wd wp Пошук:

Зецельская гаворка

Зецельская гаворка — вымерлая гаворка літоўскай мовы з арэалам на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь.

Адносіцца да дробных гаворак літоўскай мовы, якія ў арэальным дачыненні ўяўляюць сабою сукупнасць астраўных гаворак гэтай мовы, якія аточаны арэалам беларускай мовы[1] ў наваколлі сучаснага горада Дзятлава[2] (літ.: Zietela — Зецела).

Асноўныя звесткі

Арэал гаворкі астраўны і найбольш аддалены ад асноўнага арэалу літоўскай мовы ў параўнанні з іншымі падобнымі арэаламі на паўночным захадзе Беларусі і на поўначы Польшчы.

У 1886 г. на зецельскай гаворцы размаўлялі 1156 жыхароў пяці вёсак Зецельскай воласці (Норцавічы, Пагіры, Засецце, Яцвезь, Карпяшы). У 1960 г., пад час паездкі А. Відугірыса, па-літоўску разумелі толькі 32 асобы, з якіх добра ведалі мову 15 жыхароў вёскі Засецце. Паводле даследаванняў Т. Суднік станам на 1975 г. захоўвалася каля 30 носьбітаў зецельскай гаворкі, якія пражывалі ў двух населеных пунктах Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, у вёсках Пагіры і Засецце[3]. Апошні вядомы носьбіт гаворкі памёр у 1988 годзе[4].

У першую чаргу былі адзначаны архаічнасць гаворкі і шматлікасць славянскіх запазычанняў, што сведчаць аб доўгім і цесным кантакце са славянамі. У генетычным дачыненні зецельская гаворка адносіцца да дыялектаў літоўскай мовы, спалучаючы ў сабе, між іншага, не толькі ўсходнебалтыйскія, але і заходнебалтыйскія рысы[5]. Найбольшае падабенства выяўляецца з заходнеаўкштайцкімі гаворкамі, якія аддзелены не толькі суцэльнай прасторай гродзенска-баранавіцкай групы беларускіх гаворак, але і зонай літоўскага паўднёвааўкштайцкага дыялекта, з якім зецельскую гаворку таксама збліжае шэраг моўных рысаў. А. Відугірыс адзначаў асаблівасці зецельскай гаворкі, якія збліжаюць яе з арэалам заходніх аўкштайтаў, продкі якіх (на думку А. Відугірыса — яцвягі-дайнава) у старажытныя часы жылі ў тым ліку на тэрыторыях, заселеных цяпер паўднёвымі аўкштайтамі[6].

Гісторыя

Гісторыкі высоўваюць розныя пункты гледжання датычна этнагенезу продкаў носьбітаў зецельскай гаворкі.

Першы даследчык гаворкі Э. Вольтэр лічыў носьбітаў гаворкі нашчадкамі прусаў, якія былі пасаджаны Трайдзенем у наваколлях Слоніма. У сваіх даследаваннях Вальтэр грунтаваўся на тэкстах Іпацьеўскага летапісу, у якіх змяшчаюцца пэўныя заходнебалтыйскія рэлікты[7]. Пазнейшыя даследаванні, як правіла, мадыфікавалі гэтую гіпотэзу або прымалі яе (выстаўляліся здагадкі пра тое, што балты Трайдзеня насамрэч з’яўляліся яцвягамі). Гэтай думкі прытрымліваліся перадусім такія гісторыкі, як А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Свяжынскі і А. Квяткоўская. Аднак А. Кібінь меркаваў, што інтэрпрэтацыя трайдзеневых балтаў як прусаў або яцвягаў заснаваная на няправільным разуменні летапіснага артыкулу 1276 года, дзе згадваецца пра захоп галіцка-валынскім атрадам прускіх пасяленцаў, адпраўленых у Слонім[5].

Даследаванні А. Відугірыса паказалі, што гіпотэза аб позняй міграцыі не тлумачыць усіх асаблівасцей гаворкі. Даследчык не выключаў, што зецельская гаворка была пад уплывам перасяленцаў з тэрыторыі Літвы, але яе субстратная аснова ўзыходзіць да мовы мясцовага балцкага аўтахтоннага насельніцтва[8]. Супраць версіі позняга перасялення выказаўся і К. Гаршва, які даследаваў фаналогію пагранічных літоўскіх дыялектаў[9].

На аснове археалагічных звестак міграцыю яцвягаў на левабярэжжа Нёмана можна датаваць ХІ ст., што па часе супадае з пажарамі і абарончымі працэсамі на многіх славянскіх паселішчах[10] і ўзвядзеннем тут каменных курганоў (пахавальных помнікаў яцвягаў[11]). Калі гэта гіпотэза справядлівая, то продкі носьбітаў зецельскай гаворкі з’явіліся ў Дзятлаўскім раёне менавіта ў ХІ ст.[12]

Устаноўлена, што тэрыторыя распаўсюджання гаворкі раней была большая за тыя вёскі, у якіх яна ўжывалася ў XIX ст. На гэта непасрэдна ўказываюць скопішчы балцкіх тапонімаў на поўдні Дзятлаўскага раёна — каля Раготны, Дварца, уздоўж дарогі Дзятлава—Слонім[13], а таксама дадзеныя антрапаніміі Зецельскай воласці з інвентара 1580 года[14].

Зноскі

  1. Z. Zinkievičius, 1966.
  2. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. — Москва, 2014
  3. Судят T. М. Диалекты литовско-славянского пограничья. Очерки фонологических систем. М., 1975
  4. Vidugiris А. Zietelos šnektos žodynas. Vilnius, 1998. P. 10
  5. 1 2 А. С. Кибинь, 2006.
  6. A. Vidugiris, 1996; Vidugiris, 2004.
  7. Э. А. Вольтеръ, 1911
  8. Vidugiris А. Iš Zietelos ir pietų aukštaičių leksikos sąsajų // Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai. Klaipėda, 1996. P. 82-89; Vidugiris А. Zietelos lietuvių šnekta. P. 42-45
  9. Garšva К. Lietuvių kalbos paribio šnektos. P. 224—232
  10. С. Піваварчык, 1999.
  11. Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора
  12. Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора
  13. Гаучас П. К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической территории в средневековье // БСИ. 1986. М., 1988. С. 203
  14. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. — М., 2014. С. 21

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Літоўская мова
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Зніклі ў 1988 годзе
Мовы і дыялекты паводле алфавіта
Мовы Беларусі