wd wp Пошук:

Насельніцтва Латвіі

У канцы 2010-х у Латвіі пражывае каля 2 млн чалавек, гэта больш за Эстонію, але менш за Літву.

Дынаміка колькасці насельніцтва

Дынаміка колькасці насельніцтва, 1920 - 2015

Да пачатку 1990-х насельніцтва краіны павялічвалася і на сваім піку (1990) дасягнула 2,67 млн чал. Пасля распаду СССР і ўступлення Латвіі ў ЕС колькасць насельніцтва краіны паменшылася на 0,7 млн чал. або на 27 % і працягвае памяншацца. У 2017 годзе ў Латвіі жыло столькі ж народу, колькі ў 1950-м. Падобныя тэмпы дэпапуляцыі ў свеце толькі ў Літвы і Балгарыі. Скарачэнне колькасці насельніцтва мае пад сабою два складнікі: перавышэнне смяротнасці (14,5 на адну тысячу) над нараджальнасцю (9,7) і міграцыйны адток у краіны Заходняй Еўропы (-6). Такім чынам, тэмп змяншэння насельніцтва Літвы ў 2017 склаў -1,08 %[1].

Этнічны склад

Сукупная доля рускіх, беларусаў, украінцаў у землях Латвіі, перапіс 2011

Латвія — шматнацыянальная дзяржава з перавагай тытульнай нацыі. Дадзеныя аб нацыянальным складзе ўзятыя з апошняга перапісу (2011): з дзвюхмільённага насельніцтва краіны 62,1 % складаюць латышы, 26,9 % — рускія, 3,3 % — беларусы, 2,2 % — украінцы, 2,2 — палякі, 1,2 % — літоўцы, 2,1 % — іншыя этнічныя групы (сярод іх эстонцы, немцы, лівы, яўрэі)[2]. Для параўнання: перапіс 1935 года зафіксаваў долю латышоў, роўную 76,9 %, а рускіх — 8,8 %; да Другой Сусветнай вайны вялікую этнічную меншасць складалі прыбалтыйскія немцы, амаль цалкам прымусова рэпатрыяваныя ў Германію ў 1939-1941. Пасля вайны адбываўся магутны прыток працоўных мігрантаў з іншых рэспублік СССР, у асноўным славян, і апошні савецкі перапіс (1989) адзначыў долю латышоў у 52,05 %, а рускіх — 33,96 %, у час незалежнасці рост удзельнай вагі тытульнай нацыі суправаджаецца змяншэннем долі астатніх меншасцяў. Латышы абсалютна пераважаюць у сельскай мясцовасці, у вялікіх гарадах (Рыга, Даўгаўпілс) іх доля меншая за сукупную долю прадстаўнікоў іншых нацый.

Насельніцтва Латвіі паводле этнічнага паходжання, з 1935 па 1989 гг., у тысячах
1935* 1959* 1989* 2005 2011
Нацыянальнасць КолькасцьПрацэнт КолькасцьПрацэнт КолькасцьПрацэнт КолькасцьПрацэнт КолькасцьПрацэнт
Латышы 1.467,077,0 1.297,962,0 1.387,852,0 1.357,158,8 1.284,262,1
Рускія 168,38,8 556,426,6 905,534,0 669,728,6 556,426,9
Яўрэі 93,44,9 36,61,7 22,90,9 9,90,4 6,40,3
Немцы 62,13,3 1,60,1 3,80,1 3,90,2 3,00,1
Палякі 48,62,6 59,82,9 60,42,3 56,52,5 44,82,2
Беларусы 26,81,4 61,62,9 119,74,5 88,33,8 68,23,6
Літоўцы 22,81,2 32,41,5 34,61,3 31,71,4 24,41,2
Украінцы 1,80,1 29,41,4 92,13,4 59,02,6 45,72,2
Татары 15,10,7 10,70,9 39,51,8 30,31,7 28,31,3
Усяго 1.905,9100,0 2.086,4100,0 2.666,6100,0 2.306,4100,0 2.067,9100,0

Неграмадзяне

У Латвіі дагэтуль здараюцца канфлікты вакол рускай меншасці, прадстаўнікі якой часта адмаўляюцца атрымліваць латышскае грамадзянства па ўстаноўленай працэдуры, якая прадугледжвае іспыт па латышскай мове, а латышскія ўлады парушаюць правы рускіх на навучанне на роднай мове. Прыкладна палова рускамоўных мае статус неграмадзян і пазбаўлены права голасу на выбарах і іншых правоў і свабод. На 2015 год 12,2% насельніцтва краіны не маюць ніякага грамадзянства.[3]

Рэлігійны склад

Паводле некаторых дадзеных[4], Латвія адносіцца да самых нерэлігійных краін свету. Каля 64 % насельніцтва не атаясамлівае сябе ні з якой рэлігіяй. Лютэранства, традыцыйную веру латышоў, спавядае каля 19 % насельніцтва (паводле іншых дадзеных — 34,2 %), яшчэ 15-17 % адносяць сябе да праваслаўных, гэта ў асноўным рускамоўнае насельніцтва. Палякі і літоўцы, а таксама частка латгальскіх латышоў — каталікі (па некаторых дадзеных — да 20 %).[5]

Размяшчэнне і рассяленне

Насельніцтва размешчана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна пры сярэдняй шчыльнасці каля 30 чалавек на кв.км. У 2018 крыху больш за дзве траціны латышоў (68,1 %) пражывалі ў гарадах. Буйнейшы горад Латвіі і ўсёй Прыбалтыкі — Рыга (637 тыс. у 2018) [6]. Наступныя буйныя гарады на парадак меншыя за сталіцу: Даўгаўпілс, 93 тыс.; Ліепая, 76 тыс; Елгава, 59 тыс.; Юрмала, 50 тыс.[7]

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
  2. http://pop-stat.mashke.org/latvia-ethnic-comm2011.htm
  3. http://www.pmlp.gov.lv/lv/assets/documents/statistika/01.01.2015/ISVP_Latvija_pec_VPD.pdf Архівавана 17 лютага 2015.
  4. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
  5. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
  6. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/lg.html Архівавана 5 верасня 2015.
  7. https://www.csb.gov.lv/sites/default/files/publikacijas/2015/Nr%2012%20Latvijas%202011.gada%20Tautas%20skaitisanas%20rezultati_Results%20of%20the%202011%20Population%20and%20housing%20census%20in%20Latvia%20(15_00)_LV_EN.pdf
Тэмы гэтай старонкі (1):
Насельніцтва Латвіі