wd wp Пошук:

Гастон Варэнгьен

Гасто́н Варэнгье́н (фр.: Gaston Waringhien 20 ліпеня 1901 - 20 снежня 1991) - французскі лінгвіст, які праславіўся як выдатны эсперантолаг, а таксама паэт, перакладчык і публіцыст на мове эсперанта. Г. Варэнгьен (разам К. Калачаем) з’яўляўся тэарэтыкам вершаскладання на эсперанта і заснавальнікам навуковага апісання эсперанта як моўнай сістэмы. Ён таксама прызнаны адным з найбольш выдатных лексікографаў эсперанта - падрыхтавны пад яго кіраўніцтвам Поўны ілюстраваны слоўнік эсперанта з 1970-ых гадоў застаецца найбольш поўнай і аўтарытэтнай лексікалагічнай крыніцай на эсперанта.

Біяграфія

Г. Варэнгьен нарадзіўся 20 ліпеня 1901 года ў горадзе Ліле (Францыя). Яго бацька быў выкладчыкам замежных моў. Ужо ў 19 гадоў Варэнгьен стаў ліцэнцыятам па літаратуры, а ў 22 года - агрэжэ па філалогіі. З гэтага часу ён выкладае мовы і літаратуру ў розных школах і ліцэях Ліля, Тур і Парыжа.

Падчас Другой сусветнай вайны служыў як штабны афіцэр, займаўся шыфрваннем. У 1940 апынуўся ў плене, а ў 1942 - асуджаны за «перахоп англійскіх радыяграм» і сасланы ў канцэнтрацыйны лагер у Любеке, дзе знаходзіўся да мая 1945 года.

У 1953 годзе атрымаў пасаду прафесара літаратуры у Брытанскім інстытуце (пры Парыжскім Універсытэце). Варэнгьен з’яўляўся прызнаным аўтарытэтам ва французскай лексікалогіі, супрацоўнічаў з лексікаграфічнай групай Larousse. У 1963 выйшаў на пенсію.

У апошнія гады жыў ва французскім горадзе Энье. Памёр 20 снежня 1991 у Парыжы.

Эсперанта-дзейнасць

З эсперанта Варэнгьен пазнаёміўся у 1916 годзе. Ужо ў 24 гады ён уваходзіць у склад Моўнага камітэта (папярэдніка Акадэміі эсперанта). У гісторыю эсперанта-руха Г. Варэнгьен увайшоў як аўтар і сааўтар некалькіх аўтарытэтных слоўнікаў, неардынарны публіцыст, таленавіты перакладчык і паэт.

Лексікаграфічная дзейнасць

У 1927 годзе Варэнгьен быў запрошаны прыняць удзел у падрыхтоўцы Поўнага слоўніка эсперанта пад агульнай рэдакцыяй Эміля Горожан-Мапіна, але з-за сур’ёзнай хваробы аднаго з супрацоўнікаў, Варэнгьен фактычна выканаў большую частку працы над слоўнікам. Поўны слоўнік эсперанта (эспер.: Plena vortaro de Esperanto, PV), і адразу атрымаў папулярнасць і аўтарытэт сярод эсперантыстаў. Яго другое перапрацаванае выданне выйшла ў 1934 годзе, пазней ёе неаднаразова перавыдаваўся стэрэатыпна.

Дослед, набыты падчас працы над Plena vortaro, потым спатрэбіўся Варэнгьену, калі ў пасляваенны час ён ужо самастойна падрыхтоўваў Дадатак да Поўнага слоўніка (эспер.: Suplemento al la Plena vortaro de Esperanto, 1954) і працаваў над Вялікім французска-эсперантскім слоўнікам (фр.: Grand dictionnaire Espéranto-Français), які быў выдадзены ў 1957 годзе і да канца 1980-ых заставаўся найбольш аўтарытэтным слоўнікам такога роду.

Пасля падбору шматлікіх супрацоўнікаў па розным галінам, у красавіку 1960 года Варэнгьен пачаў працу над сваім лексікалагічным шэдэўрам - Поўным ілюстраваным слоўнікам эсперанта (фр.: Plena ilustrita vortaro de Esperanto, PIV). Пасля канца працы машынапісны варыянт слоўніка займаў 3285 старонак. Слоўнік быў выдадзены ў 1970 годзе і, нягледзячы на разнастайную крытыку, хутка заняў становішча найбольш аўтарытэтнага слоўніка эсперанта. У 1980 годзе быў апублікаваны Дадатак да Поўнага ілюстраванага слоўніка, а з 1990 года пад кіраўніцтвам М. Ганіназа (якога Варэнгьен кансультаваў да самой смерці) была пачата праца над падрыхтоўкай непасрэднага пераемніка PIV’a - т. з. Новага поўнага слоўніка эсперанта (эспер.: Nova Plena ilustrita vortaro de Esperanto, NPIV, апублікаваны ў 2002 годзе).

Варэнгьен як граматык

Варэнгьен набыў вядомасць і як выдатны спецыяліст і даследчык у галіне граматыкі эсперанта. У сааўтарстве ў вянгерскім эсперантыстам К. Калачаем Г. Варэнгьен падрыхтаваў найбольш фундаментальнае і дэталёвае апісанне граматыкі эсперанта - так званую Поўную граматыку (эспер.: Plena gramatiko, першае выданне 1935 г.). Падчас працы над гэтай кнігай стараннямі Варэнгьена была ў значнай ступені распрацавана і пашырана эсперантская лігвістычная тэрміналогія.

Другое выданне Поўнай граматыкі выйшла ў 1938 годзе, трэцяе - на рубяжы 1950-60 гадоў. Пачынаючы з чацвёртага выдання пастаянна дапрацоўваемая кніга выходзіць пад назвай “Поўная аналітычная граматыка” (эспер.: Plena analiza gramatiko, PAG). Апошнія два выданні (чацвёртае, 180 г., і пятае, 1985 г.) выйшлі ўжо пасля смерці К. Калачая. Нягледзячы на тое, што гэты дапаможнік зазнае разнастайную крытыку, ён дэ-факта з’яўляецца найбольш аўтарытэтным «акадэмічным» апісаннем граматыкі эсперанта і яго сістэмы словаўварэння.

Акрамя Поўнай граматыкі Варэнгьен апублікаваў шматлікія артыкулы і кіраўніцтвы па граматыке эперанта на французскай мове. У 1934 годзе Варэнгьен заснаваў Французскі інстытут эсперанта, а ў 1963-79 гадах ён з’яўляўся старшынёй Акадэміі эсперанта

Унёсак у тэорыю вершаскладання на эсперанта

У сааўтарстве з К. Калачаем і (трэцяе выданне) Р. Бернарам Варэнгьен напісаў грунтоўны дапаможнік па эсперантскаму вершаскладанню, які быў выдадзены пад назвай «Даведнік па Парнасу» (эспер.: Parnasa gvidlibro, гады выдання 1932, 1968, 1984). Гэты дапаможнік апісаў і зафіксаваў нормы эсперантскай метрыкі, рыфмоўкі, а таксама прынцыпы адаптацыі розных паэтычных цвёрдых форм на эсперанта.

Варэнгьен як рэдактар і публіцыст

Варэнгьен з’яўляецца аўтарам шматлікіх рэцэнзій і артыкулаў, прысвечаных літаратуры на эсперанта, гісторыі эсперанта, а таксама пытанням культуры і мастацтва ўвогуле. Шматлікія эсэ і артыкулы Варэнгьена апублікаваны ў выглядзе пяці асобных кніг:

Г. Варэнгьен быў адным з рэдактараў часопіса «Literatura Mondo» («Літаратурны свет», 1922-1949) і галоўным рэдактарам «La Nica Literatura Revuo» («Ніцскі літаратурны агляд», 1955-62); абодва гэтых часопіса адыгралі важную ролю ў культурным жыцці эсперанта-грамадства. Акрамя гэтага Варэнгьен супрацоўнічаў і са шматлікімі іншымі перыядычнымі выданнямі на эсперанта.

Г. Варэнгьен выступіў як складальнік ці рэдактар наступных зборнікаў ці анталогій:

Вокладка невялікай падборкі эратычных вершаў, перакладзеных на эсперанта з розных моў калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй Г. Варэнгьена
Вуліца імя Г. Варэнгоьена ва французскім горадзе Энье, дзе ён жыў у апошнія гады свайго жыцця

Пераклады і арыгінальная творчасць

Варэнгьен вядомы як перакладчык паэзіі на эсперанта. Ён перакладаў пераважна з французскай мовы (асабліва вядомы яго пераклады вершаў з цыкла «Кветкі зла» Ш. Бадлера, а таксама падрыхтаваная ім чатырохтомная анталогія французскай паэзіі), але таксама і з нямецкай («Песні і рамансы» Г. Гейнэ, суместна з К. Калачаем), італьянскай («Дэкамерон», Дж. Бакача), і персідскай моў (рубаі Амара Хаяма).

Варэнгьен пісаў таксама арыгінальныя вершы (большай часткай пад псеўданімамі Georges E. Maura, A. Nurak, A. Papadiamantopoulos, Georgo Peterido Peneter), якія атрымалі добрыя адзнакі крытыкаў, асабліва лірычны зборнік «Duonvoĉe» («Напаўголаса») і эратычная паэма «Travestita muzo» («Пераапранутая муза»). Тым не менш, як арыгінальны паэт Варэнгьен менш вядомы, чым як перакладчык і эсперантолаг.

Асноўныя творы

Крыніцы і спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Перакладчыкі на эсперанта
Катэгорыя·Перакладчыкі прозы і драматургіі на эсперанта
Катэгорыя·Пісьменнікі на эсперанта
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 ліпеня
Катэгорыя·Эсперантолагі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1901 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Паэты на эсперанта
Катэгорыя·Эсперантысты
Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на эсперанта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лілі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 20 снежня
Катэгорыя·Памерлі ў 1991 годзе