wd wp Пошук:

Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч

Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч (29 верасня (10 кастрычніка) 1796, Падольская губерня, цяпер Украіна — 7 (19) студзеня 1862) — гісторык, краязнавец і этнограф, ваенны тапограф, статыстык, генерал-маёр[1].

Сям’я

Нарадзіўся ў дваранскай сям’і кантралёра мытні Магілёва-Падольскага Осіпа Якаўлевіча Карніловіча. Дзяцінства прайшло ў маёнтку Карніловічы[2]. Старэйшы брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

У афіцыйных паперах і дакументах прозвішча Міхаіла Восіпавіча пісалася «Бескарніловіч» або «Без-Карніловіч». Пасля ён звяртаўся ў Дэпартамент герольдыі і непасрэдна да імператара Мікалая I па дазвол пісаць сваё прозвішча, як і ўсе яго сваякі, «Карніловіч». Аднак такога дазволу не атрымаў, і яму было загадана надалей называцца «Без-Карніловіч»[3]

Біяграфія

У 1816 кончыў 1-ы кадэцкі корпус[1]. Удзельнік руска-турэцкай вайны (1828—1829). Узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-ай ст. (1841).

Пад яго кіраўніцтвам у 1831—1847 праводзілася тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Наўгародскай, Віцебскай, Валынскай губерняў і Беластоцкай акругі[1]. За трыганаметрычную здымку ў Наўгародскай губерні атрымаў чын падпалкоўніка.

Haпіcaў ваенна-статыстычны агляд Віцебскай губерніі, у якім даў ацэнку правіянтных і дарожна-транспартных магчымасцей краю. Пры правядзенні геадэзічных работ на Віцебшчыне зацікавіўся зборам іфармацыі пра аб’екты старажытнай гісторыі: курганы, гарадзішчы, замчышчы, земляныя валы, фартэцыі і іншыя помнікі даўніны.

З 1852 у адстаўцы.

Навуковая дзейнасць

Збіраў гістарычны і этнаграфічны матэрыялы, на падставе якіх напісаў кнігу «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (СПб, 1855)(руск.) , дзе між іншым разгледжаны пытанні этнічнай тэрыторыі, побыту і культуры беларусаў. Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў толькі нашчадкаў крывічоў[1], гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ і ставіў іх у «адзін шэраг з суседнімі народамі». Выключнае значэнне надаваў дзяржаўнасці Полацка, лічыў яго цэнтрам крывічоў. Адзначыў згуртаванасць Полацкай зямлі ў 1230-1240-я гады ў барацьбе з нямецкай агрэсіяй, даказваў паходжанне вялікага князя літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў[1].

Апісаў жыццё беларускага селяніна, характэрызуючы яго як цяжкае, але як памешчык для паляпшэння сялянскай гаспадаркі прапанаваў ссяляць сялян у вялікія вёскі, захоўваць патрыярхальныя сем’і і нават злучаць у адзін двор невялікія сем’і суседзяў. Асобныя раздзелы кнігі прысвяціў апісанню народных абрадаў, звычаяў, вытворчай дзейнасці, народнай метэаралогіі.

Важным метадалагічным дасягненнем М. Без-Карніловіча быў той факт, што ён імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй. Таксама імкнуўся браць для свайго даследавання толькі падмацаваныя пісьмовымі крыніцамі матэрыялы. Так, разглядаючы гісторыю Віцебска, М. Без-Карніловіч не назваў дату заснавання горада ці першага яго ўпамінання, не будучы перакананым у яе дакладнасці. Даследчык акрамя гістарычнага экскурсу ў мінулае адным з першых сярод краязнаўцаў расказаў аб яго эканоміцы, мясцовых промыслах.

Даследаваў замчышча каля в. Сакалішча Полацкага павета. Ужываў звесткі, атрыманыя ад даследаванняў i аналізу легенд i паданняў, для тлумачэння абрадаў, вераванняў старажытнага чалавека. Напрыклад, запісаў са слоў полацкіх старажылаў, што поруч з колішнім возерам Валоўе, якое знаходзіцца на левым беразе Палаты, амаль насупраць Багародзіцкага манастыра, было капішча Перуна.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Без-Корнилович Михаил Осипович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 48. — 737 с.
  2. Літаратура i мастацтва, № 51, 24 декабря 2010, с. 12
  3. ФЭБ: Пискунова. Комментарии: Корнилович. Письмо императору Николаю. — 2004 (текст)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Краязнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Постаці Магілёўскай губерні
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Гісторыкі Расіі
Катэгорыя·Памерлі 19 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1862 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1796 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй альма-матар у картцы
Катэгорыя·Выпускнікі Першага кадэцкага корпуса
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Удзельнікі руска-турэцкай вайны 1828—1829
Катэгорыя·Этнографы Беларусі
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Георгія IV класа
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Падольскай губерні
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 кастрычніка