wd wp Пошук:

Дзмітрый Міхайлавіч Струкаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Струкаў.

Дзмітрый Міхайлавіч Стру́каў (руск.: Дмитрий Михайлович Струков; 18281899) — рускі мастак-рэстаўратар і археолаг.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і Міхаіла Данілавіча Струкава, з дванаццаці гадоў, які навучаўся ў аднаго з лепшых краўцоў — Гусева. У 1830 годзе, у час халеры, сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад, а праз пяць гадоў — у Верхатур’е, затым — у Ніжні Тагіл. Па вяртанні ў Маскву, у 1840 годзе Дзмітрый Струкаў паступіў у рысавальную школу (пасля — вядомае Строганаўскае вучылішча). У чацвёртым класе школы, па запрашэнні старосты сяла Люберцы, ён напісаў абразы ў іканастасе мясцовай царквы і алоўкавы партрэт самага старосты; шмат маляваў з натуры.

У 1849 годзе з яго дапамогай была адкрыта рысавальная школа пры Тройца-Сергіевай Лаўры, якая стала пасля вядомай школай іканапісу. У гэтым жа годзе Д. М. Струкавым быў складзены «Даведнік да маскоўскай святыні» — падрабязны даведнік па праваслаўнай Маскве, дзе былі сабраны і сістэматызаваны звесткі пра маскоўскія праваслаўныя святыні, складзены поўны спіс цудатворных ікон.[2]

У 1850 годзе Д. М. Струкаў быў запрошаны настаяцелем Сароўскай пустыні маляваць помнікі гэтага манастыра. Прыняў удзел у адкрыцці школы малявання пры Дзівееўскім жаночым манастыры. З гэтага часу ён стаў шмат падарожнічаць па Расіі, замалёўваючы храмы і манастыры Ніжняга Ноўгарада, Уладзіміра, Мурама, заходніх губерняў; быў на Каўказе, у Крыме.

У 1853 годзе па заканчэнні курсу навучання атрымаў званне някласнага мастака па партрэтным акварэльным жывапісе. У гэты ж час ён выканаў копію з Грабнёўскай іконы Маці Божай з Грабнёўскай царквы на Мясніцкай, якая была паднесена імператару і мастак атрымаў у якасці ўзнагароды пярсцёнак з дыяментамі і адкрытае пасведчанне для малявання старажытнасцей у манастырах і цэрквах.

З 1858 года стаў выдаваць часопіс «Школа рисования» («Школа малявання»)[3], у якім змяшчаў малюнкі са старажытных літар (буквіц) і заставак (мініяцюры, політыпажы) і іншых помнікаў з кароткімі артыкуламі пра старажытнарускае мастацтва. Часопіс выдаваўся ім да 1863 года; доўг, які ўтварыўся ад выдання, Струкаў выплачваў затым амаль 25 гадоў.

У 1859 годзе ён быў запрошаны ў Зброевую палату для капіравання музейных помнікаў; з 1860 года ён быў зацверджаны мастаком Зброевай палаты. На гэтай пасадзе ім было адрэстаўравана 13 старажытных сцягоў з фондаў музея. У гэты ж час Струкаў займаўся разборкай калекцыі П. І. Севасцьянава, перададзенай у Румянцаўскі музей.

Д. М. Струкаў быў вымушаны шмат выкладаць у розных навучальных установах: У Сергіеўскай школе пры маскоўскім камітэце Імператарскага чалавекалюбнага таварыства (1870-я — 1880-я), Маскоўскім універсітэце (1873), у 3-й жаночай гімназіі, Маскоўскім камерцыйным вучылішчы. Ім быў выпрацаваны адмысловы метад навучання, які дазваляў хутка навучыць маляваць любога чалавека; ім за кароткі тэрмін было навучана 200 салдат Парнаўскага палка. За гэты метад ён быў узнагароджаны сярэбраным медалём на Усерасійскай выстаўцы ў Маскве і неўзабаве абраны ў члены Французскай акадэміі прыгожых мастацтваў.

У 1860 годзе ён удзельнічаў у рэстаўрацыі сабора Новаіерусалімскага манастыра.

Па запрашэнні царкоўных улад ён фіксаваў у малюнках такія праваслаўныя ўрачыстасці, як адкрыццё ў 1861 годзе мошчаў свяціцеля Ціхана ў Задонску.

У 1864 годзе Віленскі генерал-губернатар граф М. М. Мураўёў запрасіў Струкава для ўдзелу ў мастацкай экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі. Асноўнай задачай экспедыцыі было «адшуканне ў краі старажытнарускіх помнікаў ці, прынамсі, слядоў тых з іх, якія ў сляпой нянавісці да праваслаўя і рускай народнасці былі знішчаны». У час экспедыцыі мастак замалёўваў каляровай акварэллю захаваныя помнікі культуры і архітэктуры. Плёнам экспедыцыі стаў альбом са 199-ці замалёвак[4]. Знешні выгляд многіх помнікаў архітэктуры цяпер вядомы толькі па працах Д. М. Струкава.

Зрабіў замалёўкі: населеных месцаў — Полацка, Магілёва, Нясвіжа, Рагачова, мяст. Раманава (сучасная в. Леніна Слуцкага раёна) і інш.; помнікаў архітэктуры — манастыроў Куцеінскіх Богаяўленскага і Успенскага ў Оршы, Спаса-Ефрасіннеўскага ў Полацку, Барысаглебскага ў Бельчыцах, Маркава ў Віцебску; цэркваў у мяст. Раманава, Ільінскай і Троіцкай у Віцебску, Барысаглебскай і Крыжаўзвіжанскай у Магілёве, Петрапаўлаўскай у Мінску і Маладзечне; Слуцкай брамы ў Нясвіжы; фрагментаў асобных збудаванняў — скляпенняў Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, твораў выяўленчага і дэкаратыўнага-прыкладнога мастацтва (у т. л. крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Праводзіў архітэктурна-археалагічныя пошукі на Беларусі. Дзённікі, палявыя запісы, малюнкі Струкава — каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі беларускага дойлідства; захоўваюцца ў Вільнюскім універсітэце, Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі ў Маскве і ў Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН Расіі[5].

У 1869 годзе па ініцыятыве Струкава было прынята рашэнне адкрыць у Маскоўскім таварыстве аматараў духоўнай асветы аддзяленне іканазнаўства, куды ўказам Сінода было прадпісана настаяцелям храмаў і манастыроў перадаваць «занадта састарэлыя і аблезлыя Св. іконы». Для збору было адведзена адмысловае месца ў Чудавым манастыры, асвячонае 23 снежня 1870 года. Паступова было сабрана больш за 300 старадаўніх ікон. Па думцы Струкава гэты збор мусіў выкарыстоўвацца ў іканапіснай школе. У 1870 годзе па ініцыятыве Струкава ў Заіканаспаскім духоўным вучылішчы былі адкрыты класы малявання, а ў верасні 1873 года на Вялікай Ардынцы — у доме, ахвяраваным Д. І. Хлудавым[6] было адкрыта іканапіснае вучылішча. Аднак, пасля, большая частка ікон была перададзена ў бедныя сельскія храмы.

У 1871 годзе яму была даверана рэстаўрацыя жывапісу храма Васіля Блажэннага. У гэты ж час ён выконваў заказ для храма Раства Багародзіцы ў Старым Сіманаве. У 1873 годзе Д. М. Струкаў, як знаўца дапятроўскай даўніны, быў запрошаны да ўдзелу ў аднаўленні храма Іаана Лесвічніка ў другім ярусе званіцы Івана Вялікага — па яго чарцяжах і пад яго наглядам быў збудаваны іканастас і распісаны сцены.

У 1860-я — 1880-я гады, як член Імператарскага археалагічнага таварыства, Струкаў неаднаразова ездзіў у Крым, дзе зрабіў шэраг важных археалагічных знаходак, напрыклад — Зелянчуцкі надпіс; ім была напісана праца: «Жыціі Святых Таўрычаскіх» (1886).

У 1883 годзе стаў адным з заснавальнікаў Рускага гімнастычнага таварыства.

Калі ў 1880-я гады яго сыну, М. Д. Струкаву, было даручана аднавіцьКутузаўскую хату, якая згарэла ў 1867 годзе, Дзмітрый Міхайлавіч быў запрошаны для аднаўлення яе інтэр’ераў. У гэты ж час Д. М. Струкаў арганізаваў уласную майстэрню па вытворчасці ікон і царкоўнага начыння ў старажытнарускім стылі[7].

Пахаваны на могілках Данскога манастыра [8].

Узнагароды

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 Dmitrij Mihajlovič Strukov // MAK
  2. Путеводитель к московской святыне. — М.: Типография Александра Семена на Софийской улице, 1850. — 226 с.
  3. Школа рисования // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  4. Б. Ж. Северо-Западная старина // Полесская жизнь. — 1911. — 1 февраля. — С. 2-3.
  5. Папова Ія Міхайлаўна // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  6. Ныне — дом № 22.
  7. У абвестцы аб майстэрні пазначаны адрас для асабістых тлумачэнняў замоўцаў: «… каля Неабпальнай Купіны ў Крывым зав., дом Вінаградава».
  8. Магіла страчана, але адно з захаваных надмагілляў з цалкам страчанымі надпісамі магло належаць яму, калі выказаць здагадку, што помнік ставіў яго сын-архітэктар.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі ў Маскве
Катэгорыя·Мастакі Расіі
Катэгорыя·Археолагі Расіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Маскве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Пахаваныя ў некропалі Данскога манастыра
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1828 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі МДМПА імя С. Р. Строганава
Катэгорыя·Памерлі ў 1899 годзе
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пахаваныя на Данскіх могілках