wd wp Пошук:

Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш

Леанід Лявонцьевіч Ла́ўрэш (нар. 1 сакавіка 1963, Ліда) — беларускі пісьменнік і краязнавец, незалежны даследчык.

Біяграфія

Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985)[1]. Па адукацыі інжынер[2]. Стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net[1]. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2017). Жыве ў Лідзе. Мае жонку, сына, нявестку і ўнука.

Дзейнасць

Сфера навуковых інтарэсаў Л. Лаўрэша — краязнаўства і гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі. Навуковая зацікаўленасць гісторыяй Лідчыны тычыцца шырокага часавага дыяпазону — ад першабытнасці да часоў Заходняй Беларусі (1921—1939). Асобна цікавіцца еўрапейскімі падзеямі канца XIV -пачатку XV ст., якія закранулі Лідчыну. Удзельнік творчага калектыву ГрДУ імя Я. Купалы, які па заданні Інстытута гісторыі НАНБ выконвае навукова-даследчую работу па канфесійнай гісторыі Беларусі ХІХ ст.[1]

Публікуецца з 2000 года. Першыя артыкулы былі вынікам вандровак па Лідчыне, падчас якіх у в. Ішчална быў знойдзены дзейны сонечны гадзіннік (мусіць адзіны ў Беларусі), а ў в. Бабры — неапісаны камень-следавік.[1]

Выказаў уласную гіпотэзу пра месца заключэння Востраўскага пагаднення (1392). Распрацоўваў тэму удзелу англійскіх арыстакратаў, персанажаў У. Шэкспіра — Генры Ланкастэра, Генры Персі Хотспура, Джона Бафорта і інш., у вайне Тэўтонскага ордэна супраць Вялікага княства Літоўскага. Пісаў пра адбітак войнаў і паўстанняў у XIX ст. — вайны 1812 г., паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, у гісторыі Лідчыны. Звяртаецца і да пытанняў эканамічнай гісторыі Ліды і Лідчыны. Рэканструяваў раней невядомыя моманты з гісторыі многіх паселішч Лідчыны. Частка артыкулаў Л. Лаўрэша прысвечана і архітэктурным помнікам, архітэктуры готыкі і рамантызму на Лідчыне.[1]

Распрацоўвае канфесійную гісторыю Лідчыны, аўтар артыкулаў пра асобныя прыходы, храмы і капліцы. Зрабіў уклад у царкоўнае краязнаўства. Пры гэтым, мабыць першым у Беларусі, заняўся царкоўным краязнаўствам уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы. У кнізе «Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне» (2012) паказаў у кантэксце аналагічных усходнееўрапейскіх працэсаў царкоўна-рэлігійныя працэсы на Лідчыне ў ХVI-ХХ ст., апісаў адбітак стварэння, дзейнасці і ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Беларусі на гісторыі Лідчыны. Кніга заснавана на багатым факталагічным матэрыяле, з апублікаваннем дакументаў у Дадатках. Прэзентацыя кнігі выклікала пэўны рэзананс.[1]

Даследуе гісторыю прыродазнаўчых навук у Беларусі. Асобная сфера даследаванняў Л. Лаўрэша ў гэтай галіне — астраномія, ёй прысвечаны шэраг артыкулаў і кніга нарысаў «І зорнае неба над галавой…» (2013).[1]

Прафесар С. В. Марозава лічыць, што кніга Лаўрэша «Маламажэйкаўская царква» — не звыклы краязнаўчы нарыс: «Чым далей чытаеш, тым больш разумееш веліч і трагізм нашай мінуўшчыны… Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы. … Старонка за старонкай мы гартаем кнігу гісторыі Маламажэйкаўскай царквы даўжынёй у 500 год. Мы знаёмімся з падзеямі і людзьмі: уладальнікамі Мажэйкава, „калятарамі“ царквы (дабрадзеямі і самадурамі), са шматлікімі прэтэндэнтамі на сам храм і яго маёмасць, рэліквіі, землі. З дзяржаўнымі мужамі і мясцовымі чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма. Перад намі праходзіць цэлы шэраг прадстаўнікоў духоўнага саслоўя: ад вышэйшых царкоўных іерархаў да шараговых святароў. Дарэчы, Лаўрэш аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма, пачынаючы з сярэдзіны ХVII ст.»[3]

У 2017 годзе выйшла кніга «Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900—1939 гг.». Прафесар А. Ф. Смалянчук адзначыў, што кніга «ў пэўным сэнсе ўнікальная. Гэта свайго роду хроніка мінулага Ліды, складзеная карэспандэнтамі шматлікіх газет і часопісаў, у якой адлюстравалася жыццё горада і наваколляў у першае саракагоддзе ХХ ст … [Кніга] дазваляе зазірнуць у малавядомыя старонкі гісторыі горада і наваколляў у апошнія гады існавання Расейскай Імперыі, у часы ваенных выпрабаванняў, якія працягваліся для Лідчыны доўгія 7 гадоў — з 1914 па 1921. Шмат месца ў кнізе займае хроніка горада міжваеннага перыяду, калі Ліда знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі. Гэтыя старонкі прыцягваюць асаблівую ўвагу ў сувязі з тым, што ў ранейшыя часы гэты перыяд гісторыі звычайна адпраўлялі ў забыццё. Кніга заканчваецца падзеямі, у якіх адчувальны подых Другой сусветнай вайны…»[4].

100-годдзю БНР прысвечана біяграфія генерала ад інфатэрыі і міністра абароны БНР К. А. Кандратовіча. Хабілітаваны доктар з універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні Дарота Міхалюк у прадмове да кнігі, сярод іншага напісала: «На стагоддзе аб’вяшчэня Беларускай Народнай Рэспублікі ў рукі чытача патрапляе біяграфія генерала Кіпрыяна Кандратовіча … Вяртанне на старонкі гісторыі гэтай постаці адбылося дзякуючы пісьменніку і гісторыку Леаніду Лаўрэшу, які ўжо каля дваццаці гадоў даследуе лёс генерала і публікуе працы пра яго жыццё. Ягонай заслугай з’яўляецца адшуканне магілы генерала, пахаванага каля царквы ў Воранаве. … Праца мае высокую навуковую каштоўнасць, бо падмацавана дакументамі і добра напісана. … Аўтар не толькі з захапленнем праводзіць нас праз жыццё генерала Кіпрыяна Кандратовіча, але таксама дзеліцца з чытачом этапамі сваіх пошукаў і даследаванняў і паказвае, якой надзвычай захапляльнай можа быць праца гісторыка»[5].

У 2020 г. выйшла кніга «Шпацыры па старой Лідзе». Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч лічыць, што кніга гэта плён шматгадовай працы лідскага пісьменніка і краязнаўца Леаніда Лаўрэша, «працы архіўнай, гістарыяграфічнай, але таксама і даследчыцка-палявой, менавіта, апытання сталых жыхароў горада пра падзеі XX ст. Строга падыходзячы да справы, тут не зусім пасуе слова “краязнаўства” як да кнігі, так і да яе аўтара, бо яно асацыіруецца з аматарствам. Больш дакладным будзе акрэсленне “рэгіянальная гісторыя”, бо мы маем выкладзенае ў папулярнай форме навуковае даследаванне. Кніга Лаўрэша - як вяршыня айсберга, менавіта яго частка, найбольш відочная і даступная для людскога ўспрыймання. Па-за полем зроку застаецца “падводная” частка - нашмат большая як па працягласці, так і па аб’ёму праробленай працы. Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна ўяўляе сабой прадукт гістарычнага даследавання, даведзены да канцавой мэты - масавага чытача. Але яна - не прадукт масавай культуры. Напісаная добрай выразнай мовай ў апоры на грунтоўным крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку - кніга прэзентуе культуру прафесійную»[6].

Шэраг публікацый Л. Лаўрэша прысвечана рэчавым, вусным, пісьмовым і выяўленчым крыніцам рэгіянальнай гісторыі, у т.л. каменным магілам, камяням-следавікам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам.[1]

Таксама даследуе біяграфіі і дзейнасць вядомых ураджэнцаў Лідчыны, у т.л. звяртае ўвагу на забытыя і малавядомыя імёны. Апублікаваў шэраг біяграм і біяграфічных даследаванняў, у т.л. Кіпрыяна Кандратовіча, Яўгена фон Гротэ дэ Буко, Дзіянісія Хлявінскага, Антонія Гарэцкага, Францішка Нарвойша, Аляксандры Нарбут, Цэзарыя Каменскага, Віктара Басяцкага, Марціна Пачобут-Адляніцкага, Яна Снядэцкага, Вітольда Цэраскага, Гаўрылы Ціхава і інш.[1]

Аўтар 12 кніг (гл. спіс ніжэй) і больш за 300 артыкулаў. Сталы аўтар газеты «Наша слова», часопіса «Лідскі летапісец», «Маладосць», «Гістарычны альманах» і розных навуковых зборнікаў.

Удзельнік многіх навуковых гістарычных канферэнцый і круглых сталоў, дзе выступае па лідскай тэматыцы[7].

Ацэнкі

Як заўважыла доктар гістарычных навук С. Марозава, краязнаўчымі даследаваннямі Л. Лаўрэш робіць значны ўклад у пашырэнне ведаў пра гісторыю Лідчыны, пазнанню яе месца і значнасці ў еўрапейскім гістарычным кантэксце[8].

Асноўныя публікацыі[9]

Кнігі

З’яўляецца ўкладальнікам:

Артыкулы

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Марозава С. В. Сфера навуковых… С. 23.
  2. Шчарбачэвіч Ніна. Леанід Лаўрэш:… С. 7.
  3. «Пасля адкрыццяў, якія зрабіў Лаўрэш, пра Мураванку можна складаць вершы» // nashaniva.by, 10.02.2017, 22:52
  4. Гісторыя Лідчыны на старонках старых газет — выйшла даследаванне Лявона Лаўрэша // nashaniva.by, 27.01.2018, 11:52
  5. Кіпрыян Кандратовіч: генерал Расійскай імперыі, які падтрымаў БНР // nashaniva.by, 28.05.2018, 15:21
  6. НАША СЛОВА № 8 (1471), 19 лютага 2020 г.
  7. Марозава С. В. Сфера навуковых… С. 23-24.
  8. Марозава С. В. Сфера навуковых… С. 24.
  9. Спіс важнейшых публікацый… С. 24-26.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Краязнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1963 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лідзе
Катэгорыя·Выпускнікі БНТУ