wd wp Пошук:

Джон Традэскант старэйшы

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Традэскант.

Джон Традэскант старэйшы (англ.: John Tradescant the elder, каля 1570 — 15 (16) красавіка 1638) — англійскі натураліст, садоўнік, батанік і падарожнік; калекцыянер рэдкасцей.

Кароткая біяграфія

Верагодна, нарадзіўся ў Сафалку, Англія. Працаваў на пасадзе старэйшага садоўніка ў графа Солсберы. У 1610 годзе той адправіў Джона Традэсканта ў яго першае падарожжа — у Нідэрланды за фруктовымі дрэвамі.

У 16151623 гадах займаўся праектаваннем садоў на тэрыторыі кентэрберыйскага абацтва Святога Аўгусціна.

У 1618 годзе Джон Традэскант пабываў у расійскай Арктыцы — у Нікало-Карэльскім манастыры на Белым моры (сучасны Северадзвінск). Ён стаў «першым навукоўцам, хто заняўся вывучэннем рускай фаўны і флоры»[1].

У 1620 годзе разам з экспедыцыяй, адпраўленай на барацьбу з піратамі, быў у Леванце і Алжыры.

Джон Традэскант старэйшы. Гравюра Вацлава Холара

Пазней ён працаваў садоўнікам у Джорджа Вільерса, першага герцага Бекінгема, фаварыта караля і міністра, займаючыся пераабсталяваннем яго садоў. Па заданні герцага ў 1624 годзе ён ізноў ездзіў у Нідэрланды. Разам з герцагам ён ездзіў у Парыж, а таксама ўдзельнічаў у якасці інжынера ў няўдалай ваеннай кампаніі англійскіх войскаў на востраве Рэ (фр.: Ile de Re) з мэтай зняцця аблогі Ла-Рашэлі (1627). Пасля таго, як герцаг Бекингем у 1628 годзе быў забіты, у 1630 Джон Традэскант быў нечакана прызначаны каралём на пасаду захавальніка садоў, вінаграднікаў і шаўкапрада Яго Вялікасці ў палацы ў Сурэі.

Калекцыі

Ва ўсіх сваіх падарожжах ён збіраў насенне і цыбуліны, а таксама розныя прыродныя і этнаграфічныя дзівы. Усе гэтыя прадметы, а таксама ўзоры, якія Традэскант атрымліваў праз амерыканскіх каланістаў, паступалі ў яго вялікі дом у Ламбеце (цяпер гарадская акруга Лондана), вядомы пад імем «каўчэг» (англ.: The Ark). Калекцыя Традэсканта стала асновай першага публічнага музея ў Англіі — Musaeum Tradescantianum. Яго збор раслін склаў аснову Эшмалеанскага музея ў Оксфардзе.

Іншая інфармацыя

Сын Джона Традэсканта, таксама Джон, вядомы пад імем Джон Традэскант малодшы (16081662), быў, як і бацька, падарожнікам, садоўнікам, батанікам і збіральнікам рэдкасцей, ездзіў за раслінамі для ламбецкага саду ў Вірджынію (ЗША)[2].

Карл Ліней у гонар Джона Традэсканта старэйшага і яго сына назваў род паўночнаамерыканскіх травяністых раслін сямейства Commelinaceae — традэсканцыя (Tradescantia)[3].

Джон Традэскант старэйшы — герой рамана англійскай пісьменніцы Філіпы Грэгары (нар. 1954) «Зямныя радасці» (англ.: Earthly Joys, 1998)[4].

Джон Традэскант старэйшы сябраваў з іншым вядомым англійскім батанікам — Джонам Паркінсанам.

Зноскі

  1. Вернадский В. И. Труды по истории науки в России / Сост. Бастракова М. С., Неаполитанская В. С., Фирсова Г. А. — М.: Наука, 1988. — С. 156. — 404 с. — ISBN 5-02-003321-9.
  2. Навукова-тэхнічны энцыклапедычны слоўнік — Традэскант (Праверана 17 снежня 2009)
  3. Wolfram George Schmid. An encyclopedia of shade perennials. Timber Press, 2002. ISBN 0-88192-549-7 (англ.)
  4. Інфармацыя пра кнігу Earthly Joys на афіцыйным сайце Філіпы Грэгары Архівавана 13 ліпеня 2010. (англ.)  (Праверана 12 жніўня 2010)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Сафалку
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Батанікі Англіі
Катэгорыя·Далінееўскія батанікі
Катэгорыя·Садоўнікі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 15 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1570 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1638 годзе