцы або нія́сцы (саманазва Ono Niha, літаральна “людзі продкаў”) — карэнныя насельнікі вострава Ніас у Інданезіі. Агульная колькасць - 911 тыс. чал. (2010 г.)[1].

Паходжанне

Па мове ніасцы адносяцца да так званай протамалайскай галіны аўстранезійскай групы народаў Інданезіі — папярэднікаў малайскіх народаў у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Мяркуецца, што продкі сучасных ніасцаў трапілі на востраў каля 12 тыс. гадоў таму, калі ўзровень акіяну быў значна ніжэйшы, і Ніас складаў адзінае цэлае з Суматрай. Геаграфічна неспрыяльныя ўмовы ўзбярэжжа прывялі да таго, што людзі сяліліся пераважна ў цэнтральнай узгорыстай частцы, і гэта садзейнічала іх ізаляванасці ад знешняга свету. Самі ніасцы лічаць, што паходзяць з мястэчка Гома ў цэнтры Ніаса.

Аднак у паходжанні ніасцаў маюцца свае неразгаданыя таямніцы. Справа ў тым, што жыхары паўночнай часткі вострава антрапалагічна адрозніваюцца ад жыхароў паўднёвай і знаходзяцца бліжэй да батакаў Суматры. На аснове гэтага некаторыя даследчыкі мяркуюць, што протамалайскім перасяленцам папярэднічалі тубыльцы больш ранняга часу, якія прыбылі прыкладна 55 тыс. гадоў таму. Жыхарам поўдня ў спадчыну засталіся іх гены. Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што ізаляванасць вострава мела вельмі адносны характар, таму існавалі познія перасяленні з Суматры, якія адбіліся на знешнім абліччы паўночных жыхароў. Генетычныя даследаванні, якія праводзіліся ў 20022003 гг., ускосна пацвярджаюць абодва пункты гледжання.

Гісторыя

Пісьмовыя звесткі пра востраў Ніас з’явіліся яшчэ ў IX ст. н.э. Але сталыя гандлёвыя кантакты з жыхарамі Паўночнай Суматры мясцовыя насельнікі пачалі толькі ў XV ст. Галоўным таварам, які цікавіў мусульманскіх гандляроў, былі рабы. Наўзамен яны пастаўлялі золата, тканіны, упрыгожанні. На паўночным усходзе вострава нават узнікла невялікае мусульманскае паселішча.

У 1857 г. Ніас быў далучаны да валоданняў Нідэрландаў. Дзякуючы працы нямецкіх місіянераў большасць мясцовага насельніцтва прыняло хрысціянства. У 1945 г. Ніас увайшоў у склад Інданезіі.

Культура

Асноўнымі заняткамі ніасцаў здаўна былі сельская гаспадарка, рыбалоўства, паляванне на дзікоў, аленяў і малпаў. Ніасцы вырошчвалі пераважна клубневыя культуры і фруктовыя дрэвы. Зямлю апрацоўвалі ўручную. Для спажывання і рытуальных мэт гадавалі свінняў і сабак. З XX ст. усё большую ролю адыгрываюць какосавая пальма, каўчуканосы, рыс, трымаюць курэй і кароў.

Асноўны тып паселішча - вёска. На поўдні вёскі вялікія з цэнтральнай вуліцай, умацаванай каменнымі плітамі. Па баках вуліцы месцяць каменныя выявы жывёл і людзей. Вакол вёсак ладзяцца каменныя валы і муры. На поўначы вёскі значна меншыя, узводзяцца на ўзгорках, але таксама ўмацоўваюцца валам, а часам і ровам.

Хаціны каркасныя, авальныя ў плане на поўначы, прамавугольныя на поўдні. Будуюцца на па́лях. Унутры вылучаецца агульны пакой са ступенямі, якія паднімаюцца да столі. На іх у дні святаў сядзяць госці. Месцы займаюць згодна індывідуальнаму рангу. У канцы агульнага пакоя ладзіцца агмень. За ім пачынаюцца пакоі дамачадцаў і гаспадарчыя памяшканні. Дахі высокія, двухсхільныя. Стрэхі заўсёды ўпрыгожаны разьбярствам. У кожнай хаціне ёсць месца для выяў продкаў.

Традыцыйная сацыяльная арганізацыя даволі складаная. Члены грамадства падзяляліся на 15 рангаў. Вышэйшы займалі правадыры сіулу або салава, улада якіх звычайна была спадчыннай, а шлюбы з простачыннымі людзьмі сата або сінхона не практыкаваліся. Ніжэйшы займалі рабы савую або салава, якім забаранялася жыць сярод свабодных абшчыннікаў. Найчасцей рабамі станавіліся сіроты або захопленыя ў палон жыхары іншых вёсак. Войны паміж вёскамі мелі сталы і даволі кровапралітны характар. З рэлігійнымі вераваннямі было звязана паляванне за галовамі.

Сем’і вялікія пашыраныя. Главой заўсёды з’яўляецца мужчына.

Традыцыйная вопратка — кавалкі тканіны, абгорнутыя вакол сцёгнаў, і куртка з лубу (гл. Сцябло) або бананавых валокнаў. У мінулым жанчыны хадзілі голымі вышэй пояса. Мужчыны і жанчыны апраналі плеценыя капелюшы. Мужчыны таксама ладзілі плеценыя шаломы і даспехі, якімі карысталіся падчас вайны. Адметнай рысай традыцыйнай вопраткі з’яўляюцца багатыя ўпрыгожанні, асабліва ў мужчын. На поўдні былі распаўсюджаны татуіроўка і пілаванне зубоў.

Ніасцы вядомы як выдатныя апрацоўшчыкі каменю. Са старажытнасці на востраве развівалася мегалітычная культура. У вёсках і вакол іх часцяком усталёўваюць каменныя выявы людзей і жывёлін, што маюць рытуальнае значэнне. Развіты пляценне і апрацоўка дрэва. Распаўсюджаныя жанры фальклору - казкі, генеалагічныя паданні, рытуальныя спевы, танцы. У дні святаў арганізуюцца скокі над камянямі.

Рэлігія

Старажытная рэлігія ніасцаў уяўляла сабою стракатую сумесь анімістычных рытуалаў, культу продкаў і шаманізму. З XV ст. на Ніасе быў вядомы іслам. У XIX ст. большасць мясцовых жыхароў прыняла хрысціянства. У наш час хрысціяне (пераважна пратэстанты) складаюць прыкладна 85% вернікаў, мусульмане — каля 15%.

Галерэя

Зноскі

  1. Niassan, Nias of Indonesia

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Інданезіі
Катэгорыя·Аўстранезійцы
Катэгорыя·Народы Азіі