wd wp Пошук:

Маладзечанскі замак

Маладзечанскі замак — цэнтр абароны сярэдневяковага Маладзечна, які быў пабудаваны на правым балоцістым беразе ракі Уша і існаваў у ХIV-ХVIII стагоддзях.

Архітэктура

Умацаванне размяшчалася на востраве, будаўнікі ўдала выкарысталі нізкі балоцісты рэльеф і прыродныя перашкоды. Да месца будаўніцтва была пракладзена грэбля, на балоце бярвёнамі вымашчаны ўчастак 120х80 м і насыпана са жвіру і пяску пляцоўка вышынёй 4 м. Па краі пляцоўкі ўзведзены пясчана-гліняны вал вышынёй да 3,5 м і шырынёй 11 м. На вале стаялі драўляныя абарончыя сцены і вежы, у тым ліку брама. Акружаў замак роў з вадой. Па краі рова праходзіў яшчэ адзін вал, у аснову якога закладвалі валуны.

У XVII ст. замак мадэрнізаваны, каля падножжа валоў пастаўлены агароджа з завостраных калоў, замест вуглавых вежаў пабудаваны бастыёны галандскага тыпу, што адпавядала зменам у тактыцы аблогі. Для прадухілення апаўзання зямлі каля падножжа бастыёнаў была агароджа слупавой канструкцыі, якая таксама мела і функцыю перашкоды. У месцах прымыкання валу да брымы, насып быў арміраваны каменнымі сценкамі.

На двары замка быў невялікі каменны храм, які існаваў на працягу ХVI-ХVIII ст., паводле археалагічныя раскопак, ён меў памеры 11х24 м і быў аздоблены фрэскамі.

Гісторыя

16 снежня 1388 года ў Маладзечанскім замку ноўгарад-северскі князь Дзмітрый Альгердавіч падпісаў прысяжную грамату каралю Уладзіславу Ягайлу, грамата лічыцца першай пісьмовай згадкай Маладзечна.

У розныя часы яго ўладальнікамі былі князі Заслаўскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Кішкі, Агінскія.

У 1519 (двойчы) і 1533 замак асаджвалі Наўгародска-пскоўскія ратнікі на чале з князем М. Кісліцаю і, напэўна, спалілі яго. Сляды агню ў профілі замкавага вала і культурным слоі пацвярджаюць шматразовыя пажары ўмацаванняў. У 1567 ў Маладзечне праходзілі папярэднія перагаворы паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы аб умовах заключэння Люблінскай уніі. У пачатку ХVІІ ст. ўладальнікам Маладзечна быў Леў Сапега. Існуе меркаванне, што Карл XII у час Паўночнай вайны пабываў у Маладзечанскім замку.

У ХVІІІ ст. Маладзечна належала князям Агінскім. У замку знаходзілася іх рэзідэнцыя, пабудаваны палац, дзе сабрана багатая бібліятэка і калекцыя карцін. Створаны садова-паркавы ансамбль са штучнымі сажалкамі, узгоркамі, каналамі, аранжарэямі з апельсінамі, ананасамі, лімонамі і гранатамі.

Пад час французска-расійскай вайны 1812 года напалеонаўскія войскі двойчы прайшлі праз Маладзечна – пры наступленні на Маскву ў чэрвені і пры адступленні ў лістападзе 1812 года. 22 лістапада (старога стылю) атрады рускай арміі пад камандаваннем А. Ярмолава, Я. Чапліца, а таксама казакі М. Платава разбілі французаў пад Маладзечнам. Маладзечанскі бой стаў апошнім у зімовай кампаніі 1812 года. Страты ў вайне 1812 года былі вельмі вялікімі, замак напалову разбураны.

Напачатку ХІХ ст. Міхал Клеафас Агінскі не раз наведваў свайго дзядзьку ў Маладзечне, а пасля яго смерці, вясной 1814 года, стаў уладальнікам Маладзечанскага замка. Міхал Клеафас не рамантаваў палаца, перадаў палову будынка з бібліятэкай і калекцыяй музычных інструментаў дваранскаму пяцікласнаму павятоваму вучылішчу.

У канцы ХІХ ст. замак прыйшоў у поўны заняпад.

Сучасны стан

На месцы замка засталіся толькі земляныя валы, якія лічацца археалагічным помнікам. Паводле дзяржпраграмы «Замкі Беларусі» да 2014 года мусіла быць праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі Маладзечанскага замчышча.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Вікіпедыя:Старонкі з невядомымі параметрамі шаблона Славутасць
Славутасці Маладзечна
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумара тома
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Гісторыя Маладзечна
Замкі Беларусі
Замкі Вялікага Княства Літоўскага