wd wp Пошук:

Мяне клічуць Чырвоны

«Мяне клічуць Чырвоны» (турэцк.: Benim Adım Kırmızı) — раман турэцкага пісьменніка Архана Памука, які быў апублікаваны ў 1998 годзе і прынёс яму міжнародную вядомасць.

Апісанне

Дзеянне рамана адбываецца ў 1591 годзе ў асманскім Стамбуле. Прыдворнага мініяцюрыста Зарыфа знаходзяць забітым. Зарыф працаваў над ілюстрацыямі да кнігі, якую таемна замовіў Эніштэ султан Мурад III да тысячагоддзя хіджры. Эніштэ, які быў раней асманскім пасланнікам у Венецыі, знаёмы з італьянскім жывапісам і планаваў аформіць ілюстрацыі да кнігі ў нязвыклым для ісламскага свету еўрапейскім стылі. У заходняга жывапісу ў Стамбуле знаходзіцца шмат праціўнікаў, якія не прымаюць яго адрозненні ад ісламскага мастацтва (рэалізм, выкарыстанне перспектывы, індывідуальны стыль у кожнага мастака). Эніштэ лічыць, што забойства Зарыфа здзейсніў адзін з трох лепшых мініяцюрыстаў — Келебек, Зейтын або Лейлек. Тым часам Кара, пляменнік Эніштэ, які закаханы ў яго дачку Шэкюрэ, вяртаецца ў Стамбул пасля дванаццацігадовай адсутнасці, пасля чаго спрабуе знайсці забойцу, размаўляючы з трыма падазраванымі і аналізуючы іх малюнкі, і ў той жа час заваяваць сэрца Шэкюрэ.

Мастацкія асаблівасці

Адной з галоўных асаблівасцяў рамана з’яўляецца вялікая колькасць самых разнастайных апавядальнікаў: гэта і галоўныя героі (Кара, Шэкюрэ), і трое падазраваных (акрамя частак, расказаных пад іх імёнамі, ёсць і часткі ад асобы забойцы, які з’яўляецца адным з іх, але апавядае менавіта як забойца, не называючы сваё імя), і другарадныя героі, а таксама ўласцівыя «новаму раману» неадушаўлёныя апавядальнікі, такія як трупы, намаляваная манета, чырвоны колер[1][2].

Пасля выхаду рамана за Памукам замацавалася рэпутацыя «турэцкага Умберта Эка»[3][4]. Джон Малан адзначае падабенства кнігі з бестселерам Эка «Імя ружы». Сярод агульных рыс — спалучэнне гістарычнага сэтынга і дэтэктыва. Акрамя таго, у «Імі ружы» пошук забойцы звязаны з сярэдневяковай тэорыяй літаратуры, а ў рамане Памука — з асаблівасцямі мастацтва асманскай мініяцюры[5].

Дэрвішы танцуюць. Бехзад, ілюстрацыя да «Дывану» Хафіза, каля 1480 года. Метраполітэн-музей, Нью-Ёрк
Хасроў бачыць Шырын, якая купаецца (з імі Шэкюрэ ў рамане параўноўвае Кара і сябе). Мініяцюра школы Бехзада. Музей азербайджанскай літаратуры імя Нізамі Гянджэві, Баку

Прататыпы і гістарычныя алюзіі

У галоўнай гераіні, Шэкюрэ, ёсць два сыны — Архан (малодшы) і Шэўкет (старэйшы). Пры гэтым у Архана Памука ёсць старэйшы брат, эканаміст Шэўкет Памук, а іх маці клічуць Шэкюрэ. Па словах самога Памука, ён перанёс у раман імёны членаў іх сям’і, свае дзіцячыя сваркі са старэйшым братам і некаторыя рысы іх маці[6].

У рамане згадваюцца рукапісы многіх вядомых твораў («Хасроў і Шырын» Нізамі Гянджэві, «Шах-намэ» Фірдаўсі, «Кніга пра душу» Ібн Каіма аль-Джаузіі і іншыя) і ілюстрацыі да іх. Асаблівая ўвага нададзена мініяцюрам Бехзада.

У культуры

Кніга «Мяне клічуць Чырвоны» была адаптаваная на BBC Radio 4 у 2008 годзе[7].

У 2014 годзе ў казанскім тэатры Камала паставілі спектакль паводле рамана[8].

Французская парфумерная марка Мажда Бекалі (Majda Bekkali) выпусціла аднайменныя духі — Mon Nom Est Rouge («Мяне клічуць Чырвоны»), натхнёныя раманам Архана Памука. «Нос» — Сесіль Заракян[9].

Пераклады

Раман перакладаўся на шматлікія мовы[10].

Англійскі пераклад рамана, выкананы Эрдагам Гёкнарам, быў уганараваны Дублінскай літаратурнай прэміяй у 2003 годзе[11].

Прэміі

Зноскі

  1. John Updike. Murder in Miniature(англ.) . The New Yorker (3 верасня 2001). Праверана 27 лістапада 2018.
  2. Richard Eder. Heresies of the Painbrush(англ.) . The New York Times (2 верасня 2001). Праверана 27 лістапада 2018.
  3. Орхан Памук. Эфир от 27.02.2017(руск.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2018. Праверана 27 лістапада 2018.
  4. Mario Biondi. Orhan Pamuk I. Profilo II. «La nuova vita» — Recensione(італ.)  (24 кастрычніка 2004). Архівавана з першакрыніцы 10 студзеня 2020. Праверана 27 лістапада 2018.
  5. John Mullan. The name of the game(англ.) . The Guardian (24 кастрычніка 2004). Праверана 27 лістапада 2018.
  6. Памук Архан. Іншыя колеры. Часткі 60—61.
  7. My Name Is Red(англ.) . BBC. Праверана 27 лістапада 2018.
  8. МИНЕМ ИСЕМЕМ КЫЗЫЛ / МЕНЯ ЗОВУТ КРАСНЫЙ(руск.) . Театр Камала. Праверана 27 лістапада 2018.
  9. Mon Nom Est Rouge by Majda Bekkali. Art Books Events. Fragrantica(англ.) . Праверана 27 лістапада 2018.
  10. Orhan Pamuk’s novels translated into 60 languages(англ.) . Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2018. Праверана 27 лістапада 2018.
  11. 1 2 2003 – My Name is Red(англ.) . Афіцыйны сайт Дублінскай літаратурнай прэміі. Праверана 27 лістапада 2018.
  12. 1 2 Awards & Honours(англ.) . Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2020. Праверана 27 лістапада 2018.

Спасылкі

Рэцэнзіі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Раманы на турэцкай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Гістарычныя раманы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Асманская імперыя
Катэгорыя·Кнігі 1998 года