wd wp Пошук:

Лідзія Сымонаўна Савік

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Савік.

Лідзія (Сямёнаўна) Сымонаўна Са́вік (нар. 1 сакавіка 1936, в. Камуна Любанскага р-на Слуцкай акругі, цяпер Мінская вобласць) — беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук (1977). Акадэмік Міжнароднай АН Еўразіі (1995).

Біяграфічныя звесткі

Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Бацькі Адам Васілевіч і Алена Піліпаўна Адзярыха, разам з Эмануілам Модзіным, Цімафеем Смірновым і інш., былі арганізатарамі камуны (вёска Камуна) на Мар’інскім балоце над ракой Арэсай. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны бацька пайшоў на фронт, загінуў у 1941 г. пад Масквой. Камуну спалілі немцы, маці[1] з двума дзецьмі, Лідай і Ірынай[2], знаходзілася ў партызанскім атрадзе «Камсамолец» брыгады імя Панамарэнкі, была сувязной, потым — у гаспадарчым узводзе. Пасля вызвалення Беларусі жылі ў Любані. Потым, у сувязі з пераводам айчыма Сымона Шыкунова па працы і пераездам сям’і, жыла ў Барысаве, Заслаўі, Дзяржынску.

Працавала піянерважатай у Вязанскай школе Дзяржынскага раёна (1954—1955), у Дзяржынскай школе № 1 (1955—1959), у 1959 годзе пераехала ў Мінск, працавала ў Мінскай школе № 62. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1962), Інстытут удасканалення настаўнікаў (1964), аспірантуру. Працавала ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа АН БССР (1966—1978). У 1977 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай літаратуры. 3 1978 працуе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам, адначасова з 1982 года ў Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсіраваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 3 1992 г. — дацэнт Беларускага універсітэта культуры, чытае курс лекцый па сучаснай беларускай літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1992 года). Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Сакратар секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня камісіі па вяртанню спадчыны беларускіх пісьменнікаў.

Муж — М. П. Савік, навуковец-кібернетык.

Літаратурная і навуковая дзейнасць

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1974[3] г. Дэбютавала ў друку артыкулам «Сучасная беларуская проза» (1974). Кірунак навуковай дзейнасці — праблемы развіцця беларускай літаратуры 20 ст. Атрымала дазвол на працу ў архівах КДБ, сабрала дакладныя звесткі пра лёс рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і празаікаў. Даследуе эмігранцкую беларускую літаратуру, збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых беларусаў у Францыі, Германіі і ЗША.

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага «Творы» (1984), С. Баранавых «Новая дарога» (1989), Б. Мікуліча «Аповесць для сябе» (1993) і інш. Даследуе таксама эмігранцкую беларускую літаратуру. Апублікавала нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага. Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Марціновіча, А. Кудраўца, Я. Сіпакова, В. Карамазава, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, а таксама пайшоўшых з жыцця — І. Мележа, У. Караткевіча, А. Асіпенкі, Б. Сачанкі, Я. Скрыгана, Л. Геніюш.

Аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа» і інш. Выдала кнігу «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта» пра Б. Кіта — акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Аўтар шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напрыклад «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001). Аўтар звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Друкуецца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Творы

і інш.

Зноскі

  1. Алена Піліпаўна Адзярыха ўзнагароджана ордэнам і баявымі медалямі як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.
  2. Ірына Шыкунова — оперная спявачка, Народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).

Літатарура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 сакавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1936 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Любанскім раёне
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў