wd wp Пошук:

Крымчакі

Крымчакі́ — этналінгвістычная група яўрэяў. У краінах былога СССР лічацца самастойным этнасам.

Жывуць у асноўным у Крыме[1] (Украіна), Расіі, Ізраілі, ЗША. Агульная колькасць каля 1,5 тыс. чал.

Крымчацкая мова блізкая да крымскататарскай. Мовай культу, літаратуры і справаводства з’яўляецца старажытнаяўрэйская. Вернікі — іудаісты.

Паходжанне крымчакоў трактуецца навукоўцымі па-рознаму. Назва «крымчакі» («яўрэі-крымчакі») упершыню з’явілася ў афіцыйных рускіх крыніцах у 1859: верагодна, каб адрозніваць крымскіх яўрэяў-рабанітаў ад караімаў і ашкеназаў. У дакументах крымскіх ханаў да далучэння Крымскага ханства да Расіі (1783) члены абшчыны называліся яўрэямі. У 14-16 ст. галоўным цэнтрам яўрэяў-рабанітаў быў г. Кафа (сучасн. Феадосія), у канцы 18 ст. — Карысу-Базар (сучасн. Белагорск), з 1920-х — Сімферопаль.

У 16 ст. колькасць крымчакоў дасягала 500—700 чал., на пачатку 19 ст. — каля 600. У 19 ст. яны былі невялікай, беднай абшчынай. Большасць займалася рамёствамі, частка — земляробствам, садоўніцтам і вінаградарствам, некаторыя — гандлем. Паводле перапісу 1897 зафіксавана 3345 крымчакоў. На пачатку 20 ст. яны пражывалі ў Алушце, Ялце, Еўпаторыі, Керчы. У 1912 колькасць крымчакоў дасягнула 7500 чал. Змяншэнне колькасці было звязана з грамадзянскай вайной і голадам 19211922, а таксама з выездам у ЗША і Палестыну (частка крымчакоў удзельнічала ў сіянісцкім руху). У 1926 колькасць крымчакоў у СССР складала 6383 чал., у тым ліку 6 тыс. у Крыме; 98,4 % жыло ў гарадах, 74,1 % назвалі крымчакскую мову роднай. Перад Другой сусветнай вайной крымчакоў налічвалася 9,5-10 тыс. чал, у тым ліку, асноўная частка ў Крыме, 500—700 чал. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (Новарасійск, Сухумі). У 1941 — пачатку 1942 абсалютная большасць крымчакоў была знішчана падчас нацысцкай акупацыі (гл. Халакост). У 1948 па ўсім Крыме было 700—750 крымчакоў, у СССР — не больш за 1,4-1,5 тыс. чал. Паводле перапісу насельніцтва 1989 ў СССР пражывала 1448 крымчакоў, з іх роднай мовай крымчакскую назвалі 505 чал. (34,9 %), рускую — 900 чал. (62,2 %).

Крымчакі стварылі багаты фальклор: легенды, песні, загадкі і прыказкі- джонк. Фальклор і рэлігійныя тэксты публікаваліся на крымчакскай мове, а таксама на ідыш, іўрыце і рускай мове. На пачатку 20 ст. ў Крыме былі адкрытыя пачатковыя школы для дзяцей крымчакоў (з выкладаннем на рускай мове). У 1910-22 дырэктарам школы быў І. Кая — першы крымчак, які атрымаў вышэйшую адукацыю, аўтар шэрагу прац, прысвечаных гісторыі і этнаграфіі крымчакоў. Паступова ўзровень адукацыі вырас: многія крымчакі станавіліся высокакваліфікаванымі спецыялістамі (напр. лаўрэат Дзяржаўнай прэміі інжынер М. Трэўгода). Е. Пейсах на працягу шэрагу гадоў складаў крымчакска-рускі і руска-крымчакскі слоўнік. В. Багінская — савецкая і расійская пісьменніца, педагог, збіральнік песень і фальклору крымчакоў, адна з апошніх носьбітаў жывой крымчакскай мовы.

Зноскі

  1. У Крыме паводле перапісу насельніцтва 1989 колькасць крымчакоў складала 679 чал.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Цюркскія народы
Катэгорыя·Народы Крыма
Катэгорыя·Яўрэйскія этнасы