wd wp Пошук:

Кальман Калачай

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Калачай.

Кальман Калачай (венг.: Kálmán Kalocsay, эспер.: Kalomano Kaloĉajo; 6 кастрычніка 1891 — 27 лютага 1976; Псеўданімы: Kopar, Alex Kay, Malice Pik, C.E.R. Bumy, Peter Peneter, -y, K. Stelov) — венгерскі паэт і перакладчык на эсперанта, тэарэтык граматыкі і словаўтварэння эсперанта. Венгр паводле нацыянальнасці. Эсперанцкай літаратуразнаўчай традыцыяй прызнаны найбольш значным паэтам на эсперанта.

Біяграфія

К. Калачай нарадзіўся 6 кастрычніка 1891 года ў мястэчку Абаўйсанта. Яго бацька быў юрыстам, маці памерла маладой у 1893 годзе.

У 1914 годзе, калі ён быў яшчэ студэнтам медыцынскага ўніверсітэта, К. Калачай пайшоў на фронт, дзе знаходзіўся каля трох гадоў. Паралельна з армейскай службай ён працягваў вучобу, атрымаўшы дыплом урача ў маі 1916 года. З 1920 года і да пенсіі (у 1966 годзе) працаваў урачом-інфекцыяністам (у некаторых крыніцах ягоная спецыяльнасць памылкова пазначана як хірургія) у будапешцкай бальніцы Святога Ласла. Нягледзячы на значныя поспехі ва ўрачэбнай і навуковай дзейнасці (абараніў доктарскую дысертацыю; пад канец кар’еры займаў высокія пасады, меў некалькі дзяржаўных узнагарод), большую частку сваёй энергіі ён накіроўваў на эсперанта-дзейнасць.

К. Калачай памер 27 лютага 1976 года ў Будапешце. Быў пахаваны ў сямейным склепе ў мястэчку Марыабешнё (w:hu:Máriabesnyő).

Эсперанта-дзейнасць

З эсперанта ён пазнаёміўся ў 1911 годзе. Згодна з яго ўласным прызнаннем, спачатку ён сур’ёзна цікавіўся таксама мовай іда, але аддаў перавагу эсперанта, бо прызнаў гэту мову больш выразнай і гнуткай. Эсперанта-грамадствам Калачай прызнаны адным з найбольш выдатных паэтаў і эсперантолагаў; ягоныяпадыходы да граматыкі эсперанта значна развілі (а ў шэрагу выпадкаў — нават рэфарміравалі) вы́разныя формы эсперанта і шмат у чым спрыялі яго стабілізацыі як моўнай сістэмы. На працягу жыцця К. Калачай займаў шматлікія пасады ў розных эсперанта-арганізацыях.

Арыгінальная паэзія

Як паэт ён стаў вядомы пасля выдання некалькіх паэтычных зборнікаў на эсперанта: «Mondo kaj koro» («Свет і сэрца», 1921), «Rimportretoj» («Рыфмаваныя партрэты», 1931) і асабліва «Streĉita kordo» («Напятая струна», 1931), які быў прызнаны адным з лепшых паэтычных зборнікаў на эсперанта. Яму таксама належыць знакаміты зборнік эратычных санетаў «Sekretaj sonetoj» («Сакрэтныя санеты», 1932, падпісаны псеўданімам Peter Peneter). Акрамя гэтых найбольш знакамітых твораў, яго пяру належаць зборнікі «Izolo» («Ізаляцыя», быў апублікаваны ў 1939, але яго распаўсюджванню перашкодзіла Другая сусветная вайна: амаль увесь тыраж згарэў, па захавалым экзэмпляры зборнік быў перавыдадзены ў 1977), «Ezopa saĝo» («Эзопава мудрасць», 1956; паэтычныя пераказы баек Эзопа); ужо пасля смерці паэта была выдадзена кніга «La dek du noktoj de satano» («Дванаццаць начэй д’ябла», 1990; гэты твор нярэдка разглядаецца як найбольш выдатны эратычны твор на эсперанта), зборнік вершаў «Versoj oni ne aĉetas» («Вершамі не гандлююць», 1922) і некалькі невялікіх анталогій яго паэзіі.

У паэзіі Калачай быў прыхільнікам класічных мадэляў і цвёрдых форм, некаторыя з каторых былі ўведзены ў эсперанта-паэзію менавіта ім. Нягледзячы на тое, што згодна з яго прызнаннем, ён быў далёкі ад паэзіі «звернутай да інтэлекту менш, чым да іншых сфер», ягоная паэзія вельмі насычана эмацыянальна.

Пры тым, што адносна форм Калачай быў кансерватарам, адносна паэтычнай мовы ён дзейнічаў як смелы наватар: яго схільнасць да ўзбагачэння эсперанта шляхам увядзення невытворных сінонімаў (напрыклад, такія эсперанцкія словы, створаныя з дапамогай прыстаўкі адмаўлення mal- як mallonga [кароткі], malami [ненавідзець], maljuna [стары] замяняліся безпрыстаўкавымі словамі kurta, hati olda) ухвалялі далёка не ўсе. Па гэтым пытанні з Калачай палемізавалі прыхільнікі «простага» эсперанта (у тым ліку ягоны зямляк Дзьюла Багі). Зараз, тым не менш, гэтая палеміка ў эсперанта-грамадстве разглядаецца толькі з гістарычнага боку, а амаль усе новатворы Калачаі сталі арганічнай часткай сучаснага эсперанта.

К. Калачай значна ўплыў на развіццё эсперанта-паэзіі яшчэ і тым, што быў рэдактарам часопіса «Літаратурны свет» («Literatura mondo»; выдаваўся з перапынкамі ў 1922—1949), які задаваў тон развіццю ўсёй літаратуры на эсперанта ў міжваенны перыяд. Вакол яго сфарміравалася асобная, так званая «Будапешцкая» паэтычная школа (эспер.: Budapesta skolo).

Пераклады

К. Калачай пераклаў на эсперанта мноства паэтычных твораў з розных моў свету. Да найбольш выдатных яго дасягненняў крытыкі адносяць пераклад паэмы «Трагедыя чалавека» венгерскага пісьменніка Імрэ Мадача («La tragedio de l’ homo», пераклад выдадзены ў 1924 годзе; у 1965 годзе выйшла дапрацаванае выданне) і пераклад першай часткі Боскай камедыі Дантэ Аліг’еры («Infero», выд. 1933). Заслугоўвае згадкі таксама анталогія «Tutmonda sonoro» («Сусветны звон»), у якую ўвайшлі паэтычныя пераклады з 30 моў.

У сваіх перакладах Калачаі прытрымліваўся тых жа прынцыпаў, што і ў арыгінальнай паэзіі, актыўна распрацоўваў вы́разныя здольнасці эсперанта. Акрамя паэзіі ён перакладаў і прозу, але яго празаічныя пераклады не мелі такой адметнасці, як паэтычныя.

Унёсак у эсперанталогію

К. Калачай актыўна займаўся вывучэннем эсперанта як моўнай сістэмы. Ён з’яўляецца аўтарам (ці сааўтарам) шматлікіх артыкулаў ці кніг па граматыцы і стылістыцы эсперанта; значна распрацаваў тэорыю эсперанцкага словаўтварэння (базу для якой заклаў Рэнэ дэ Сасюр). Яго аўтарытэт як граматыка і эсперантолага быў агульнапрызнаным: вельмі доўгі час ён быў членам арганізацый-рэгулятараў эсперанта: моўнага Камітэта (1922—1948) і Акадэміі эсперанта (1949—1976).

Сярод самых значных эсперанталагічных твораў Калачай трэба згадаць:

К. Калачай быў таксама галоўным рэдактарам і складальнікам двухтомнай «Энцыклапедыі эсперанта» (1934).

Асноўныя творы

У ніжэйпрыведзеным спісе прадстаўлены найбольш вядомыя і/або знакавыя творы К. Калачая. Указаны толькі год першага выдання, але многія з яго твораў шматразова перавыдаваліся.

Арыгінальная проза

Паэтычныя пераклады

Празаічныя творы

Лінгвістычныя творы

Ушанаванне памяці К. Калачая

Імем К. Калачая названы вуліцы ў гарадах Абаўйсанта і Мішкальц; у горадзе Марыабешнё ў яго гонар усталяваны дзве мемарыяльныя дошкі. У яго родным горадзе яму ўсталяваны бронзавы бюст, створаны і дзейнічае Памятны Пакой.

У 1991 годзе было створана міжнароднае Таварыства сяброў доктара К. Калачай (эспер.: Amika Societo de d-ro K. Kalocsay), якое займаецца перавыданнем яго твораў, дапаўненнем бібліяграфіі і інфармацыйнай дзейнасцю.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #130357685 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Перакладчыкі Венгрыі
Катэгорыя·Паэты на эсперанта
Катэгорыя·Паэты Венгрыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Паэты XX стагоддзя
Катэгорыя·Перакладчыкі XX стагоддзя
Катэгорыя·Эсперантысты
Катэгорыя·Пісьменнікі на эсперанта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1891 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Будапешцкага ўніверсітэта
Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў медзье Боршад-Абауй-Земплен
Катэгорыя·Памерлі ў Будапешце
Катэгорыя·Эсперантолагі
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 кастрычніка
Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на эсперанта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Памерлі 27 лютага
Катэгорыя·Перакладчыкі прозы і драматургіі на эсперанта
Катэгорыя·Перакладчыкі на эсперанта
Катэгорыя·Памерлі ў 1976 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі