Кармелава (літ.: Karmėlava, традыцыйная беларуская назва Кармя́лаў) — мястэчка ў Каўнаскім раёне Літвы, на рацэ Вілія. Адміністрацыйны цэнтр Кармелаўскай сянюніі. Насельніцтва 2886 чал. (2001). Знаходзіцца за 14 км на паўночны ўсход ад Каўнаса. Згодна з сучаснай афіцыйнай літоўскай класіфікацыяй мястэчка належыць да этнаграфічнага рэгіёна Аўкштота.
У Кармелаве размяшчаецца аэрапорт «Каўнас».
Першыя пісьмовыя згадкі пра Кармялаў (Kremilow) з’яўляюцца з канца XIV стагоддзя ў апісанні шляхоў крыжацкіх наездаў[1].
У 1529 годзе вялікі князь Жыгімонт I Стары фундаваў у Кармялаве касцёл (перабудаваны ў 1763 годзе віцебскім кашталянам Шыманам Сіруцем). На Радзівілаўскай карце (1613) значыцца як мястэчка. У 1663 годзе згадваецца парафіяльная школа.
Быў цэнтрам нягродавага староства ў складзе Ковенскага павета, якое трымалі Агінскія, потым Сіруці; на сойме 1773—1775 гадоў староства перадалі ковенскаму скарбніку Юзафу Кончу.
2 мая 1792 года кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Кармялаву Магдэбургскае права і герб. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) апынуўся ў складзе Расійскай імперыі.
З 1918 года — у складзе Літвы.