Зо́лва — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Дружнянка (злучана ручаём з возерам), за 13 км на поўдзень ад горада Браслаў, за 1,5 км на поўнач ад вёскі Замошша. Знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».
Плошча возера складае 0,31 км². Найбольшая глыбіня 7 м. Даўжыня 1,67 км. Найбольшая шырыня 0,29 км. Даўжыня берагавой лініі 3,8 км. Аб′ём вады 1,09 млн м³. Плошча вадазбору 15,3 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 2—5 м, на поўдні не выражаны, парослыя лесам і хмызняком. Берагі пад хмызняком, на поўначы сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей — сапрапелі. Злучана ручаём з возерам Шылава. Надводная расліннасць утварае паласу шырынёй 10—85 м да глыбіні 2,7 м (чарот, аер, трыснёг, гарлачыкі, эладэя канадская).
У возеры водзяцца акунь, шчупак, лінь, плотка, краснапёрка і іншыя рыбы.