wd wp Пошук:

Коста-Рыка

Коста-Рыка, Рэспубліка Коста-Рыка (ісп.: Costa Rica, República de Costa Rica) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы, мяжуе з Нікарагуа на поўначы і з Панамай на паўднёвым усходзе, на захадзе і поўдні абмываецца Ціхім акіянам, а на ўсходзе — Карыбскім морам. Дзяржаўная мова — іспанская. Сталіца — горад Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (15 верасня).

Нягледзячы на супольныя рысы прыроды, гісторыі і насельніцтва, Коста-Рыка вельмі моцна вылучаецца з усіх дзяржаў Цэнтральнай Амерыкі: тут амаль не засталося індзейскай спадчыны і пераважае белае насельніцва; вялікія выдаткі на адкукацыю і ахаву здароўя; нізкі ўзровень злачыннасці; эканоміка разнастайная, экалагічная і не залежыць ад экспарту сыравіны ці афшорнай дзейнасці. Коста-Рыка не спазнала ні спусташальных грамадзянскіх войнаў, ані жорстких дыктатарскіх рэжымаў, ані бясконцых дзяржаўных пераваротаў. Коста-Рыка з’яўляецца адзінай ва ўсёй Амерыцы нейтральнай дзяржавай, яшчэ ў 1948 годзе цалкам адмовіўшыся ад выкарыстання войска. Коста-Рыка вядомая як «краіна-запаведнік» — 27 % плошчы адведзена пад прыродаахоўныя тэрыторыі.

Тым не менш, за акіянам Коста-Рыка застаецца вядомай у першую чаргу як экспарцёр бананаў. Футбольная зборная Коста-Рыкі сваімі поспехамі ў 2010-х таксама дае нагоду ўзгадаць гэтую краіну.

Этымалогія

У перакладзе з іспанскай — «багаты бераг»

Геаграфічнае становішча

Мяжуе з Нікарагуа на поўначы і з Панамай на паўднёвым усходзе, на захадзе і поўдні абмываецца Ціхім акіянам, а на ўсходзе — Карыбскім морам. Карыбскае ўзбярэжжа роўнае, Ціхаакіянскае — зрэзанае, з шматлікімі паўастравамі, буйным залівам Каранада і трыма дробнымі залівамі. У Ціхім акіяне дзяржаве належыць бязлюдны востраў Какос (24 км²).

Прырода

вулкан Арэнал

Большую частку краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтральнае плато (Цэнтральная Месета) вышынёй 900—1200 метраў з урадлівымі глебамі. Знакаміты сваёй ідэальнай канічнай формай вулкан Арэнал (1670 м). На паўднёвым захадзе плато абмежавана хрыбтом Кардыльера-дэ-Таламанка з найвышэйшым пунктам краіны гара Чырыпа (3820 м). На поўначы і ўзбярэжжах — нізіна. Нярэдка здараюцца разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невялікія радовішчы жалезнай, меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, срэбра і золата.

Клімат субэкватарыяльны, ападкі прыносяць пасаты, што дзьмуць з Карыбскага мора. На нізінах сярэднямесячныя тэмпературы 23-25 °C, на плато 19-20 °C. Ападкаў на ўсходзе, на наветраных схілах, да 3000 мм за год; на захадзе 1000—1500 мм. Сухі сезон доўжыцца з лістапада па красавік.

Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найбуйнейшы водны аб’ект — штучнае возера Арэналь

На ўсходніх узбярэжжах — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на заходнім — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых раслін. Коста-Рыка вядомая як «краіна-запаведнік» — 27 % краіны адведзена пад прыродаахоўныя тэрыторыі. Нацыянальныя паркі Каркавада, Брауліа-Карыльё, Чырыпа. Нацыянальны парк Ла-Амістад каля Панамскай мяжы быў заснаваны ў 1950-х мужам і жонкай Весберг са Швецыі.

У склад краіны ўваходзіць бязлюдны вулканічны востраў Какос, у 2002 годзе ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя

Каменныя шары Коста-Рыкі

Са старажытнасці гэтую тэрыторыю насялялі (уэтары) — індзейскі народ, што цалкам знік у выніку Канкісты. У 1502 годзе ўсходні бераг быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам, ад яго ж краіна атрымала назву; з 1513 года пачалося заваяванне краіны іспанцамі. Цэнтрам калоніі стаў горад Картаго (1563 год заснавання). У 1560 годзе ўключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Вільготны трапічны клімат і бедная на золата, насуперак назве, зямля не зрабілі «багаты бераг» прывабным для каланізатараў. У Коста-Рыцы не сфармавалася плантацыйнай гаспадаркі, таму і ў чарнаскурых рабах не было патрэбы.

Да незалежнасці кастарыканцы не імкнуліся зусім і даведаліся пра яе праз два месяцы пасля дэкрэта 15 верасня 1821 года, калі з Гватэмалы да Коста-Рыкі даскакаў ганец з актам аб незалежнасці калоній. У 1822 годзе Коста-Рыка далучылася да мексіканскай імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 годзе ўвайшла ў федэрацыю Злучаных Правінцый Цэнтральнай Амерыкі; сталіцай Коста-Рыкі стаў горад Сан-Хасэ. У 1825 годзе была прынята першая канстытуцыя. У 1838 годзе федэрацыя распалася і Коста-Рыка вылучылася ў самастойную дзяржаву. У 1850-я гады пачалася вытворчасць кавы і бананаў на экспарт. У 1868—1870 гадах пабудавана чыгунка, якая злучыла два акіяны. У пачатку 20 стагоддзя Амерыканская кампанія «Юнайтэд Фрут» пачала экспансію ў Коста-Рыку, ператварыўшы краіну ў «бананавую рэспубліку». У другой палове 20 стагоддзя Коста-Рыка — адзін з верных «авіяносцаў» ЗША ў рэгіёне. Тым больш засмучальным для ЗША стала аднаўленне адносін Коста-Рыкі з Кубай.

Дзяржаўны лад

Заканадаўчая асамблея Коста-Рыкі

Коста-Рыка — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949 года. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. У 2014—2018 гг. прэзідэнтам з’яўляецца Луіс Гільерма Саліс, прафесар гісторыі і паліталогіі, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Універсітэта Коста-Рыкі.

Вышэйшы заканадаўчы орган — Заканадаўчая асамблея Коста-Рыкі (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы. якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясцовага кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярхоўны суд, якому належыць і права канстытуцыйнага нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясцовыя суды.

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў чэрвені 1992 года.

Адміністрацыйны падзел

Асноўны артыкул: Адміністрацыйны падзел Коста-Рыкі

Адміністрацыйны падзел Коста-Рыкі

Коста-Рыка падзяляецца на 7 правінцый:

Правінцыі падзеленыя на кантоны і раёны. Кантонаў — 81, раёнаў — 470.[1]

Насельніцтва

Прырост насельніцтва — 1,2 % (2017). Краіна з’яўляецца рэгіянальным цэнтрам прыцягнення мігрантаў.

Насельніцтва пераважна белае (65 %). Метысы складаюць 13,6 %. Мулаты і негры (разам каля 8 %) пражываюць на ўсходнім узбярэжжы і ў гарадах, часткова гавораць па-ангельску. Дастаткова нерэлігійнае насельніцтва: каталікі складаюць 45 %, пратэстанты — 15 %; пры гэтым Коста-Рыка — адзінае несекулярызаваная амерыканская дзяржава (канстытуцыя 1949 зацвердзіла каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі).

Большая частка насельніцтва пражывае на цэнтральным плато. Найбуйнейшыя гарады — Сан-Хасэ (333 тысячы ў 2015), Лімон, Алахуэла.

Высокі ўзровень Індэкса чалавечага развіцця (0,776). Расходы на адукацыю — 7 % ВУП (адны з самых высокіх у свеце).

Эканоміка

дзелавы цэнтр Сан-Хасэ

Грашовая адзінка — калон. ВУП на душу насельніцтва — каля 18 000 долараў (2018). Эканоміка Коста-Рыкі базуецца на турызме, сельскай гаспадарцы і вытворчасці і экспарце электронікі (мікрапрацэсараў і медыцынскіх прыбораў). Замежным інвестыцыям спрыяюць палітычная стабільнасць, кваліфікацыя працоўнай сілы, а таксама падатковыя ільготы.

Апрацоўчая прамысловасць (25 % ВУП, 22 % працуючых) — вытворчасць мікрапрацэсараў, харчовая прамысловасць, медыцынскае абсталяванне, тэкстыль і адзенне, будаўнічыя матэрыялы, угнаенні. Асноўны тып электрастанцый — гідраўлічныя. У 2016 годзе на адкрыцці новай ГЭС прэзідэнт Саліс заявіў, што Коста-Рыка першай у свеце цалкам перайшла на узнаўляльныя крыніцы энергіі.

Сельская гаспадарка (6 % ВУП, 14 % працуючых) — бананы, ананасы, кава, дыні, дэкаратыўныя расліны, цукар, кукуруза, рыс, бабовыя, бульба; ялавічына, птушка, малочныя прадукты; лесанарыхтоўкі.

Сфера абслугоўвання — 69 % ВУП, 64 % працуючых.

Экспарт у 2016 — 13,3 млрд дал — бананы (11 %), іншыя фрукты (10 %), медыцынскія інструменты (17 %), электроніка. Асноўны пакупнік — ЗША 32,14 %. Ад 4 да 5 % экспарта прыходзіцца на такія краіны як Нідэрланды, Гватэмала, Панама, Германія, Бельгія.[2]

Імпарт у 2016 — 15,4 млрд дал — сыравіна, спажывецкія тавары, прамысловае абсталяванне, нафтапрадукты, аўтамабілі, прадукты харчавання. Асноўныя пастаўшчыкі — ЗША 37,3 %, Кітай 12,8 %, Мексіка 6,5 %.[3]

Адукацыя

У г. Санта-Ана (правінцыя Сан-Хасэ) дзейнічае адзін з каледжаў міжнароднай супольнасці.

Некаторыя цікавінкі

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. Афіцыйны спіс Міністэрства Інфраструктуры Архівавана 10 лістапада 2008.
  2. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=52&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
  3. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=52&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
Тэмы гэтай старонкі (8):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Унітарныя дзяржавы
Дзяржавы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Коста-Рыка
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара