Задзве́я[1] (трансліт.: Zadzvieja, руск.: Задвея) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Вольнаўскага сельсавета. Размешчана за 30 км на паўднёвы ўсход ад Баранавіч, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы на лініі Баранавічы—Мінск, на р. Дзвея.
Вядома з 15 стагоддзя як маёнтак у Навагрудскім павеце, належаў Чамровічам, з 1464 года да 1471 года — Гаштольдам.
У 17 — 18 стагоддзях маёнтак Задзвея — уласнасць шляхцічаў Макушынскіх і Чачотаў. Чачоты пабудавалі тут касцёл і палац (не захаваліся).
У 1909 годзе ў Жухавіцкай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні, дзейнічала царкоўна-прыходская школа.
З 1921 года ў складзе Польшчы, у Паланэцкай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. Побач з вёскай размяшчаўся фальварак Задзвея, у якім 11 дамоў, 41 жыхар.
З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей. Да 20 мая 1957 года вёска ўваходзіла ў склад Паланечкаўскага сельсавета[2], пасля — у склад Галынкаўскага сельсавета. З 25 снежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінула 28 вяскоўцаў.
![]() |
Задзвея на Вікісховішчы |
---|