Зо́пнік (Phlomis) — род кветкавых раслін сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae). 91[3] від.
Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак.
Красаванне ў сярэдзіне лета.
Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На тэрыторыі Беларусі вырошчваюць зопнік клубняносны (Phlomis tuberosa).
Лекавыя, кармавыя, меданосныя і дэкаратыўныя расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях зопніка клубняноснага ядомыя.