Княжаўка (або Княжоўка) — вёска пад Гомелем, што існавала ў XVI — пачатку ХІХ ст. У 1560 г. згадвалася як селішча Княжае[1].
Знаходзілася на рацэ Струпіца[2]. Адносілася да мясцовасці Ляхаўскі абруб[3].
Згодна з «Ведамасцю аб дваранах Магілёўскай губерні» 1777 г. належала Багуславу Корвін-Красінскаму, а яго насельніцтва («число головъ») складала 94 чалавекі хрысціянскага веравызнання[4]. Па звестках генеральнага межавання 1784 г. значылася сярод вёсак «дачы» Яроміна, прыналежнай Фаме Красінскаму[5]. Пазней, па ўсім відаць, перайшла ў валоданне Румянцавым.
У дакументах вотчыннага кіравання Гомельскага маёнтка Княжаўка фігуруе сярод «рэвізскіх сказак» 1798 і 1811 гадоў[6]. Верагодна адносілася да Багуслаўскай эканоміі Румянцавых. Аднак у справаздачы аканома Гомельскага маёнтка 1833 г. ніводная з яго эканомій не мела ў сваім спісе вёскі з такой назвай[7]. Няма яе і на карце наваколляў Гомеля 1838 г. — прыблізна на месцы яе імавернага знаходжання пазначаны будынак авечніка і «кирпичный сарай» (цагельня?)[8]. Прычына знікнення вёскі застаецца невядомай.
Дакладная лакалізацыя Княжаўкі не вызначана. Супастаўляючы картаграфічныя звесткі 1784 г. з сучаснымі[2][9], можна выказаць меркаванне аб знаходжанні вёскі на абшарах жылога масіву Чырвоны Кастрычнік у раёне вуліцы Лепяшынскага.