wd wp Пошук:

Надзьканіжа

На́дзьканіжа (венг.: Nagykanizsa, харв.: Kaniža) — горад на паўднёвым захадзе Венгрыі, у медзье Зала. Насельніцтва — 48 664[2] чалавекі (на 1 студзеня 2014 г.). Важны прамысловы цэнтр, чыгуначны вузел.

Геаграфія і транспарт

Горад размешчаны за 210 кіламетраў на паўднёвы захад ад Будапешта і за 40 кіламетраў ад паўднёвага ўскрайка возера Балатан. За 15 кіламетрах ад горада праходзіць граніца з Харватыяй. Праз горад працякае невялікая рэчка Каніжа, прыток Зала (басейн Балатана). Праз Надзьканіжу праходзіць аўтамабільная і чыгуначная магістраль БудапештЗаграб, прычым у Надзьканіжэ яны разыходзяцца — аўтамабільная шаша ідзе на сталіцу Харватыі праз Чакавец і Вараждзін, а чыгунка праз Капрыўніцу і Крыжаўцы. Іншыя аўтамабільныя дарогі вядуць з Надзьканіжы ў Капашвар і Залаэгерсег. Час у дарозе на цягніку да Будапешта — 4 гадзіны.

За 30 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада размешчаны міжнародны аэрапорт Балатан-Шармелек.

Гісторыя

Каніжа ў часы асманскага валадарства

Назва «Каніжа» славянскага паходжання, азначае «княжацкі». Упершыню гэта назва згадана ў дакументах у 1245 годзе. У XIII стагоддзі тут быў пабудаваны ўмацаваны замак.

У 1571 годзе горад захоплены туркамі. У 1601 годзе аўстрыйская армія прадпрыняла спробу адваяваць горад, аднак паўтарамесячная аблога не прывяла да поспеху, туркі адбілі ўсе напады. Вызвалены горад быў разам з астатняй Венгрыяй у канцы XVII стагоддзя. Спусцелую тэрыторыю засялялі каланісты з Германіі, Сербіі і Харватыі, што прывяло да поліэтнічнага складу насельніцтва горада.

Пасля паражэння туркаў Надзьканіжа страціла сваё ваеннае значэнне, аднак хутка пачала развівацца, як транспартны вузел на скрыжаванні гандлёвых маршрутаў, якія злучалі Адрыятычнае ўзбярэжжа з Будапештам і Венай.

У 1765 годзе ў горадзе адкрыта школа піяраў. У 1860 годзе праз горад прайшла чыгунка, якая звязала найбуйнейшы адрыятычны порт Рыеку з Будапештам і Венай, што спрыяла далейшаму развіццю горада.

У канцы XIX стагоддзя таксама хутка развіваецца прамысловасць — піваварства, перапрацоўка малака, іншыя кірункі харчовай прамысловасці; а таксама вытворчасць вырабаў са шкла і банкаўская справа. У 1895 годзе адкрыта эканамічная школа.

Перакройванне межаў пасля Першай сусветнай вайны нанесла ўдар па ролі горада, як гандлёвага цэнтра. Ажывіць эканоміку горада дапамагло выяўленне ў наваколлях радовішчаў нафты і газу, што хутка ператварыла Надзьканіжу ў цэнтр венгерскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці.

Пасля Другой сусветнай вайны індустрыялізацыя горада працягнулася. У 1965 годзе ў горадзе пабудавана фабрыка па вытворчасці электратавараў, у наш час — фабрыка крыніц святла кампаніі General Electric.

Эканоміка

Аснова эканомікі горада — харчовая прамысловасць (мукамольныя фабрыкі), вытворчасць абсталявання для нафтагазавай прамысловасці. Адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада з’яўляецца завод General Electric, які вырабляе крыніцы святла.

Гарады-пабрацімы

Зноскі

  1. Magyarország közigazgatási helynévkönyve, 2018. január 1., Gazetteer of Hungary, 1st January 2018KSH, 2018. Праверана 27 верасня 2018.
  2. Штогадовае выданне «Адміністрацыйная Венгрыя», Цэнтральнае Статыстычнае Бюро, 2014.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Зала (медзье)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Гарады Венгрыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных