wd wp Пошук:

Дывехі

У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Мова Дывехі.

Дывехі (дывехі ދިވެހިން, літаральна «астравіцяне»), або мальдыўцы — народ, асноўнае насельніцтва Мальдыўскіх астравоў і вострава Мінікой у Індыі. Агульная колькасць — каля 400 тыс. чал. (2010 г.).

Паходжанне

Дывехі з’яўляюцца нашчадкамі прадстаўнікоў розных народаў, аднак галоўную ролю ў іх фарміраванні адыгралі выхадцы з паўвострава Індастан. Мяркуецца, што астравы былі населены каля 2500 гадоў таму. Паданні астравіцян сведчаць, што іх продкі прыбылі некалькімі хвалямі з захаду Індыі. Генетычныя даследаванні сведчаць, што дывехі блізкія да сінгалаў Шры-Ланкі, насельніцтва Ўсходняй Індыі і Бангладэш.

У сярэднявеччы і пазней на Мальдыўскія астравы таксама перасяляліся выхадцы з Малабара, Аравійскага паўвострава, Ірана, Зондскага архіпелага і нават усходняга ўзбярэжжа Афрыкі.

Гісторыя

У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. князь Каймала, які прыбыў з Шры-Ланкі або кантынентальнай Індыі, усталяваў сваю ўладу над Мальдыўскімі астравамі і стварыў першую дзяржаву. Прыкладна ў III ст. да н. э. дывехі прынялі будызм. Рэшткі будысцкіх ступ хавіта да сёй пары знаходзяцца на розных атолах.

Мальдыўскія астравы былі галоўным экспарцёрам ракавін каўры, якія выкарыстоўваліся ў розных краінах у якасці грошай. У 1153 г. (па іншай версіі ў 1193 г.) для ўмацавання сувязяў з Блізкім Усходам уладары Мальдываў прынялі іслам і тытул султанаў. Згодна традыцыі, пераход у іслам мясцовых жыхароў быў мірны. Але сучаснымі археолагамі былі знойдзены крыніцы, якія сведчаць пра рэпрэсіі супраць будысцкіх манахаў на поўдні краіны.

У 1558 г. Мальдывы былі захоплены партугальцамі, якія імкнуліся гвалтоўна распаўсюдзіць хрысціянства. Але іх кіраванне працягвалася ўсяго 15 гадоў і скончылася выгнаннем у выніку паўстання.

У 1887 г. быў усталяваны брытанскі пратэктарат. Брытанцы актыўна ўмешваліся ў палітычныя справы вышэйшых колаў, але не ва ўнутранае жыццё астатніх дывехі. Некаторае выключэнне складалі жыхары паўднёвых астравоў, дзе знаходзілася брытанская ваенная база. З сяр. ХX ст. яны дамагаліся незалежнасці, а ў 1959 - 1963 гг. стварылі Аб’яднаную Рэспубліку Астравоў Сувадыва, якая, аднак, хутка перастала існаваць.

У 1953 г. пратэктарат быў фармальна скасаваны і ўсталявана рэспубліка. Поўная незалежнасць Мальдываў была абвешчана 26 ліпеня 1965 г.

Культура

Дывехі падзяляюцца на тры буйныя субэтнічныя групы:

Кожная група адрозніваецца моўнымі і культурнымі асаблівасцямі, а таксама міфамі аб сваім паходжанні ад розных хваль старажытных мігрантаў.

Асноўныя заняткі — сельская гаспадарка, якая з-за малой урадлівасці каралавых глебаў поўнасцю не забяспечвае астравіцян харчам, і лоў рыбы. Важную ролю здаўна мелі знешні гандаль і вырошчванне какосавай пальмы.

Сем’і вялікія пашыраныя. Распаўсюджаны шлюбы са сваячніцамі па лініі маці. Мужчыны часта пераходзяць жыць у сям’ю жонкі. У мінулым існавала жорсткая стратыфікацыя грамадства. На вышэйшых прыступках сацыяльнай лесвіцы стаялі высакародныя бейфулун, якія звычайна не змешваліся з простым насельніцтвам. На ніжэйшай прыступке сацыяльнай лесвіцы стаялі залежныя зборшчыкі какосаў. Шлюбы паміж рознымі сацыяльнымі пластамі не заахвочваліся. У нашы дні гэтая практыка знікла. Фармальна ўсе дывехі маюць роўны прававы статус. Але ў палітыцы і эканоміцы дамінуюць нашчадкі бейфулун.

Жыхары пэўных населеных пунктаў або астравоў аб’яднаны ў абшчыны. Астраўнымі абшчынамі кіруюць чыноўнікі катыбу, якія часцяком прызначаюцца з высакародных сем’яў. Вышэй за іх стаяць кіраўнікі атолаў атолуверыя.

Дывехі захавалі багаты фальклор - гістарычныя паданні, казкі, спевы, танцы. Вядома некалькі відаў мясцовых баявых мастацтваў.

Мова

Мова дывехі адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і моў.

Рэлігія

Вернікі спавядаюць іслам. Але сярод дывехі захаваліся даісламскія магічныя абрады, вера ў шматлікіх жаночых духаў. Старажытны культ продкаў паўплываў на сучасную пахавальную абраднасць.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Народы Індыі
Катэгорыя·Індаеўрапейскія народы
Катэгорыя·Лакшадвіп
Катэгорыя·Мальдывы
Катэгорыя·Народы Азіі