wd wp Пошук:

Малаялі

Малаялі (малаялам മലയാളി, літаральна “жыхары гор”) — карэннае насельніцтва паўднёвай Індыі, галоўным чынам штата Керала. Да малаялі адносяць як канкрэтны народ, так і прадстаўнікоў малых этнічных і этнаканфесійных груп, якія размаўляюць на мове малаялам. Агульная колькасць у Індыі — 34 776 533 (2011 г.)[1]. У выніку эміграцыі буйныя абшчыны малаялі склаліся ў краінах Персідскага заліву і Малайзіі[2].

Паходжанне

Першыя людзі сучаснага тыпу з’явіліся на паўднёвым захадзе Індыі ў каменным веку. Мяркуецца, што яны былі блізкія да продкаў ведаў Шры-Ланкі. Але ў 1 тысячагоддзі да н. э. яны зліліся з прышлым дравідыйскім насельніцтвам. Адзіным нашчадкам старажытных жыхароў з’яўляецца горнае племя уладан. На схілах Заходніх Гатаў захаваліся мегалітычныя збудаванні 1 тысячагоддзя да н. э. Пазней пачалося засяленне Малабара, які доўгі час быў пакрыты лясамі.

Дзякуючы прыдатнаму геаграфічнаму становішчу на Малабарскім узбярэжжы сяліліся выхадцы з розных рэгіёнаў Індыі і іншых краін. Лічыцца, што мова малаялам вылучылася ў IX - XII ст. н. э. Прыкладна ў гэты час сфарміравалася народнасць малаялі. Канчатковае адасабленне малаялі ад іншых дравідыйскіх народаў Паўднёвай Індыі адбылося ў выніку культурнага адраджэння XIX - перш. пал. XX стст. У 1956 г. малаялам стаў афіцыйнай мовай штата Керала, а яго носьбіты атрымалі агульную назву малаялі.

Культура

Культура малаялі адрозніваецца значнай стракатасцю дзякуючы сталаму знешняму ўплыву, рэлігійнаму і каставаму падзелу грамадства. Больш за палову малаялі займаецца сельскай гаспадаркай. Астатнія - рыбакі, мараплаўцы, рамеснікі, жыхары буйных гарадоў, уцягнутыя ў прамысловасць і сферу абслугоўвання.

Каставая сістэма прыжылася пазней, чым у іншых рэгіёнах Індыі, таму не выціскнула традыцыйную матрылакальную сістэму сваяцтва. Яна асабліва характэрна для вышэйшых каст наяраў, якія здольныя прасачыць свае карані па матчынай лініі на працягу некалькіх стагоддзяў. Важную ролю ў сям’і адыгрывае не бацька, а старэйшы брат маці. У ранейшыя часы спадчына таксама перадавалася па лініі маці. У вясковых жыхароў сустракаюцца выпадкі паліандрыі. Выхадцы з вёсак і іх нашчадкі звычайна зберагаюць шчыльныя сувязі з месцам паходжання, што садзейнічае захаванню традыцыйных адносін.

Мова

Малаялам, родная мова малаялі, адносіцца да дравідыйскай сям’і моў. Мае агульнае паходжанне з мовамі тамілаў і тэлугу. Шырока выкарыстоўваецца ў паўседзённым побыце, сродках масавай інфармацыі, літаратуры і г. д. Узровень пісьменнасці адзін з вышэйшых у Індыі.

Рэлігія

Большасць вернікаў-малаялі спавядае індуізм. Вышэйшыя касты: намбудыры, амбалавасі, наяры, тыяры, ілавары.

Вылучаюцца таксама этнаканфесійныя групы хрысціян (пераважна праваслаўных і каталікоў), мусульман і іўдэяў.

Зноскі

  1. ABSTRACT OF SPEAKERS’ STRENGTH OF LANGUAGES AND MOTHER TONGUES - 2011
  2. Malayali

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Індыі
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Дравідыйскія народы