Ну́дзічы[1] (трансліт.: Nudzičy, руск.: Нудичи) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Чамярыскага сельсавета.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (121 сям’я) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы.
Да 26 верасня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Дублінскага сельсавета[2]. Вёска ліквідавана 20 жніўня 2008 года[3].
У 11 км на паўднёвы захад ад Брагіна, 28 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 130 км ад Гомеля.
Размешчана на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін. Планоўка складаецца з 2 (адна доўгая, другая кароткая) прасталінейных вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, да якіх на поўдні далучаецца ледзь выгнутая шыротная вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў валоданні князёў Вішнявецкіх, ва 2-й палове XVII стагоддзя перайшла ў валоданне Каняцпольскіх. Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1897 годзе размяшчаліся капліца, вятрак, у Брагінскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.
У 1931 годзе арганізаваны калгас імя К. Маркса, працавалі вятрак і гамарня. У 1959 годзе ўваходзіла ў склад калгасу імя М. І. Калініна (цэнтр — вёска Глухавічы).
Побач радовішчы торфу.