wd wp Пошук:

Любарт

Лю́бартправаслаўіДзмітрый, ~1320 — ~1383) — валынскі (уладзімірскі і луцкі) князь, адзін з малодшых сыноў вялікага князя літоўскага Гедзіміна, верагодна, ад яго апошняй жонкі Еўны[2].

Выступае ў гістарычных крыніцах у 13361382 гадах. У 1330-х гадах удзельнічаў у літоўскіх наездах на Мазовію. Першым шлюбам, верагодна, жанаты з дачкой уладзіміра-валынскага князя Андрэя Юр’евіча (Ганнай ?). Пасля смерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (1340), пры падтрымцы бацькі Любарт заняў Валынь. Прэтэндаваў і на Галічыну, у 1340—1349 гадах галіцкае баярства на чале з Дзмітрыем Дзядзькам намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то венгерскага Людвіка I Вялікага. Гэта выклікала канфрантацыю паміж Любартам, з аднаго боку, і Казімірам і Людвікам, з другога. Падтрымліваў прыязныя стасункі з кіеўскім мітрапалітам Феагностам, у 1347 годзе падтрымаў яго ініцыятыву па скасаванні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструментам пашырэння ўплыву Польшчы і Венгрыі на паўднёва-заходнія землі ВКЛ. Быў звязаны дынастычным шлюбам з вялікім князем маскоўскім Сямёнам Гордым: у 1350 годзе ажаніўся з яго пляменніцай Вольгай, дачкой растоўскага князя Канстанціна. У жніўні — лістападзе 1349 года Казімір пры падтрымцы Залатой Арды, Венгрыі і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Берасце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Берасце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася ў руках Казіміра. У 13511352 гадах польска-венгерскія войскі здзейснілі некалькі паходаў на Берасце, Белз, Уладзімір-Валынскі. У жніўні 1351 года Любарт разам з Кейстутам быў захоплены ў палон венграмі; 15 жніўня 1351 года падпісаў дагавор з Людвікам, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзій на Галічыну, але захавала большую частку Валыні. У 1352 годзе заключыў сепаратную мірны дагавор з Казімірам і мазавецкімі князямі, але ўжо ў 1353 годзе далучыўся да наездаў Кейстута на Польшчу. Пасля працяглага перыяду мірных адносін з Казімірам (13561366) у выніку ваеннага паходу апошняга адмовіўся ад прэтэнзій на Белзскую і Холмскую землі, саступіў Польшчы заходнюю частку Валыні з цэнтрам ва Уладзіміры, якую вярнуў пасля смерці Казіміра ў 1370 годзе. У 1376 годзе ўдзельнічаў у шырокамаштабнай літоўскай выправе на Польшчу, што выклікала няўдалую для яго вайну з Людвікам у 1377 годзе, у выніку якой Любарт быў вымушаны прызнаць сябе васалам Венгрыі і пакінуць Людвіку сваіх сыноў у якасці заложнікаў. Пасля смерці Людвіка ў 1382 годзе выкупіў у венгерскіх стараст некаторыя памежныя галіцкія крэпасці (Лапацін, Алеска і іншыя).

Пры Любарце значэнне аднаго з галоўных палітычных цэнтраў ВКЛ набыў Луцк. У 1375 годзе ён згадзіўся на стварэнне першай у ВКЛ Луцкай дыяцэзіі, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі Беларусі. Сын Любарта ад першага шлюбу, Іван, быў адным з чарнігаўскіх удзельных князёў. Ад другой жонкі Любарт меў трох сыноў — Фёдара, Лазара і Сямёна.

Зноскі

  1. БИОГРАФИЧЕСКИЙ УКАЗАТЕЛЬ
  2. Белы А. Любарт // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 225. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі 4 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIV стагоддзя
Катэгорыя·Князі галіцка-валынскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Памерлі ў 1383 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ва Уладзіміры-Валынскім
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Літве