У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лявіцкі. Міхаіл Іванавіч Лявіцкі (руск.: Михаил Иванович Левицкий; 1761 — 6 мая 1831) — генерал ад інфантэрыі, удзельнік руска-французскай вайны 1812 года, камендант Варшавы.
Міхаіл Іванавіч Лявіцкі нарадзіўся ў 1761 годзе ў г. Вільня. Паходзіў з дваран Магілёўскай губерні. Ваенную службу пачаў 21 лістапада 1781 года падпрапаршчыкам у Полацкі пяхотны полк, 28 ліпеня 1784 года атрымаў чын прапаршчыка.
Падчас руска-турэцкай вайны 1787—1792 гадоў Лявіцкі ваяваў з туркамі на Дунаі. У 1788 годзе адрозніўся пры штурме Ачакава. У кампаніі наступнага года ўдзельнічаў у бітве пры Каўшанах і ўзяцці Акермана. У 1790 годзе ваяваў пры Кіліі, пры штурме Ізмаіла атрымаў кулявое раненне ў руку. Завяршыў ён свой удзел у руска-турэцкай вайне бітвай пры Мачыне.
У 1792 годзе Лявіцкі быў пераведзены ў корпус, размешчаны ў Польшчы і ў тым жа годзе ваяваў з інсургентамі. У 1794 годзе ён таксама ваяваў у Польшчы супраць паўстанцаў Касцюшка, за адзнаку ўзведзены ў прэм’ер-маёры.
12 жніўня 1798 года падпалкоўнік Лявіцкі быў прызначаны камандзірам Кіеўскага грэнадзёрскага палка[1], 8 чэрвеня 1799 года ўзведзены ў палкоўнікі. 15 сакавіка 1803 года ён быў адстаўлены з пасады і 16 мая атрымаў чын генерал-маёра і прызначаны шэфам сфарміраванага ім[2] Падольскага мушкецёрскага палка (пасля 36-ы егерскі полк).
У 1805 годзе Лявіцкі браў удзел у ваенных дзеяннях супраць французаў у Аўстрыі, ваяваў пад Шэнграбенам, стаў для Льва Талстога ўВайне і міру правобразам камандзіра пяхотнага палка, у якім служылі капітан Цімохін і разжалаваны Долахаў. Быў цяжка паранены ў бітве пры Аўстэрліцы.
У 1806—1807 гадах ён ваяваў з французамі ва Усходняй Прусіі. 8 красавіка 1807 года за Прэйсіш-Эйлау быў ганараваны ордэнам Св. Георгія 4-й ступені (№ 735 па кавалерскім спісе Судраўскага і № 1749 па спісе Грыгаровіча — Сцяпанава), за адзнаку пры Гутштаце ордэн Святой Ганны 2-й ступені, а за адзнаку пры Фрыдландзе ён атрымаў ад прускага караля ордэн «Pour le Mérite».
З 19 кастрычніка 1810 года па сакавік 1812 года Лявіцкі быў камандзірам 3-й брыгады 7-й пяхотнай дывізіі, здаўшы брыгаду генерал-маёру А. І. Бала, Лявіцкі застаўся ў званні шэфа 36-га егерскага палка. У гэтай якасці ён у 1812 годзе прыняў удзел у адбіцці нашэсця Напалеона ў Расію. Незадоўга да Барадзінскай бітвы Лявіцкі быў прызначаны камендантам Мажайска, а пры адступленні рускай арміі да Масквы знаходзіўся ў ар’ергардзе.
Пры пераходзе ў наступ Лявіцкі ваяваў пры Малаяраслаўцы, Вязьме і Красным. У Замежнай кампаніі Лявіцкі знаходзіўся пры штабе Рэзервовай арміі і ўдзельнічаў ва ўзяцці некалькіх крэпасцяў у польска-прускай граніцы. 6 студзеня 1814 года ён быў прызначаны камендантам Варшавы і 1 верасня таго ж года быў вызвалены ад звання шэфа 36-га егерскага палка. У Варшаве Лявіцкі знаходзіўся да восені 1818 года, пасля чаго быў прызначаны знаходзіцца па армейскай пяхоце.
20 верасня 1821 года Лявіцкі атрымаў чын генерал-лейтэнанта і 21 красавіка 1829 года быў узведзены ў генералы ад інфантэрыі, у адстаўку выйшаў у 1831 годзе.[3]
Сярод іншых узнагарод Лявіцкі меў ордэны Св. Уладзіміра 3-й ступені (1812), Св. Станіслава 1-й ступені (1820) і Св. Ганны 1-й ступені (4 кастрычніка 1816, алмазныя знакі — 2 чэрвеня 1825), а таксама залатую шпагу з надпісам «За адвагу».
Памёр 6 мая 1831 года. Пахаваны на Ружанскіх могілках у Слоніме. У 1832 г. устаноўлена надмагілле з чырвонага граніту ў выглядзе саркафага[4].
Быў у шлюбе з Варварай Пракопаўнай Пражэўскай (1786—1837), кавалерскай дамай ордэна Св. Кацярыны малодшага крыжа (1829). У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей: