У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кухта.
Марцін Ку́хта (літ.: Martynas Kukta; 1 лютага 1875, мястэчка Куркляй, непадалёк ад горада Анікшчэй, Ковенская губерня — 23 чэрвеня 1956, Каўнас) — друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.
Паходзіў з шматдзетнай сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю (чатырохгадовае прыходскае вучылішча). У 1890 годзе апынуўся ў Вільні і накіраваўся ў друкарню Віленскай ваеннай акругі. Тут ён здаў экзамен на прадмет адукаванасці і стаў вучнем наборшчыка. За дзесяць гадоў вучобы Кухта здолеў стаць малодшым наборшчыкам, пасля гэтага паступіў на працу ў Віленскую губернскую друкарню, аднак хутка адтуль звольніўся і накіраваўся ў сталіцу імперыі. Пасля вучобы ў Санкт-Пецярбургу там жа працаваў наборшчыкам і метранпажам.
Пасля адмены забароны на лацінкавы літоўскі друк вярнуўся на радзіму і пры падтрымцы Пятраса Вілейшыса адкрыў у Вільні першую літоўскую друкарню, у якой выходзіла газета «Vilniaus žinios» (бел.: «Віленскія навіны»). Кухта быў там загадчыкам у 1904—1906 гадах.
У сакавіку 1906 года Марцін Кухта заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. Спачатку друкарня месцілася на вуліцы Дварцовай, 4. Колькасць работнікаў друкарні ў розныя гады вагалася ад 15 да 21-го. Былі закупленыя шрыфты ад Лемана і Ольгербранда агульнай вагою больш за 300 пудоў. У маі 1911 года друкарня перамясцілася на вуліцу Татарскую, 20. Гэта была найбуйнейшая літоўская друкарня.
У друкарні Кухты да Першай сусветнай вайны выйшла звыш 300 літоўскіх кніг і брашур, тут жа друкаваліся літоўскія перыядычныя выданні „Balsas“ (бел.: «Голас»), „Lietuvis“ (бел.: «Літовец»), „Lietuvos aidas“ (бел.: «Рэха Літвы»), „Lietuvos žinios“ (бел.: «Літоўскія навіны»), „Viltis“ (бел.: «Надзея») і іншыя газеты, а таксама часопісы «Garsas» (бел.: «Гоман»), «Lietuvių tauta» (бел.: «Літоўская нацыя»), «Šviesa» (бел.: «Святло»). За сваю дзейнасць Кухта неаднаразова пераследваўся ўладамі.
Друкар выпускаў таксама выданні на польскай мове.
10 (23) лістапада 1906 года ў яго друкарні выйшаў першы нумар газеты «Наша ніва». У далейшым друкарня падтрымлівала першую беларускую газету, адкрываючы доўгатэрміновы крэдыт. Нярэдка здараліся выпадкі, калі рэдакцыя за адсутнасцю грошай не магла своечасова плаціць за друк і 5-6 нумароў газеты выходзілі ў крэдыт. Набор газеты каштаваў 45 рублёў за адзін нумар на абодвух шрыфтах. Калі ўжо доўг рэдакцыі падыходзіў да 300 руб., уласнік друкарні пагражаў спыніць друк, але як прыяцель і сімпатык беларускай справы ніколі не рабіў гэтага[1].
Супрацоўнікі Кухты дапамагалі беларускай газеце і падчас канфіскацый, якія ў 1907 годзе былі даволі частымі. Як успамінаў яе супрацоўнік Хведар Імшэнік[2]:
У канцы 1907 года друкарня Кухты была зачынена на два тыдні за друк нелегальнай літаратуры.
Кухта друкаваў творы Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Я. Коласа, Цёткі, К. Буйло і іншых пісьменнікаў, беларускія календары, зборнікі, спеўнікі. Выпускаў, сярод іншага, забароненыя цэнзурай творы[3].
У 1914 годзе (на вокладцы пазначаны 1913) у друкарні Кухты тыражом 2 000 экзэмпляраў выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча «Вянок».
У сваім апошнім вершы Багдановіч, які паміраў у Ялце, напісаў:
У краіне светлай, дзе я уміраю, У белым доме ля сіняй бухты |
Першая сусветная вайна не перарвала дзейнасці прадпрыемства Кухты. Тут працягвала друкавацца «Наша ніва» (да жніўня 1915 года), выйшла адозва «Да грамадзян Беларусі» Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[4].
Кухта ўдзельнічаў у літоўскай грамадскай дзейнасці. 21 лістапада 1914 года ва ўстаноўчым сходзе Літоўскага таварыства дапамогі пацяперлым ад вайны (літ.: Lietuvių draugija nukentėjusiems dėl karo šelpti) быў абраны сябрам камітэту гэтага таварыства[5].
Падчас акупацыі Вільні немцамі гэты друкар выдаваў сярод іншага газету «Гоман». На 1917 год прыйшлася чатырохсотая гадавіна з часу выхаду першай кнігі Францішка Скарыны. Прадпрыемства Кухты выпусціла з гэтай нагоды адмысловую паштоўку[6].
У сярэдзіне 1918 года ў Кухты выйшла беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча, а ў канцы — часопіс «Крывічанін».
У тым жа годзе за публікацыю Акта незалежнасці Літвы ў газеце „Lietuvos aidas“ Кухта быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, а друкарня была разгромлена. У снежні 1918 года ў яго друкарні былі надрукаваны першыя літоўскія паштовыя маркі.
З абвяшчэннем незалежнасці Літвы (1918), урад купіў друкарню ў 1919 годзе, каб публікаваць свой афіцыйны орган «Літва» (літ.: Lietuva). Друкарня Кухты ў Вільні была рэарганізавана ўладальнікам і яго новымі супольнікамі, атрымаўшы новую назву «Маяк» (літ.: Švyturys).
Некаторыя беларускія выданні былі надрукаваныя ў гэтай установе. Гэта быў зборнік «З чаго ліха на свеце: беларускія казкі» (1919), «Элементарная алгебра» А. Кісялёва (1921—1922) у 2-х частках для беларускіх школ[7]. Таксама там быў надрукаваны першы нумар газеты «Беларускае жыццё», 6 нумароў газеты «Грамадзянін».
Пасля таго, як палякі канчаткова занялі Вільню ў 1920 годзе, у Кухты пачаліся праблемы. Друкарня «Маяк» пераехала ў Каўнас у 1924 годзе і праз чатыры гады злілася з дзяржаўнай установай, змяніўшы сваю назву на «Прамень» (літ.: Spindulys). Большая доля ў новай фірме належала міністэрству фінансаў, таму «Прамень» стала вeльмі сучаснай друкарняй з пераплётнай майстэрняй, цалкам абсталяванай, каб выконваць любыя задачы[8].
Кухта працягваў займацца выданнем кніг і календароў да 1934 года. У гэты час ён меў дзве плоскадрукавальныя машыны, іншае абсталяванне, 7-12 працаўнікоў[9]. У другой палове 1930-х гадоў друкарня збанкрутавала, з-за залішняй даверлівасці гаспадара да калег па бізнесу і абавязку ў якасці паручэнца выплочваць вялікі крэдыт. Але гэта пазбавіла Кухту ад рэпрэсій у 1940 годзе пасля ўстанаўлення савецкай улады ў Літве.
Пасля Другой сусветнай вайны працаваў пісарам ковенскай музычнай школы. Трымаўся за кошт продажу ўласнай калекцыі карцін (у асноўным рускіх мастакоў).
Памёр 26 чэрвеня 1956 г. і пахаваны на Пятрашунскіх могілках у Каўнасе. Аўтарам надмагільнага помніка з’яўляецца вядомы літоўскі скульптар Юозас Зікарас[10].
У 2003 годзе заснавальнік віленскай беларускай грамадскай арганізацыі «Сябрына» Валянцін Стэх адшукаў пад Каўнасам роднага ўнука Марціна Кухты — сына дачкі друкара Эдмундаса Манставічуса. Беларуская паэтэса Таццяна Сапач (Дубавец) запрасіла яго да ўдзелу ў адной з перадач на беларускай мове на Літоўскім нацыянальным тэлебачанні «Віленскі сшытак». У інтэрв’ю Таццяне Дубавец Эдмундас Манставічус паведаміў пра дзеда:
Як чалавек ён быў закрыты. Пра сябе ніколі нічога не распавядаў. Калі трэба было пра што даведацца, дык цяжка было з яго тое выцягнуць… Мама мая памерла ў 1929 годзе, а я нарадзіўся ў 27-м. І я пасля мамінай смерці гадаваўся ў дзядулі з бабуняю, жыў з імі, лічыце, да сямі гадоў. Памятаю, што мы жылі на Лясной вуліцы ў Коўне, недалёка ад дзедавай друкарні[11]. |
У 2005 годзе ў Вільні была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка на літоўскай мове, прысвечаная Марціну Кухце. На яе адкрыцці разам з Э. Мастанавічусам прысутнічала яго дачка і праўнучка друкара Лідзя Гінёцене. Спаткаўшыся з ёй у 2016 і 2019 гадах, беларускі літаратуразнавец Мікола Трус апублікаваў шэраг артыкулаў пра Марціна Кухту ў беларускім друку.
Родным братам Марціна быў Язэп Кухта, першы літоўскі пробашч у касцёле Святога Мікалая ў Вільні.
Першая жонка друкара, Стэфанія, у дзявоцтве мела прозвішча Мысліборская і дома гаварыла па-польску.
Марцін Кухта на Вікісховішчы |