wd wp Пошук:

Клён вастралісты

Клён вастралісты[4], Клён платанападобны[4], Клён звычайны[5] (Acer platanoides) — лістападнае дрэва роду Клён (Acer) сямейства Сапіндавыя (Sapindaceae).

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Дрэва вышынёй да 20—30 м, з густой кронай. Кара на ствале цёмная буравата-шэрая або амаль чорная, глыбока падоўжна трэшчынаватая. Маладыя парасткі жаўтлява-бурыя, светла-карычневыя або аліўкава-чырвоныя. Верхавінныя пупышкі яйцападобныя або авальныя, буйныя, даўжынёй 8—10 мм, пакрытыя 6—8 карміна-чырвонымі або зеленаватымі лускавінкамі з кароткімі белымі вейкамі па краях. Бакавыя пупышкі драбнейшыя. Сэрцавіна белая, круглявая; драўніна таксама белая з жаўтлявым адценнем, цвёрдая, бліскучая.

Лісце ўвосень

Лісце супраціўнае, буйное, пальчаталопасцевае, востраканцовае, на чаранках. Тры верхнія лопасці амаль роўныя, ніжнія значна драбнейшыя; выемкі паміж імі акругленыя, асновы лісця шырокасэрцападобныя, хвосцік даўжынёй да 20 см, часта чырванаваты, з млечным сокам. Ліставыя пласцінкі бліскучыя, цёмна-зялёныя, знізу больш светлыя, голыя або з ніжняга боку з валасінкамі па жылках і бародкамі валасінак у кутах іх.

Кветкі правільныя з падвойным калякветнікам у дыяметры 1,4 мм, жоўта-зялёныя, сабраныя ў складаныя шчыткі. Кветка складаецца з 5 авальных чашалісцікаў, 5 звужаных пялёсткаў, 8 тычынак (2 недаразвітыя). У аснове кветкі развіты нектарны дыск. У гэтага віду адрозніваюць 3 тыпы кветак: жаночыя з недаразвітымі тычынкамі, мужчынскія з недаразвітым песцікам і абоеполыя. Усе тры тыпы можна сустрэць у адным суквецці. Дрэва цвіце да распускання лісця.

Плод — двухкрылка.

Пашырэнне

Арэал ляжыць у межах лясной зоны Еўропы ад паўднёвай часткі Скандынавіі да Міжземнага мора, а таксама на Каўказе. У Расіі даволі звычайны ў лясной зоне еўрапейскай часткі ад Петразаводска да Саратаўскай і Валгаградскай абласцей, дзе сустракаецца ў лясах па бэльках, на ўсход даходзіць да Перадуралля. На тэрыторыі Беларусі від больш пашыраны на поўдні ў хвойна-шыракалістых і дубова-грабавых лясах, цвіце ў красавікумаі.

Асаблівасці біялогіі

Клён актыўна расце ў вышыню да 25—30 гадоў, затым пачынаюць энергічна расці бакавыя галіны, і развіваецца магутная крона. Да 60 гадоў рост у вышыню практычна спыняецца. Плоданасіць пачынае ў 20—25 гадоў (рэдка раней). Працягласць жыцця дрэва 150—200 гадоў (часам больш). Добра размнажаецца насеннем, багата плоданасіць амаль кожны год. Святлолюбівая, ценевынослівая расліна, мезафіт, мезатроф, эўтроф[6].

Таксанамія

Від Клён вастралісты ўваходзіць у род Клён (Acer) сямейства Сапіндавыя (Sapindaceae).

  яшчэ 8 сямействаў
(па Сістэме APG II)
  яшчэ больш 100 відаў
       
  парадак Сапіндакветныя     род Клён    
             
  аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя     сямейства Сапіндавыя     від Клён вастралісты
           
  яшчэ 44 парадкі кветкавых раслін
(па Сістэме APG II)
  яшчэ 140—150 родаў  
     

Выкарыстанне

Драўніна з высокімі тэхнічнымі якасцямі. Клён вастралісты выкарыстоўваецца як дэкаратыўнае дрэва, добры меданос.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Сістэматычнае становішча роду дадзена згодна з GRIN.
  4. 1 2 Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 7. — 160 с. — 2 350 экз.
  5. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  6. Клён остролистный: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Дэкаратыўныя дрэвы
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1753 годзе
Катэгорыя·Дрэвы
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Клён
Катэгорыя·Меданосныя расліны