wd wp Пошук:

Дубічэй

Дубічэй (літ.: Dubičiai), традыцыйная беларуская назва Дубічы — вёска ў Варэнскім раёне Літвы, за 6 км на паўночны ўсход ад Ракая, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Варэны, за некалькі км ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Цэнтр сянюніі. Дубічэй знаходзіцца ў самых вярхоўях Улы, якая тут завецца Пелясай і цячэ да Крокшліса. Праз вёску праходзіць дарога 5008 ВідэняйДубічэйРакай.

Гісторыя

На паўднёвым ускрайку вёскі знаходзіцца гарадзішча (заселенае з каменнага веку), якое згадваецца ордэнскімі Die Littauischen Wegeberichte (2-я палова XIV ст.) у 84-м і 85-м маршрутах як горад і замак Dubitz або Dobiczcze[1]. Да канца XIV — пачатку XV ст. напэўна ўваходзіла ў склад Скалвенскага староства з цэнтрам ў Скалеве, а потым у Радуні[1]. У канцы XIV — пачатку XV ст. напэўна фундацыяй вял.кн. Вітаўта ў Дубічах пабудаваны першы касцёл, цэнтр парафіі. Вялікі князь Вітаўт абраў Дубіцкі замак сваёй паляўнічай рэзідэнцыяй і часта бываў тут, вядома некалькі яго лістоў адрасаваных з Дубічаў, ад 28.3.1397, 29.3.1413, 6.3.1415, 26.2.1426, 17.3.1427, 15.3.1430 года[2]. У Дубічы, хворай вітаўтавай жонцы вял.кн. Юліяніі, дасылаў лекі і цукар вялікі магістр Тэўтонскага ордэна[3].

У 1487—1489 гады у Кнізе данін вял.кн. Казіміра згадваецца ўжо Дубіцкае староства («Дубичское волости», «у Дубичох»). Пазней цэнтр староства з Дубічаў перанесены ў Каняву, бо ў попісах войска XVI ст. каняўскія баяры запісваліся ў асобны рэестр (харугву), а дубіцкага рэестра не было. Пры гэтым Дубічы і Канява даваліся ў кіраванне адной асобе, так цівуном дубіцкім і каняўскім у 1495 і 1511 гадах быў Мікалай Юндзілавіч, ён жа за 6000 коп грошаў стаў дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім.[1]

У 1504 годзе ўладанні ў Дубіцкай воласці набыў князь Васіль Глінскі. У 1512 годзе ў Дубічах згадваецца гаспадарскі «двор» — цэнтр Дубіцкай воласці. У 1529 годзе цэнтр парафіі з Дубічаў перанесены ў Начу, дубіцкі касцёл стаў філіяльным, у 1540 годзе каралева Бона перанесла цэнтр парафіі ў Радунь[3]. Паводле ўхвалы сойма 1529 года Дубічы разам з Канявай мусілі плаціць 5 коп грошай серабшчыны[3]. Дубіцкаму касцёлу належала вёска Манталы з падданымі[3]. У XVI ст. ў Дубічах згадваецца дзве карчмы.

Да 1520 года дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў брат Мікалая Юндзілавіча — Ян. У 1520 годзе дзяржаву ў Яна Юндзілавіча выкупіў Андрэй Якубавіч Давойнавіч, адначасова дзяржаўца эйшышцкі. На пачатку 1530-х гадоў дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў Анікей Гарнастай, у 1546—1549 — Станіслаў Кезгайла, у 1551 — Шымка Мацкавіч, у 1565 — Рыгор Валовіч[4].[1]

Падчас вайны 1654—1667 гадоў, у 1655—1661 гадах Дубічы акупаваны маскоўскімі войскамі і зруйнаваны. З касцёльнага інвентара 1700 года вядома старая драўляная цудадзейная скульптура Ісуса Назарэцкага[3]. У 1765 годзе мястэчка Дубічы з воласцю належала кашталяну мсціслаўскаму Юзафу Скуміну Тышкевічу і яго жонцы Ганне з Пацеяў, тады у мястэчку было 12 двароў і карчма ў арэндзе[5].

У 1842 годзе расійскія ўлады секулярызавалі касцёльны маёнтак Манталы. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў каля Дубічаў 4 мая 1863 года адбыўся бой паміж паўстанцаў на чале з Людвікам Нарбутам (сынам гісторыка Тэадора Нарбута) і атрадам імператарскай арміі, у баі загінуў камандзір і 12 паўстанцаў. Пасля паўстання царскія ўлады закрылі і знеслі касцёл, начынне з яго, у т.л. скультуру Ісуса, перанеслі ў Начу[3].

У 1908 годзе ў Дубічах пабудаваны новы касцёл, тады паміж дубіцкімі і нацкімі парафіянамі пачалася спрэчка за скульптуру Ісуса са старога касцёла, спрэчка трывала некалькі гадоў і скончылася вырабам копіі і выцягваннем жэрабя, цяпер не вядома якая парафія выцягнула арыгінал[3].

У 1920 годзе тэрыторыя занята Польшчай. Паводле польскага перапісу 1921 года, у Дубічах жыло 330 чалавек, з якіх 296 запісаліся літоўцамі, 31 палякамі і 3 яўрэямі. У 1920—1930 гадах у Каняўскім павеце, у 1930—1939 гадах у Варэнскім павеце. З 15.1.1940 да 3.8.1940 года ў Радунскім раёне БССР. З 17.2.1941 года ў Руднянскім павеце Літвы.

Падчас 2-й сусветнай вайны ў 1943 годзе немцы спалілі частку вёскі. У савецкі час цэнтр калгаса.

Базавая школа, бібліятэка, пошта (LT-65015).

Указам Прэзідэнта ад 16.7.2015 года № 1К-397 зацверджаны герб Дубічэй[6]. 9.12.2005 года зарэгістравана грамада Дубічэйскага края.

Адміністрацыйнае падпарадкаванне

Насельніцтва

Дынаміка насельніцтва з 1795 па 2011
1795 1866 1905[7] 1921[8] 1959пер.[9] 1970пер.[10]
108 100 301 330 326 477
1976[11] 1979пер.[12] 1985[13] 1989пер.[14] 2001пер.[15] 2011пер.[16]
479 452 405 462 388 291

Выдатныя мясціны

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Насевіч В. Літва ў XIV стагоддзі // Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. — Вып. 3. — Мінск: Выд. А. М. Вараксін, 2016. — С. 5-45.
  2. Паводле Codex epistolaris Vitoldi. — Krakow, 1882.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Шымялевіч, 2019, с. 73.
  4. Boniecki A. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. — Warszawa, 1887. — S. 87, 112, 347, 383. Dodatek, s. XXVIII, XXX.
  5. Інвентар Дубіцкага староства // Лідчына ў люстратарскім інвентары 1765 г. (паводле Lustracja starostw, dzierzaw i innych Królewszczyzn w powiecie Lidzkim sytuowanych w r. 1764. AGAD Ф. 11. Спр. 30) / Укл. Л. Лаўрэш. — Эл. рэсурс pawet.net — Дата доступу 17.6.2021
  6. Гошкевич И. И. Виленская губернія: Полный списокъ населенныхъ мѣстъ со статистическими данными о каждомъ поселеніи, составленный по оффиціальнымъ свѣдѣниямъ. – Вильна, 1905.
  7. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych, tomy I–VII. – Warszawa, 1923.
  8. Dubičiai. Mažoji lietuviškoji tarybinė enciklopedija(літ.) бел., T. 1 (A–J). Vilnius, Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1966, 436 psl.
  9. Lietuvos TSR kaimo gyvenamosios vietovės 1959 ir 1970 metais (Visasąjunginių gyventojų surašymų duomenys). Vilnius: Centrinė statistikos valdyba prie Lietuvos TSR Ministrų tarybos, 1974.
  10. Dubičiai. Lietuviškoji tarybinė enciklopedija, III t. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1978. T.III: Demokratinis-Garibaldžio, 178 psl.  (літ.)
  11. Lietuvos TSR kaimo gyvenamosios vietovės (1979 metų Visasąjunginio gyventojų surašymo duomenys). Vilnius: Lietuvos TSR Centrinė statistikos valdyba, 1982.
  12. Dubičiai. Tarybų Lietuvos enciklopedija[lt], T. 1 (A-Grūdas). Vilnius, Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1985, 462 psl.  (літ.)
  13. Kaimo gyvenamosios vietovės (1989 metų Visuotinio gyventojų surašymo duomenys). Vilnius: Lietuvos Respublikos Statistikos departamentas, 1993.
  14. Alytaus apskrities gyvenamosios vietovės ir jų gyventojai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2002.
  15. Gyventojai gyvenamosiose vietovėse: Lietuvos Respublikos 2011 metų gyventojų ir būstų surašymo rezultatai. Vilnius: Statistikos departamentas, 2013.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Населеныя пункты Варэнскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта