wd wp Пошук:

Лазарысты

Лазарысты, Кангрэгацыя місій, вікенційцы, бацькі Поля (лац.: Congregatio Missions, CM, фр.: Congrégation de la Mission, CM) — каталіцкая мужчынская кангрэгацыя, заснаваная Св. Вікенціем дэ Полем у XVII стагоддзі. Лазарыстаў, разам з жаночай кангрэгацыяй дочак міласэрнасці Св. Вікенція дэ Поля часта называюць вікенційцамі.

Арганізацыя

Лазарысты ўяўляюць сабой таварыства апостальскага жыцця. У 2013 годзе лазарысты налічвалі 3347 членаў (з іх 2995 святароў)[1]. Кляштары лазарыстаў аб’яднаны ў правінцыі, поўнасцю ўсёй улады ў кангрэгацыі валодае генеральная асамблея, якая павінна збірацца не радзей аднаго разу ў 6 гадоў і складацца з дэлегатаў ад кожнага кляштара. Генеральная асамблея выбірае генеральнага настаяцеля, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Рыме. Лазарысты прадстаўлены ў 86 краінах, агульная колькасць кляштароў — 510; больш за ўсё кляштароў лазарыстаў у Францыі, Іспаніі, Італіі, Польшчы.

Галоўныя кірункі дзейнасці кангрэгацыі — пропаведзь Евангелля сярод бедных, каталіцкая адукацыя, у тым ліку і адукацыя кліру, кіраўніцтва семінарыямі, аказанне дапамогі ў кіраванні прыходамі, місіянерская дзейнасць.

Гісторыя

Святы Вікенцій дэ Поль, заснавальнік кангрэгацыі

Задума стварэння новай кангрэгацыі ўзнікла ў Св. Вікенція дэ Поля падчас яго службы капеланам у багатай сям’і Гондзі. Дзвюма галоўнымі праблемамі царквы напачатку XVII стагоддзя ў Францыі Святы Вікенцій лічыў нізкі ўзровень адукаванасці і рэлігійнасці сярод бедных слаёў грамадства, у першую чаргу, сялянства; а таксама нізкі ўзровень адукацыі і набожнасці сярод кліра. Рашэнне гэтых праблем і стала галоўнай задачай кангрэгацыі.

Важнай датай для гісторыі лазарыстаў лічыцца 25 студзеня 1617 года, калі пасля пропаведзі Св. Вікенція ў вёсцы Фальвіль мноства людзей перажылі духоўны зварот. Афіцыйнай датай стварэння кангрэгацыі лічыцца 17 красавіка 1625 года, калі Св. Вікенцій і яго вучань Антуан Партэй далі зарок увесь час маліцца аб справе хрысціянскай місіі. Новая абшчына размясцілася спачатку ў калегіі Бон-Анфан у Парыжы, а ў 1632 годзе, калі яна налічвала ўжо больш 140 святароў, то ёй быў перададзены кляштар Сен-Лазар у Парыжы, па імі якога Кангрэгацыя місій і атрымала сваю другую, але найбольш распаўсюджаную назву.

Кангрэгацыя была зацверджана Папам Урбанам VIII 12 студзеня 1632 года, аднак яе статут распрацоўваўся Св. Вікенціем больш за 30 гадоў і прыняў канчатковы выгляд толькі ў 1658 годзе.

Ужо да 1660 годзе кляштары лазарыстаў распаўсюдзіліся па ўсёй Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Актыўна браты вялі і місіянерскую дзейнасць у нехрысціянскіх краінах. Даты заснавання місій — Італія (1638), Туніс (1643), Алжыр і Ірландыя (1646), Мадагаскар (1648), Рэч Паспалітая (1651).

У адпаведнасці з запаветамі свайго заснавальніка вялікая ўвага надавалася семінарыям і багаслоўскай падрыхтоўцы будучых святароў. Да канца XVIII стагоддзя лазарысты ўзначальвалі амаль 100 семінарый (з іх 60 — у Францыі).

Вялікі ўдар кангрэгацыі быў нанесены падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, калі былі зачынены і спустошаны амаль усе семінарыі і кляштары, уключаючы і кляштар Сен-Лазар.

У XIX стагоддзі лазарысты аднавілі страчаныя пазіцыі і працягнулі сваё развіццё — былі заснаваны новыя місіі ў шматлікіх краінах Азіі, у тым ліку ў Персіі і Асманскай імперыі, а таксама ў Афрыцы — у Егіпце і Эфіопіі. Лазарыст Святы Юстын дэ Якобіс стаў першым апостальскім вікарыем Эфіопіі і адыграў вялікую ролю ў пераадоленні варожасці эфіёпаў да Каталіцкай царквы.

У XX стагоддзі кангрэгацыя панесла новыя цяжкія страты — падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі былі забіты некалькі дзясяткаў братоў і спустошана мноства кляштароў. Пасля ўсталявання камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе былі ліквідаваны ці на доўгі час апынуліся адарванымі ад зносін з кангрэгацыяй кляштары ў Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі і Югаславіі. Нягледзячы на гэта, найбольшы росквіт кангрэгацыі прыпадае на 1960-я гады, калі яна налічвала амаль 6 тысяч чалавек.

Лазарысты ў Беларусі і Расіі, Украіне

У 2001 годзе ў Кіеў з Ірландыі прыехаў а. Поль Роўч, дзе заснаваў першы кляштар лазарыстаў. У гэтым жа годзе Генеральны настаяцель кангрэгацыі абвясціў пра стварэнне Віцэ-правінцыі Свв. Кірыла і Мяфодзія, якая аб’ядноўвае лазарыстаў Беларусі, Расіі і Украіны. Ва Украіне прыходы маюцца ў Кіеве, Адэсе, Харкаве, Пэрэчыне і Старажынцы, у Беларусі — у Гродне, у Расіі — у Ніжнім Тагіле. У наш час візітатарам віцэ-правінцыі з’яўляецца а. Томаж Маўрыч.

Выдатныя асобы

За час існавання кангрэгацыі больш 200 братоў, у тым ліку 2 біскупы прынялі мучаніцкую смерць, многія былі беатыфікаваны. Больш за ўсё лазарыстаў загінула падчас французскай рэвалюцыі (Ж. Франсуа, А. Груе і інш.), падчас праследавання хрысціян у Кітаі ў XIX стагоддзі (бл. Жан Габрыэль Пербуар, Франсуа Кле і інш.), падчас іспанскай грамадзянскай вайны ў 1930-х гадах. Да ліку лазарыстаў належалі «апостал Туніса» Ж. Герэн, музыкант К. А. Вакета, багаслоў П. Кале, місіянеры і навукоўцы Э. Гюк і Л. А. Даві і шматлікія іншыя.

Зноскі

  1. Статыстыка кангрэгацыі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Таварыствы апостальскага жыцця
Катэгорыя·Лазарысты