Надзе́ждзіна[1] (трансліт.: Nadzieždzina, руск.: Надеждино; да 1937 года Угольцы) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Мікалаеўскага сельсавета.
На поўнач ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 75 км ад Гомеля.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай дарозе, затым па шашы Доўск — Гомель. Планоўка складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой на поўначы пад прамым вуглом далучаецца кароткая прамалінейнай вуліца. Забудова двухбаковая, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Па пісьмовых крыніцах вядомая XIX стагоддзя як вёска ў Гарадзецкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 1850 годзе ў валоданні памешчыка Кеневіча. Па рэвізіі 1858 года ў складзе маёнтка Самойлаў. З 1884 года дзейнічаў хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся 2 вятракі. У 1909 годзе 762 дзесяцін зямлі.
У 1925 годзе ў Прыбарскім сельсавеце Гарадзецкага раёна Бабруйскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Зорка», працаваў вятрак. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 59 жыхароў вёскі. У 1959 годзе ў складзе саўгаса «Шлях Ілліча» (цэнтр — вёска Мікалаеўка).