Ляхаўскі абруб — мясцовасць пад Гомелем XVI-XVIII стст. Уяўляў сабой сукупнасць шляхецкіх і, верагодна, царкоўных уладанняў. Не ўваходзіў у склад Гомельскага староства, тэрыторыяй якога быў аточаны. Акрэсленне меж і стан адасобленасці ад Гомельскага староства зафіксавалі рэвізоры вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста Рыгор Валовіч і Мікалай Нарушэвіч у 1560 г.[1] (арыгінал дакумента невядомы).
Крыніцы канца XVIII ст. адносяць пачаткі Ляхаўскага абруба да 1522 г. у сувязі з гаспадарскім наданнем «добраў […] пад назвай Плёсы Харку Мальцэвічу на службе земскай пад вольнасцю шляхецкай»[1]. Такое датаванне выглядае легендарным, бо ў 1500-1535 г. Гомельская воласць знаходзілася пад уладай Маскоўскай дзяржавы[2].
Апроч Плёсаў да Ляхаўскага абруба ў розны час прыналежылі Валатава, Пакалюбічы, Метуноўшчына, слабоды Яроміна, Касцюкоўка, Лапацін, Княжаўка, Прудок[3], шматлікія ўрочышчы[4].